Звычайны сом, еўрапейскі сом (Silurus glanis) — буйная прэснаводная бязлускавая рыба сямейства сомавыя (Siluridae) атраду сомападобныя. Самая вялікая рыба вадаёмаў Беларусі.

Сом
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Silurus glanis Linnaeus, 1758


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  164068
NCBI  94993
EOL  224550

Апісанне правіць

Даўжыня цела да 5 м, вага да 300 кг. Цела верацёнападобнае, без лускі. Спіна чорная, бакі жоўта-зялёныя з плямамі няправільнай формы, бруха белае або светла-шэрае. Скура мяккая, слізкая. Галава вялікая, пляскатая. Рот шырокі, вялізны, з дробнымі вострымі зубамі па краях, ніжняя сківіца даўжэйшая за верхнюю. На верхняй сківіцы пара доўгіх вусікаў, якія даходзяць да канца грудных плаўнікоў; на ніжняй — дзве пары кароткіх вусікаў. Вочы невялікія. Спінны і парныя плаўнікі невялікія, анальны плаўнік вельмі доўгі, пачынаецца адразу за брушным і зліваецца з закругленым хваставым, тлуставы плаўнік адсутнічае, няпарныя плаўнікі не маюць шыпоў. У мяккай скуры ўтрымліваецца вялікая колькасць слізістых залоз.

Пашырэнне правіць

Пашыраны ў Еўропе на ўсход ад ракі Рэйн (акрамя басейна Паўночнага Ледавітага акіяна і Балканскага паўвострава) і ў Азіі ў басейне Аральскага мора, ракі Амур.

На Беларусі сустракаецца ў сярэдніх і буйных рэках, некаторых буйных азёрах і вадасховішчах. У выніку развядзення сама ў Любанскім вадасховішчы з 1980-х гадоў там сфарміравалася значная папуляцыя, што дазволіла весці яго рассяленне ў іншыя вадаёмы Беларусі.

Асаблівасці біялогіі правіць

Вядзе адзіночны, аселы спосаб жыцця. Пасяляецца ў ямах, вірах, пад стромкімі берагамі, каранямі дрэў, ля плацін, мастоў. Дзённы час праводзіць у сховішчы, на кармленне выходзіць пасля заходу сонца і палюе да світання. Інтэнсіўна корміцца ўсё лета да восені, з надыходам пахаладання вады сом залягае ў зімовую спячку.

Драпежнік. Корміцца галоўным чынам рыбай, пераважна з засады, уцягваючы здабычу ў велізарную пашчу разам з токам вады. Есць таксама жаб, буйных малюскаў, вядомыя выпадкі паядання вадаплаўных птушак і дробных сысуноў.

Палаваспелым становіцца ў 4-5-гадовым узросце. Нераст парцыённы. Пачатак нерасту звязаны з праграваннем вады да 18-20 °C і вышэй. У нерасце ўдзельнічае толькі адна пара — самец і самка. Нерасцілішчамі з’яўляюцца прыбярэжныя ўчасткі вадаёмаў, зарослыя воднай расліннасцю. Ікра адкладаецца на папярэдне расчышчаных пляцоўках, акружаных валікамі з раслінных рэшткаў. Інкубацыйны перыяд доўжыцца каля 3 сутак, на працягу якіх самец ахоўвае ікру і лічынак. Абсалютная пладавітасць даволі высокая, у залежнасці ад памераў самкі змяняецца ад 60-80 тыс. да 500 тыс. ікрынак і больш.

Промысел правіць

Аб’ект промыслу, доля ва ўловах нязначная.

Ахоўваецца ў Еўропе ў рамках Бернскай канвенцыі. Занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь (дадатак).

Літаратура правіць

Спасылкі правіць