Спутнік-1 (бел.: Спадарожнік-1) — штучны спадарожнік Зямлі, першы ў гісторыі чалавецтва. Быў пушчаны 4 кастрычніка 1957 года і захоўваў стабільную арбіту да 4 студзеня 1958 года. Першы ШСЗ стаў таксама першым штучным нябесным целам і першым штучным аб’ектам, які дасягнуў 1-й касмічнай хуткасці.

Спутнік-1
Спутник-1
Краіна Сцяг СССР СССР
Спадарожнік Зямлі
Касмічная праграма Спутнік
Наступны Спутнік-2
Абарачэнняў 1440
Час запуску 19:28:34 4 кастрычніка 1957
Касмадром Сцяг СССР Байканур
Ракета-носьбіт Сцяг СССР Спутнік
Тэрмін працы 3 месяцы
Канец працы 4 студзеня 1958
NSSDC ID 1957-001B
Маса 83,6 кг
Вялікая паўвось 6.955,2 км
Эксцэнтрысітэт 0,05201
Нахіленне 65,1°
Перыяд абарачэння 96,2 хв
Апагей 939 км
Перыгей 215 км

Пуск 1-га ШСЗ азначыў пачатак касмічнай эры, паслужыў штуршком для наспелай тады касмічнай гонкі СССР і ЗША. Абрыс спутніка на доўгі час стаў знакам асваення космасу чалавекам, а слова «спутнік» увайшло без перакладу ў замежныя мовы.

Пуск і арбіта правіць

ШСЗ быў пушчаны ракетай-носьбітам Р-7 з касмадрому Байканур а 19:12:00 UTC 4.10.1957 года і выведзены на арбіту 215×939 з нахілам 65,1° і эксцэнтрысітэтам 0,05201, перыяд абарачэння: 96,2 хв[1].

Канструкцыя правіць

Спадарожнік меў сферычны корпус дыяметрам 0,58 м з чатырма штыровымі радыёантэнамі даўжынёй 2,4—2,9 м, і важыў каля 80 кг. У склад апаратуры ўваходзілі радыёперадатчыкі магутнасцю 1 Вт, якія працавалі на частотах 20,005 і 40,002 МГц, якія перадавалі тэлеметрычную інфармацыю, у т.л. пра тэмпературы атмасферы і нутра спадарожніка.

Перад падзеямі правіць

Планы пуску штучнага спадарожніка Зямлі існавалі ў 1957 годзе як у СССР, так і ў ЗША. Савецкі цяжкі спадарожнік, які пачаткова планавалася пусціць першым, выявіўся канструкцыйна несумяшчальным з адзіным дзейсным тады ў СССР тыпам ракеты-носьбіта Р-7 (КБ С. П. Каралёва). Тымчасам, з ЗША даходзілі звесткі пра падрыхтоўку пуску тамтэйшага штучнага спадарожніка Зямлі, а ў СССР з КБ Каралёва за права ўзбройваць ракетныя войскі і забяспечваць касмічную праграму сваімі міжкантынентальнымі ракетамі Р-16 востра спаборнічала КБ Янгеля. У выпадку, калі б ЗША здолелі пусціць свой ШСЗ першымі, КБ Каралёва страціла б дзяржаўны заказ, а не выключаліся і палітычныя пакаранні за шкоду савецкаму дзяржаўнага аўтарытэту.[2]

Каралёвым было пастаноўлена (7 верасня 1957 года) тэрмінова сканструяваць і зрабіць вельмі просты спадарожнік, які б сумяшчаўся з канструкцыяй Р-7, і які напэўна можна было б вывесці на арбіту, апярэдзіўшы амерыканцаў, а значыць, дамагчыся і палітычнага поспеху. Аптымальная для такіх тэрмінаў і тэхнічных параметраў канструкцыя была гатовая пад канец верасня, і была паспяхова пушчаная 4 кастрычніка.[2]

Рознае правіць

Перадача вялася на дзвюх частотах па чарзе, тэлеграфнымі пасылкамі працягам па 0,3 с, і ў радыёпрыёмніку на слых успрымалася як «папіскванне». Гэтыя сігналы былі тады сенсацыяй, і былі шматразова запісаныя дзяржаўнымі ўстановамі, навукоўцамі і радыёаматарамі[3]. Ёмістасці батарэяй (срэбрана-цынкавыя акумулятары) хапіла на 22 дні перадачы.

Пры зрокавых назіраннях дробны апарат (бачны як аб’ект 6-й зорнай велічыні) амаль не разрозніваўся, затое другая ступень ракеты-носьбіта, якая таксама выйшла на арбіту, была бачная як аб’ект 1-й зорнай велічыні, і часта прымалася за спадарожнік.

Зноскі

  1. Каталог НАСА http://nssdc.gsfc.nasa.gov/nmc/tmp/1957-001B-traj.html Архівавана 13 лістапада 2004..
  2. а б (Чарток 1999), Ч.3.
  3. Паводле звестак артыкулу англійскай Вікіпедыі http://en.wikipedia.org/w/index.php?title=Sputnik_1&oldid=161957560, некаторыя гукавыя запісы сігналу першага «Спутніка», якія можна знайсці ў Сеціве, насамрэч не датычацца першага «Спутніка», напрыклад, файл на пляцоўцы НАСА ([1]) і старонка [2].

Літаратура правіць

  • (Чарток 1999) Черток Б. Е. Ракеты и люди. Фили — Подлипки — Тюратам — М.: Машиностроение, 1999. — 2-е изд. — 448 с., ил.
  • Каталог касмічных аб’ектаў НАСА. — Sputnik-1 Архівавана 2 лістапада 2007.