Самадыйскія народы

Самады́йскія народы, самады́йцы або састарэлая назва самае́ды — народы поўначы Еўразіі, якія размаўляюць на самадыйскіх мовах. Агульная колькасць (2010 г.) - каля 50 тысяч чал.

Самадыец на нартах, мал. 1881 г.

Этымалогія правіць

Лічыцца, што агульная назва самадыйцаў паходзіць ад старажытнарускага слова самоядь, што ў сваю чаргу з'яўлялася пераагучваннем саамскага самэ-эднэ ("зямля саамаў"). Відавочна, так першапачаткова называлі ўсе качавыя народы ўсходнееўрапейскай поўначы і толькі пазней гэта назва было перанесена на ненцаў і іншых самадыйцаў.

Паходжанне і рассяленне правіць

З'яўленне самадыйскіх народаў звычайна звязваюць з Кулайскай археалагічнай культурай, якая сфарміравалася ў 1 тысячагоддзі да н. э. у таёжных раёнах сярэдняй плыні ракі Об. Вылучаюць 2 асноўныя этапы[1] яе фарміравання:

  • Васюганскі (VI - II стст. да н. э.)
  • Сароўскі (I ст. да н. э. - V ст. н. э.)

Прадстаўнікі гэтай культуры ўзводзілі ўмацаваныя паселішчы на высокіх берагах рэк, будавалі каркасныя і зрубныя жытлы, займаліся ліццём бронзы, апрацоўвалі дрэва і косць, рабілі арыгінальную кераміку, мелі складаныя пахавальныя рытуалы. На сароўскім этапе бронза саступіла месца жалезу. Кулайцы трымалі коняў і аленяў, аднак найбольш важнымі заняткамі заставаліся паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва. Кулайскія воіны былі ўзброены лукам і стрэламі, дзідамі з вялікімі масіўнымі навершамі, сякерамі-чаканамі, аберагалі сябе з дапамогай даспехаў і шлема, зробленых з металічных або касцяных пласцін, нанізаных на скураныя рамяні. Адзіных дзяржаўных утварэнняў у кулайцаў не было. Відавочна, розныя плямёны варагавалі паміж сабою, аднак былі здольныя аб'яднацца, каб рабіць сумесныя напады на жыхароў стэпу.

Носьбіты Кулайскай культуры прасунуліся на поўдні да Саянаў і Алтая[2]. У III - II стст. да н. э. з-за экалагічных змен[3] яны рушылі ўздоўж ракі Об на поўнач, часткова асвоілі паўночную плыню ракі Іртыш. У сароўскі перыяд стала насялялі міжрэчча Обі і Іртыша. Характэрна, што ў мовах сучасных самадыйцаў, што жывуць далёка ад стэпу на поўначы, прасочваецца архаічнае ўздзеянне цюркскіх і іранскіх моў.

У II - V стст. н. э. з пашырэннем дзяржавы гунаў сітуацыя рэзка змянілася[4]. Уварванне качэўнікаў прывяло з аднаго боку да адрыву паўднёвых саянскіх самадыйцаў (матарцы, камасінцы, тайгійцы, карагасы)[5], якія вельмі паступова да пачатку XX ст. былі асіміляваны цюркамі і буратамі, з другога — да далейшай масавай міграцыі на поўнач. Пры гэтым самадыйскае насельніцтва само асімілявала паўночных абарыгенаў, блізкіх па паходжанню да юкагіраў. Самадыйцы прыйшлі на поўнач, калі ўжо мелі навыкі жывёлагадоўцаў[6]. У новым экалагічным асяроддзі яны захавалі ўменне прыручаць аленяў, хаця на тэрыторыі Сібіры яшчэ доўгі час важную ролю адыгрывала паляванне на дзікіх аленяў і футравых звяроў, а каля буйных рэк — рыбалоўства.

У пісьмовых рускіх крыніцах самадыйцы былі зафіксаваны ў канцы XI ст. як суседзі вуграў, якія тады насялялі Урал. Такім чынам, ужо ў 2 тысячагоддзі да н. э. самадыйцы пачалі рассяляцца на тэрыторыі Паўночна-Усходняй Еўропы. У XV - XVI стст. пад ціскам татар і рускіх вугорскае насельніцтва Заходняй Сібіры заняло значную частку таёжных самадыйскіх тэрыторый гэтага рэгіёна. Перасяленне рускіх на Пячору і Паўночны Урал вымусіла ненцаў мігрыраваць на ўсход і шляхам ваенных сутычак адсунуць продкаў энцаў і нганасанаў за паўночную плыню ракі Енісей і на Таймыр. Ваенныя сутычкі працягваліся да сярэдзіны XIX ст.[7]

Спіс самадыйскіх народаў правіць

У нашы дні захавалася 4 самадыйскія народы, якія жывуць на захадзе і поўначы Сібіры, а таксама на паўночным усходзе Еўропы:

У мінулым на поўдні Сібіры жылі так званыя саянскія самадыйцы.

Асаблівасці культуры правіць

Асноўнымі заняткамі самадыйскіх народаў здаўна былі паляванне, рыбалоўства і аленегадоўля. У таёжных жыхароў (селькупаў, лясных ненцаў) аленегадоўля адыгрывала дадатковы характар. Статкі аленяў былі малымі (10 - 12 галоў)[8][9], пасвіліся каля паселішчаў. У жыхароў тундры яны былі значна большымі, хаця перасяленне на працягу года вызначалася сезоннай міграцыяй дзікіх аленяў — асноўнай мэты для здабычы паляўнічых. У тайзе і ў тундры свойскіх аленяў выкарыстоўвалі не толькі як крыніцу мяса і скуры для вопраткі, але і як транспартны сродак. Пераход да сталай качавой аленегадоўчай гаспадаркі адбыўся толькі ў другой палове XIX - пачатку XX стст., прычым не паўсюдна.

Складаныя экалагічныя ўмовы поўначы, а таксама качавы лад жыцця садзейнічалі фарміраванню такіх асаблівасцяў культуры самадыйцаў, як шчыльная ўзаемасувязь са светам прыроды, наяўнасць пераносных жытлаў, перавага мясных і рыбных страў ў народнай кухні, абавязковая ўзаемная дапамога і г. д. Самадыйцы стварылі багаты фальклорэпічныя паданні, казкі, легенды, песні. У нганасанаў існуе звычай для кожнага чалавека мець сваю асабістую песню, якую ён складае сам або атрымоўвае ў падарунак. Танцавальнае мастацтва мае сакральна-рэлігійныя функцыі.

Самадыйская міфалогія заснавана на падзеле свету на тры буйныя часткі — верхні, сярэдні і падземны ўзроўні. Родапачынальнікам свету і валадаром ненароджаных душ лічыцца жаночае бажаство Нга. У міфалогіі жыхароў Таймыра выразна прасочваюцца іншаэтнічныя рысы, відавочна запазычаныя ў іх папярэднікаў. Пад уздзеяннем хрысціянства ўзніклі новыя міфалагічныя вобразы, часцяком скажоныя анімістычнымі ўяўленнямі саміх самадыйцаў.

Зноскі

Спасылкі правіць