Радзімічы

усходнеславянскі саюз плямёнаў

Радзі́мічы (этнонім ад імя Радзім) — усходнеславянскае этнапалітычнае аб'яднанне (саюз плямёнаў).

Мініяцюра Радзівілаўскага летапісу: перамога Воўчага Хваста, ваяводы кіеўскага князя Уладзіміра Святаславіча, над радзімічамі на рацэ Пішчані ў 984 годзе

Пад час славянскай каланізацыі рассяляліся з захаду на ўсход. Відаць, пад ціскам авараў прыйшлі з Верхняга Паднястроўя або з Павіслення ў Пасожжа (гл. вяцічы), магчыма, гвалтоўна[1] выціснуўшы адтуль крывічоў на Верхняе Паволжа[2][3] і севяран на Дзясну[1]. Па занятай імі тэрыторыі значна саступалі дрыгавічам і крывічам, аднак лічыцца, што прыкметна паўплывалі на ўтварэнне беларускай народнасці.

Летапісныя сведчанні правіць

Месца рассялення радзімічаў ­— вадазбор Сажа. У Аповесці мінулых часоў гаворыцца «…и пришедъша седоста Радимъ на Съжю, и прозвашася радимичи»[4].

У летапісным пераліку княжанняў радзімічаў няма. Аднак з іншых месцаў летапісаў зразумела, што радзімічамі кіравалі племянныя правадыры, яны мелі сваё войска і да апошніх дзесяцігоддзяў X ст. захоўвалі самастойнасць.

У 885 годзе кіеўскі князь Алег усталяваў сваю ўладу над радзімічамі, якія да гэтага плацілі даніну хазарам:

  И посла к радимичем, река: «Кому дань даеть?» Они же ръша: «Козаромъ». И рече имъ Олегъ: «Не дайте козаромъ, но мнъ давайте». И даша Олгови по щълоягу, якоже и козаром даяху. И бъ Олегъ обладав поляны, и деревляны, и съверяны, и радимичи, а съ суличи и тиверци имеаша рать[5].  

У 907 годзе ў складзе войска Алега радзімічы ўдзельнічалі ў легендарным паходзе на Візантыю:

  Иде Олегъ на Грекы. Игоря остави в Киевъ, поя множество варяг, и словенъ, и чюд(и), и словене, и кривичи, и мерю, и деревляны, и радимичи, и поляны, и съверо, и вятич(и), и хорваты, и дулъбы, и тиверци, яже сут(ь) толковины: си вси звахутьс(я) от грекъ Великая Скуф(ь)[6].  

У 984 годзе адбыўся новы паход на радзімічаў. Ваявода кіеўскага князя Уладзіміра Святаславіча Воўчы Хвост сустрэўся з войскамі радзімічаў на рацэ Пішчані[7] (прыток Сажа, каля сучаснага Слаўгарада) і разбіў іх. Апошні раз радзімічы згадваюцца ў летапісах пад 1169 годам.

Да XII ст. належаць пісьмовыя звесткі пра гарады радзімічаў — Крычаў (Кречют, 1136), Прапойск (Прупой ці Прапошаск, 1136), Гомель (Гомий, 1142), Рагачоў (1142), Чачэрск (Чичерск, 1159). Найбуйнейшым горадам быў Гомель[8].

Археалогія правіць

З прычыны відавочнага недахопу пісьмовых крыніц вывучэнне радзімічаў немагчыма без прыцягнення шырокага кола рэчыўных крыніц. Найбольш плённымі ў гэтым плане з’яўляюцца археалагічныя даследаванні старажытных курганоў. У XIX ст. раскопкамі курганоў радзімічаў займаліся: М. Турбін, А. Увараў, М. Філонаў, Е. Раманаў, Д. Самаквасаў, П. Яроменка, В. Антановіч, М. Фурсаў, С. Чалоўскі[9] і У. Сізаў.

У першай палове XX ст. даследаванні курганоў крывічоў вялі такія даследчыкі як С. Сакалоўскі, І. Юшчанка, І. Сербаў, К. Палікарповіч, С. Дубінскі, С. Бабрыкін, С. Дзееў і П. Ткачэўскі. У другой палове ­— Ф. Завярняеў, В. Падзін, І. Арцеменка, Г. Салаўёва, Я. Рыер і В. Багамольнікаў. Напрыклад, В. Падзін даследаваў радзіміцка-северскі Кветунскі могільнік.

У XIX ст. у Пасожжы выявілі вельмі шчыльную канцэнтрацыю сяміпрамянёвых скроневых колцаў, якія лічацца асноўнай этнавызначальнай прыкметай.

У 1932 годзе выйшла манаграфія Б. Рыбакова[10], у якой радзіміцкія курганы і іх рэчавыя інвентары атрымалі навуковую сістэматызацыю. Апроч таго, Б. Рыбакоў акрэсліў абсяг рассялення радзімічаў і паказаў храналагічную эвалюцыю радзіміцкіх курганоў.

Калі меркаваць па распаўсюджанні сяміпрамянёвых скроневых колцаў, то радзіміцкая тэрыторыя ў X—XII стст. займала галоўным чынам нізоўе і вярхоўе Сажа і міжрэчча Сажа і Дняпра. Парэчча Дняпра было памежжам радзімічаў з дрыгавічамі. Пры гэтым прыкметна пранікненне дрыгавічоў на тэрыторыю суседзяў. На паўднёвым усходзе радзімічы суседнічалі з севяранамі. Мяжа паміж імі праходзіла ў міжрэччы Сожа і Дзясны, толькі ў асобных месцах арэал радзімічаў дасягаў Дзясны, і на яе левых прытоках радзімічы датыкаліся з вяцічамі ці севяранамі.

На тэрыторыі радзімічаў размяшчаецца даволі мала курганоў з пахаваннямі паводле абраду трупаспалення. Асноўная частка іх знаходзіцца па берагах буйных рэчак ­— Сажа, Іпуці і Бесядзі. Асаблівасцю радзіміцкага арэала з’яўляецца рэзкая перавага курганоў з трупаспаленнем на месцы. Пры гэтым спаленне праводзілася ў большасці выпадкаў не на гарызонце, а на так званай падсыпцы. Г. Салаўёва выказала здагадку, што курганы з трупаспаленнем у насыпы можна лічыць спецыфічна радзіміцкімі[11]. Аднак падобныя насыпы сустракаюцца і за межамі радзіміцкага арэала[12]. Вядомыя і радзіміцкія курганы з трупаспаленнямі на гарызонце.

Памеры пахавальных вогнішчаў звычайна маюць авальнакруглыя абрысы. Кальцынаваныя косці часта пакідалі некранутымі. У такіх курганах можна бачыць, што памерлых клалі на вогнішча ў кірунку захад — усход. Аднак вызначыць, у які бок была накіравана галава памерлага, не атрымліваецца. Толькі ў адным кургане даследчыкам удалося вызначыць усходнюю арыентаванасць трупа. Будова пахавальных вогнішчаў нагадвае церамкі-дамавіны. У радзіміцкіх курганах былі знойдзены і сапраўдныя дамавіны.

У радзіміцкай зямлі фіксуецца некалькі выпадкаў няпоўнага трупаспалення. У такіх курганах вядомай з’яўляецца як заходняя, так і ўсходняя арыентаванасць памерлых. Датаваць іх немагчыма з прычыны адсутнасці рэчаў пры пахаваннях.

Большасць курганоў са спаленнем пазбаўлена рэчаў. Відаць, прадметы ўпрыгожанняў звычайна згаралі на пахавальных вогнішчах. Вызначыць дакладную дату радзіміцкіх курганоў з трупаспаленнямі вельмі цяжка. Аналагічныя курганы ў іншых месцах звычайна датуюць IX—X стст. Ніякіх матэрыялаў для датоўкі іх больш раннім часам у даследчыкаў няма. Раскапаныя Г. Салаўёвай курганы ў Дзям’янках па бачуркападобным пазалочаным і пасярэбраным пацеркам адносяцца да X ст.

У апошняй трэці X ст. у зямлі радзімічаў з’яўляюцца першыя пахаванні паводле абраду інгумацыі. Такія курганы больш-менш распаўсюджаныя на ўсёй тэрыторыі радзімічаў. На месцы, абраным для збудавання кургана, распальвалі вогнішча. Відаць, гэта рэлікт абраду крэмацыі памерлых. Ад такіх вогнішчаў у асновах курганоў заставаўся пласт попелу і дробных вугельчыкаў. Такое колца, званае даследчыкамі «агністым кругам», складае спецыфічную асаблівасць радзіміцкіх курганоў. Г. Салаўёва лічыць, што «агністыя колцы» належаць да X—XII стст. і ўласцівыя для насыпаў з трупапакладаннямі[13].

Звычай праводзіць рытуальныя вогнішчы на месцы пахаванняў існаваў у XI—XII стст. Але ўжо на мяжы XI і XII стст. з’яўляюцца курганы без рэштак вогнішчаў. Пахаванні ў грунтавых ямах нешматлікія.

Б. Рыбакоў на аснове знаходак манет датаваў курганы з трупапакладаннямі на гарызонце XI—XII стст., а курганы з пахаваннямі ў ямах ­— галоўным чынам XII ст.[14]. Згаджаецца з такой датоўкай і В. Сядоў[15].

Пераважае размяшчэнне памерлых у радзіміцкіх курганах з арыентаваннем на захад, хоць пахаванні з арыентаваннем галавы памерлага за ўсход таксама не рэдкія. У парных пахаваннях памерлыя, як правіла, арыентаваныя ў процілеглых кірунках: мужчыны — галавой на ўсход, жанчыны ­— на захад. Вельмі рэдка сустракаюцца жанчыны, пахаваныя галавой на ўсход. Трупапакладанні з паўночным арыентаваннем у курганах радзімічаў сустракаліся ўсяго двойчы. Такі абрад, злучае з фіна-ўграмі.

Радзіміцкі курганны інвентар даволі разнастайны, але большасць рэчаў мае мноства аналогій у курганах іншых супольнасцей. Уласна радзіміцкімі, як ужо гаварылася, з’яўляюцца сяміпрамянёвыя скроневыя колцы. Шчыткі ў іх гладкія ці арнаментаваныя дугападобнымі палоскамі. Даследчыкі заўважылі, што раннія скроневыя колцы маюць багацейшую арнаментацыю, познія ­— часцей пазбаўленыя ўзораў. Сяміпрамянёвыя ўпрыгожванні насілі па адным ці па некалькі на кожнай скроні. Яшчэ П. Яроменка заўважыў, што пры раскопках іх выяўляюць «прасунутымі праз палоску скуры, на аднолькавай адлегласці, адно ніжэй іншага»[16].

Сустракаюцца ў радзіміцкіх курганах і пахаванні з выключна пярсцёнкападобнымі скроневымі колцамі, а ў кургане каля вёскі Шапчыцы разам з пяццю сяміпрамянёвымі ўпрыгожваннямі знойдзены фрагмент драцянога завязанага колца.

Шыйныя грыўні звычайна не сустракаюцца ў валынян, палян, драўлян і дрыгавічаў, затое з’яўляюцца даволі звычайнымі для зямель радзімічаў. Найбліжэйшыя і шматлікія аналогіі гэтых упрыгожанняў знаходзяць у старажытнасцях Латвіі і Літвы. Балцкія прататыпы мае таксама шыйная грыўня з заходжанымі шматграннымі канцамі з кургана каля вёскі Луговец. Балцкае паходжанне маюць таксама зоркападобныя (прамяністыя) спражкі, касцяныя даважкі ў выглядзе сточванняў, бронзавыя спіралькі, змеегаловыя бранзалеты і іншыя рэчы, знойдзеныя ў радзіміцкіх курганах.

У радзіміцкіх курганах XIXII стст. балцкія элементы (усходняя арыентоўка, упрыгожванні) выяўляюцца ў большай колькасці, чым у арэалах іншых летапісных супольнасцей. Гэты факт можа сведчыць пра меншы ўплыў славян ці іх пазнейшы прыход на гэтыя землі[17].

Паходжанне правіць

 
Радзівілаўскі летапіс. Аркуш 11 адваротны. Першая згадка пра радзімічаў (885)

Аповесць мінулых часоў паведамляе пра ляшскае паходжанне радзімічаў: «… радимичи бо … от ляховъ»[4] і «Быша же радимичи от рода ляховъ; прешедъше ту ся вселиша, и платять, дань Руси»[18]. Гэтыя словы летапісца значна паўплывалі на шматлікіх даследчыкаў. Сярэдневяковыя польскія храністы ­— Ян Длугаш, Мацей Стрыйкоўскі і іншыя, а таксама гісторыкі XVIII і XIX стст. безумоўна вызнавалі польскае паходжанне радзімічаў.

Аляксей Шахматаў спрабаваў падмацаваць летапіснае паведамленне пра ляшскае паходжанне радзімічаў лінгвістычнымі звесткамі, спасылаючыся на тое, што абсяг радзімічаў належыць цяпер да тэрыторыі беларускай мовы, у якой маецца шмат супадзенняў з польскай[19].

Аднак Яўхім Карскі выказаўся супраць тэорыі ляшскага паходжання радзімічаў, паказаўшы самастойнае развіццё тых асаблівасцей беларускай мовы, якія збліжаюць яе з польскай[20]. Паводле меркавання Я. Карскага, летапіснае паведамленне пра ляшскае паходжанне радзімічаў сведчыць не пра тое, што яны былі ляшскім племенем, а пра тое, што яны перасяліліся на Сож з больш заходніх рэгіёнаў, дзе суседнічалі з ляшскімі плямёнамі. Гэтае меркаванне падтрымаў і Л. Нідэрле, які лічыў першапачатковай вобласцю радзімічаў вадазборы Буга і Нарава[21].

Неаднаразова рабіліся спробы вызначыць абсяг, з якога радзімічы прыйшлі на Сож пры дапамозе картаграфавання тапонімаў з асновай рад-. Аднак такія тапонімы, відаць, паходзяць ад антрапоніма Радзім, распаўсюджанага на значна большай тэрыторыі за вызначаныя рэгіёны.

На аснове звестак гідранімікі атрымалася ўстанавіць некаторае падабенства гідронімаў Пасожжа з гідронімамі невялікай дзялянкі Верхняга Паднястроўя. Менавіта рэгіён Верхняга Паднястроўя і з'яўляецца, паводле меркаванняў некаторых гісторыкаў, тым абсягам, з якога радзімічы перасяліліся на вадазбор Сажа[22].

Аднак сувязь паміж радзімічамі і дарадзіміцкім насельніцтвам Пасожжа, назіраная як у прадметах матэрыяльнай культуры, так і ў абрадах, дазваляе выказаць здагадку, што прышлыя славяне адчулі тут уплыў балцкага насельніцтва. Таксама можна меркаваць пра невялікую колькасць прышлых славян.

Большасць даследчыкаў лічыць, што этнонім «радзімічы» мае, балцкае паходжанне. Так найбольш блізкімі да гэтага паняцця з'яўляюцца літоўскія тэрміны radimas ­— знаходжанне, radimviete ­— месцазнаходжанне[23]. Г. Хабургаеў лічыў, што тэрмін «радзімічы» ўтварыўся ад гістарычна больш ранняй назвы балцкай этнічнай супольнасці, якую славянізавалі да IX—X стст.[24].

Летапіс паведамляе пра паходжанне радзімічаў ад міфічнай асобы Радзіма: «…радимичи бо и вятичи от ляхов. Бяста бо 2 брата в лясех, — Радим, а другий Вятко, — и пришедъша седоста Радимъ на Съжю, и прозвашася радимичи…»[25]. Гэтая легенда хутчэй адлюстроўвае біблейскі светапогляд аўтара, чым рэальны гістарычны факт[26]. Тым не менш, славянскі суфікс -ічы (які характэрны і для іншых беларускіх плямёнаў (крывічы, дрыгавічы), але адрозніваецца ад суфікса -яне, характэрнага для большасці славянскіх плямёнаў) сведчыць пра ўтварэнне этноніма ад асабістага імені, а не ад месца пасялення. На карысць летапісу сведчыць таксама імя прадстаўніка чэшскага княжацкага роду Слаўнікавічаў і першага гнезненскага архібіскупа Радзіма (960/970 — каля 1006).

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. а б Ермаловіч 1990, с. 38.
  2. Паводле А. А. Шахматава
  3. Ермаловіч 1990, с. 37—38.
  4. а б Повесть временных лет. — М., 2002. С. 5.
  5. Радзивиловская летопись. М. 26. Л. 11 об.
  6. Радзивиловская летопись. М. 34. Л. 14 об.
  7. Археологи нашли подтверждение, что битва при Песчанке в 984 году произошла под Славгородом (руск.)
  8. Георгій Штыхаў. Радзімічы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8. С. 67—68.
  9. М. У. Фурсов, С. Ю. Чоловский. Дневник курганных раскопок … в уездах Рогачевском, Быковском, Климовичском, Черниговском и Мстиславском. — Могилев, 1892.
  10. Рыбакоў Б. А. Радзімічы // Працы секцыі археологіі Беларускай АН. — М., 1932. С. 81—151.
  11. Соловьева Г. Ф. Славянские союзы племен по археологическим материалам VIII—XIV вв. н. э. (вятичи, радимичи, северяне). — СА, XXV., 1956. С. 141.
  12. Седов В. В. Восточные славяне в VI—XIII вв. — М., 1982. С. 154.
  13. Соловьева Г. Ф. Славянские союзы племен по археологическим материалам VIII—XIV вв. н. э. (вятичи, радимичи, северяне). ­— СА, XXV., 1956. С. 162.
  14. Рыбакоў Б. А. Радзімічы // Працы секцыі археологіі Беларускай АН. — М., 1932. С. 102.
  15. Седов В. В. Восточные славяне в VI—XIII вв. — М., 1982. С. 155.
  16. Еременко П. М., Спицын А. А. Радимичские курганы. — РАО, 8. 1895. С. 63.
  17. Седов В. В. Восточные славяне в VI—XIII вв. — М., 1982. С. 150—156.
  18. Повесть временных лет. — М., 2002. С. 27.
  19. Шахматов А. А. Древнейшие судьбы русского племени. — Пг., 1919. С. 25, 37—39.
  20. Карский Е. Ф. Белорусы. — Варшава, 1903. С. 71, 72. Переиздано: Белорусы: Т. 1—3. — Москва, 1955—1956.
  21. Нидерле Л. Славянские древности. — М., 1956. С. 160—162.
  22. Седов В. В. Славяне Верхнего Поднепровья и Подвинья. — М., 1970. С. 142, 143.
  23. Литовско-русский словарь под ред. Х. Лемхенаса. — Вильнюс, 1971. С. 621.
  24. Харбургаев Г. А. Этнонимика «Повести временных лет». — М., 1979. С. 196—197.
  25. Повесть временных лет. — М., 2002. С. 28.
  26. Пилипенко М. Ф. Возникновение Белоруссии: Новая концепция. — Мн., 1991. С. 34.

Літаратура правіць

  • Варонін В. А. Беларускія землі і Чэхія ў X—XII стст. // Studia Historica Europae Orientalis = Исследования по истории Восточной Европы: науч. сб. Вып. 12 / редкол.: А. В. Мартынюк (глав. ред.), Г. Я. Голенченко [и др.]. — Минск: РИВШ, 2019. — 232 с. — C. 20-30.
  • Ермаловіч М. І. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1990. ISBN 5-340-00614-X

Спасылкі правіць