Слонімскае ўзвышша

Слонімскае ўзвышша — частка паўднёва-заходняга адгалінавання Беларускай грады, фізіка-геаграфічны і геамарфалагічны раён на захадзе Беларусі.

Слонімская ўзвышаная раўніна

Займае заходнюю частку Слнімскага, усходнюю — Зэльвенскага, паўночную — Івацэвіцкага раёнаў. Мяжуе з Верхнянёманскай нізінай на поўначы, Ваўкавыскім узвышшам на захадзе і Навагрудскім узвышшам на ўсходзе, Баранавіцкай раўнінай на поўдні. Ад прылеглых узвышшаў аддзелена далінамі рэк Зальвянка і Шчара. Найбольшая вышыня 228 м. Плошча каля 2 тыс. км², працягнулася з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход на 65 км, з паўднёвага захаду на паўночны ўсход на 42 км.

Геалогія правіць

У тэктанічных адносінах прымеркавана да Цэнтральнабеларускага масіву Беларускай антэклізы. У рэльефе фундамента выдзяляюцца прыўзнятыя Слонімскі купал і Зэльвенская брахіантыкліналь з абсалютнымі адзнакамі каля 30 м вышэй узроўню мора паблізу Слоніма. У паўднёвым напрамку паверхня фундамента пагружаецца на глыбіню да −180 м у раёне Косава.

Найбольшыя магутнасці платформавага чахла (300—350 м) прымеркаваны да паўднёвага і заходняга схілаў Беларускай антэклізы найменшыя (150 м) — да купалападобных падняццяў. платформавы чахол складзены з тоўшчы вендскага комплексу верхняга пратэразою (вулканічныя туфы і туфіты, пясчаныя і пясчана-гліністыя адклады), сенаман-каньякскага яруса мелавой сістэмы (пясчана-мергельна-мелавыя адклады), пясчана-гліністых утварэнняў палеагену і неагену.

Верхняя чатка карэнных парод моцна парэзана, што выклікана ў асноўным уздзеяннем ледавікоў. Трапляюцца ледавіковыя лагчыны з адзнакамі днішча да −20 м. У антрапагенавай тоўшчы (магутнасць да 160 м) выдзелена 4 гарызонты (беларускі, бярэзінскі, дняпроўскі, сожскі) марэнных супескаў і суглінкаў, падзеленых водна-ледавіковымі і міжледавіковымі ўтварэннямі.

Істотны ўплыў на фарміраванне Слонімскага ўзвышша аказала дняпроўскае зледзяненне (перапрацоўка глыбокіх адорвеняў мелавых, палеагенавых і раннеантрапагенавых адкладаў). Рашаючае значэнне ў стварэнні сучаснага выгляду рэльефу мела сожскае зледзяненне. Краявыя ледавіковыя ўтварэнні фарміраваліся пад уздзеяннем Шчарскага і Зальвянскага ледавіковых языкоў. Позні ледавіковы рэльеф моцна перапрацаваны працэсамі эрозіі, дэнудацыі і ўкрыты перыгляцыяльнымі адкладамі паазерскага ледавіка. Важнае значэнне для сучаснай марфалогіі мела развіццё гідрасеткі ў познім антрапагене.

Рэльеф і гідраграфія правіць

Рэльеф тут буйнаўзгорысты і градава-ўзгорысты, падзелены глыбокімі далінамі рэк і далінамі сцёку ледавіковых вод, якія размешчаны ўздоўж Зальвянкі і Шчары. У цэнтры ўзвышша слабахвалістая, спадзістахвадістая або плоская нахіленая раўніна. Грады выцягнуты з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход, сярод іх вылучаны Залацееўскі пояс град і Косаўская града. Рэльеф моцна тэхнагенна пераўтвораны.

Найвышэйшы пункт Слонімскага ўзвышша і Залацееўскіх град (228,5 м) знаходзіцца ў Зэльвенскім раёне на тэрыторыі Галынкаўскага сельсавета, на адлегласці 1,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Старое Сяло, 1,7 км на паўднёвы захад ад вёскі Снежная, 1,9 км на паўночны захад ад вёскі Чырвонае Сяло, 3,3 км на паўночны ўсход ад вёскі Варонічы. Схілы гары пакатыя. На вяршыні размешчаны геадэзічны пункт у выглядзе апазнавальнага слупка і акопа (раўка). Каардынаты: 53° 09,856' N, 24° 57,683' E.

Рачная сетка належыць да басейна Нёмана. На захадзе тэрыторыя дрэніруецца правымі прытокамі Зальвянкі — рэкамі Трасцянка, Акоўка; на поўлні і ўсходзе — левымі прытокамі Шчары — рэкамі Грыўда, Шэя, Валобрынка, Бяроза, Луконіца, Сіпа. У межах узвышша знаходзіцца возера Бяздоннае. Частка былых азёрных катлавін ператварылася ў нізінныя балоты.

Глебы і расліннасць правіць

Глебы пераважна слаба- і сярэднеападзоленыя на водна-ледавіковых завалуненых супесках, часта лёгкіх і сярэдніх марэнных суглінках, у далінах рэк — поймавыя, па паніжэннях і лагчынах — намыўныя пераўвільготненыя ў рознай ступені.

Пад лесам каля 28 % паверхні. Лясы захаваліся асобнымі ўчасткамі каля вёсак Жыровічы, Сялявічы (Слонімскі раён), Чырвонае Сяло (Зэльвенскі раён). Найбольш пашыраны шыракаліста-яловыя лясы (шматярусныя кіслічныя і сніткавыя), ялова-грабавыя дубровы з ясенем і вязам, клёнам, ельнікі з дамешкамі дубу, грабу, ліпы, багатым падлескам. Больш бедныя глебы заняты хваёва-дубовымі арляковымі асацыяцыямі. Невялікімі ўчасткамі трапляюцца хвойнікі субаравых тыпаў з дамешкамі елкі і дубу, баравыя хвойнікі на пясчаных глебах, але яны больш частыя на схілах узвышша. На водападзелах сярод хваёвых лясоў участкі хвойнікаў сфагнавых. У выніку высечак на месцы ельнікаў і дуброў з’явіліся бярэзнікі і асіннікі.

Створаны Слонімскі біялагічны заказнік.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць