Сакавіцкі пераварот у Іспаніі (1939)

Сакавіцкі пераварот — падзеі 5—12 сакавіка 1939 года падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі, звязаныя з гвалтоўным захопам улады ў рэспубліканскім лагеры.

Ваенна-палітычная сітуацыя ў Іспаніі станам на пачатак сакавіка 1939 года.
     пад кантролем нацыяналістаў (прыхільнікі Франка)      пад кантролем рэспубліканцаў (урад «Народнага фронту»)

Перадумовы правіць

У ліпені 1936 года ў Іспаніі пачалася грамадзянская вайна паміж урадам «Народнага фронту», які ўяўляў з сябе кааліцыю левых партый, і паўстанцамі-нацыяналістамі пад кіраўніцтвам генерала Франсіска Франка. У канцы 1938 — пачатку 1939 гадоў становішча стала відавочна складвацца не на карысць уладаў. Найбольшым ударам стала страта Каталоніі.

Пераварот правіць

5 сакавіка палкоўнік Сехісмунда Касада, на падставе таго, што прэм’ер-міністр Хуан Негрын нібыта планаваў перадаць уладу камуністам, ажыццявіў дзяржаўны пераварот пры падтрымцы Хуліяна Бестэйра, лідара Іспанскай сацыялістычнай рабочай партыі, і анархістаў. Яны заснавалі Савет нацыянальнай абароны (Consejo Nacional de Defensa), у якім аб’ядналіся праціўнікі Негрына[1].

6 сакавіка да змовы далучыўся генерал Хасэ Міяха, загадаўшы арыштаваць камуністаў у Мадрыдзе. У гэты час Негрын уцёк у Францыю, але Луіс Барсела, камандуючы 1-м корпусам Цэнтральнай арміі, адмовіўся падтрымаць пераварот і паспрабаваў аднавіць кантроль над сталіцай. Яго войскі ўвайшлі ў Мадрыд, і на працягу некалькіх дзён у сталіцы вяліся баі. Апазіцыі атрымалася разграміць 1-ы корпус, а Барсела захапілі і пакаралі смерцю.

Наступствы правіць

Новы ўрад на чале з Касада спрабаваў дамовіцца аб мірным урэгуляванні з Франка, але той адмовіўся ад чаго-небудзь меншага, чым безумоўная капітуляцыя. Па гэтай прычыне баявыя дзеянні працягнуліся. Нацыяналісты разгарнулі шырокае наступленне і ўжо ў канцы месяца занялі Мадрыд, тым самым завяршыўшы грамадзянскую вайну[2].

Зноскі

  1. Beevor, Antony. The Battle for Spain. The Spanish Civil War 1936—1939. Penguin Books. London. 2006. pp. 391—392
  2. Beevor, Antony. The Battle for Spain. The Spanish Civil War 1936—1939. Penguin Books. London. 2006. pp. 394—395

Літаратура правіць

  • Beevor, Antony. The Battle for Spain. The Spanish Civil War 1936—1939. Penguin Books. London. 2006, ISBN 978-0753821657.