СССР Тайшоу Чжуань

«СССР Тайшоу Чжуань. Кітайская народная казка» (руск.: СССР Тайшоу Чжуань. Китайская народная сказка) — апавяданне расійскага пісьменніка Віктара Пялевіна, апублікаванае ў 1991 годзе[1] ў складзе зборніка «Сіні ліхтар».

СССР Тайшоу Чжуань
Жанр апавяданне
Аўтар Віктар Пялевін
Мова арыгінала руская
Дата першай публікацыі 1991

Сюжэт правіць

«СССР Тайшоу Чжуань» з'яўляецца адсылкай да апавядання кітайскай дынастыі Тан «Паданне пра губернатара дзяржавы Нанькэ». У кітайскім апавяданні адчуваецца моцны ўплыў будызму і даасізму. У прыватнасці, ключавой тэмай з'яўляецца даоская ідэалагема «жыццё падобна на сон». Кітайскае «Паданне» распавядае пра прыгоды Чунь Юкуня ў незнаёмай краіне Сафора. Аднойчы Чунь Юкунь напіўся і заснуў пад сафорай. Затым яго адправілі ў краіну Сафора, дзе ён ажаніўся з прынцэсай. Там ён атрымаў прэстыжную дзяржаўную пасаду. Аднак праз шмат гадоў паспяховай кар'еры ў яго жыцці наступае пералом: смерць прынцэсы, падазрэнні караля і рэпатрыяцыя. Пасля гэтага Чунь Юкунь прачынаецца, і аказваецца, што ён спаў у сваім падворку пад сафорай, і гэта ўсё той жа дзень. Адшукаўшы мурашнік, Чунь Юкунь ўсё успамінае[2].

У апавяданні «СССР Тайшоу Чжуань» замест рыцара Чунь Юкуня — лайдак Чжан, які ў віртуальным свеце становіцца адным з кіраўнікоў СССР. Лідара СССР у Пялевіна называюць «Сынам Хлеба», а Чжана — «Каўбасным». Так аўтар імкнуўся падкрэсліць перавагу матэрыялізму і ўтылітарызму ў чалавечай прыродзе. Ствараецца ўражанне, што савецкая дзяржава, якой кіраваў Чжан, з'яўляецца магутнай і квітнеючай. Аднак на самай справе дзяржаўнасць існуе там толькі намінальна. Згадваючы ранейшага намесніка, які ўтойваў, што ў яго адрэзана галава, аўтар сатырычна паказвае здранцвенне працоўных і іх знаходжанне ў свеце ілюзій[2].

«СССР Тайшоу Чжуань», як і кітайскае «Паданне», прасякнуты ідэямі даасізму. Важнай часткай абодвух твораў з'яўляецца вобраз мурашніка. І калі ў кітайскай філасофіі мурашка з'яўляецца сімвалам усеагульнага жыцця і можа пабудаваць дзяржаву на рацыянальнай аснове, то ў Пялевіна мурашнік атаясамліваецца з таталітарным грамадствам з жорсткай цэнтралізацыяй, поўнай уніфікацыяй і паслушэнствам індывідаў. З мурашнікамі героі твораў таксама паступаюць па-рознаму: Чунь Юкунь у «Паданні» папрасіў сяброў не чапаць яго, а пялевінскі Чжан «развёў хлорку ў двух вёдрах ды і выліў яе ў люк»[2].

Кажучы пра Кітай, Пялевін у апавяданні «СССР Тайшоу Чжуань» апісвае тыповую абстаноўку савецкага калгаса[1].

Зноскі

  1. а б Сергей Полотовский, Роман Козак. Пелевин и поколение пустоты. — М., «Манн, Иванов и Фербер», 2012. — ISBN 978-5-91657-304-6
  2. а б в Чжан Исянь Китайские мотивы в творчестве В. Пелевина // Мир науки, культуры, образования. № 5 (84). 2000.

Спасылкі правіць