Старшы навуковы супрацоўнік

Старшы навуковы супрацоўнік — пасада ў навуковых, навукова-даследчых, навукова-практычных і вышэйшых навучальных установах, а таксама аднайменнае навуковае званне ў некаторых краінах свету. У пасадовай іерархіі знаходзіцца вышэй навуковага супрацоўніка і ніжэй вядучага навуковага супрацоўніка.

У сучаснай Беларусі гэта толькі пасада. Навуковае званне старшага навуковага супрацоўніка ў Беларусі ўжо не прысвойваецца, а асобы, якія яго атрымалі раней (напрыклад, у часы БССР), маюць права атрымаць замест яго навуковае званне дацэнта па асобнай працэдуры.

Кваліфікацыйныя патрабаванні правіць

Навуковая ступень кандыдата навук без патрабаванняў да працоўнага стажу або вышэйшая адукацыя і досвед работы па адпаведнай спецыяльнасці не менш за 10 гадоў, наяўнасць аўтарскіх пасведчанняў на вынаходствы або навуковых прац (навуковых публікацый).

Службовыя абавязкі правіць

Старшы навуковы супрацоўнік ажыццяўляе навуковае кіраўніцтва групай работнікаў пры даследаванні самастойных навукова-даследчых тэм (праектаў), а таксама распрацовак, якія з'яўляюцца часткай (раздзелам, этапам) навукова-даследчай тэмы (праекта), або праводзіць навуковыя даследаванні і распрацоўкі як выканаўца найбольш складаных і адказных работ. Распрацоўвае планы і метадычныя праграмы правядзення даследаванняў і распрацовак. Арганізуе збор і вывучэнне навукова-тэхнічнай інфармацыі па тэме, праводзіць аналіз і тэарэтычнае абагульненне навуковых дадзеных, вынікаў эксперыментаў і назіранняў. Правярае правільнасць вынікаў, атрыманых супрацоўнікамі, якія працуюць пад яго кіраўніцтвам. Прымае удзел у павышэнні кваліфікацыі кадраў. Укараняе вынікі праведзеных даследаванняў і распрацовак.

Старшы навуковы супрацоўнік павінен ведаць навуковыя праблемы па тэматыцы даследаванняў і распрацовак, нарматыўныя матэрыялы па адпаведных галінах эканомікі, навукі і тэхнікі або айчынную і замежную інфармацыю па гэтых пытаннях; сучасныя метады і сродкі планавання і арганізацыі даследаванняў і распрацовак, правядзення эксперыментаў і назіранняў, у тым ліку з выкарыстаннем электронна-вылічальнай тэхнікі; эканоміку адпаведнай галіны; арганізацыю працы і кіравання; асновы працоўнага заканадаўства; правілы і нормы аховы працы і пажарнай бяспекі.

Літаратура правіць

  • Кваліфікацыйны даведнік «Пасады служачых, занятых у навукова-даследчых установах, канструктарскіх, тэхналагічных, праектных і пошукавых арганізацыях» // Дадатак да Пастановы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь № 49 ад 28.03.2002 г.