Таўцівіл Даўспрункавіч

князь літоўскі, князь полацкі
(Пасля перасылкі з Таўцівіл)

Таўцівіл Даўспрункавіч (? — 1263) — князь літоўскі, князь полацкі (да 1262—1263).

Таўцівіл Даўспрункавіч
Забойства Таўцівіла, мініяцюра ў Ліцавым летапісным зводзе 1568 года.
Забойства Таўцівіла, мініяцюра ў Ліцавым летапісным зводзе 1568 года.
князь полацкі
1262 — 1263
Смерць 1263
Бацька Даўспрунк
Маці Даўспрункава[d]
Жонка Брачыслаўна Таўцівілава[d]
Дзеці Георгій Таўцівілавіч[d]
Веравызнанне каталіцтва

Імя правіць

Імя Таўцівіл (Тоўтвіл) — з шэрагу старабалцкіх (старалітоўскіх) двухасноўных імёнаў. Такія імёны дайшлі з індаеўрапейскай эпохі і ўласцівыя іменнікам народаў індаеўрапейскага паходжання[1].

Першая аснова Taut- ад агульнабалцкага tauta «народ», другая аснова Vil- звязаная з семантыкай жадання, хацення. У імені прысутныя значэнні, звязаныя, з аднаго боку, з паняццем родапляменнага «народу», а з другога — з ваярскай «прагнасцю». Такое спалучэнне асноў, якія паміж сабой не ўтвараюць звязнай фраземы, не былі рэдкасцю — гарманічнымі яны выглядалі ў кантэксце ўсяго іменніка ў цэлым.

На тэрыторыі цяперашняй Беларусі вядомы тапонім Таўцвілы (каля Ружанаў), які мяркуецца на некалькі стагоддзяў пазнейшым, чым час жыцця князя Таўцівіла, і гэта сведчыць пра ўстойлівасць гэтага імя ў раннелітоўскім іменніку.

Адносіны з Міндоўгам і Данілам правіць

Старэйшы сын Даўспрунка, пляменнік Міндоўга і жамойцкіх князёў Эрдзівіла і Вікінта, стрыечны брат Траняты.

У канцы 1248 года Міндоўг забраў уладанні Таўцівіла і яго малодшага брата Эдзівіда, паслаў іх у паход на Смаленскую зямлю, прапануючы здабыць там новыя ўладанні, пры гэтым паслаў за імі забойцаў.

Акалічнасці гэтага паходу розняцца ў даследчыкаў, але ўрэшце Таўцівіл з Эдзівідам аказаліся ў Галіцка-Валынскім княстве і шукалі там падтрымкі, іх сястра была жонкай Данілы Галіцкага.

Даніла паслаў Таўцівіла ў Яцвезь, Жамойць і Рыгу, каб арганізаваць саюз супраць Міндоўга. У Рызе Таўцівіл ахрысціўся ў каталіцтва (паводле М. Стрыйкоўскага пад імем Готліб).

Даніла Галіцкі, Лівонскі ордэн, рыжскі архібіскуп і Вікінтава палова Жамойці падтрымалі Таўцівіла, але нанесці паражэнне Міндоўгу не здолелі — пасля хрышчэння Міндоўга ў каталіцтва (1253) Лівонскі ордэн перайшоў на яго бок.

Пэўны час Таўцівіл жыў у Галіцка-Валынскім княстве і ў 1253 разам з братам Эдзівідам удзельнічаў у паходзе Данілы Галіцкага ў Чэхію. Але пасля пасварыўся з князем Данілам, бо той памірыўся з Міндоўгам.

У Полацку правіць

Пасля Таўцівіл аказаўся ў Полацку. Паводле нямецкіх крыніц, паміж 1255—1261 гадамі палачане запрасілі «язычнікаў» каб выгнаць немцаў, якім полацкі князь Канстанцін перадаў Полацкую зямлю па сваёй смерці без законных нашчадкаў. Дата гэтых падзей пэўна не вядома, але ў 1262 годзе Таўцівіл згаданы ўжо як полацкі князь, які ўзначальваў палачан і 500 літоўцаў у сумесным з наўгародцамі паходзе супраць немцаў. Магчыма, Таўцівіл быў полацкім князем ужо ў 1258 годзе, калі згадваецца ўдзел літоўцаў у паходзе палачан на смаленскую Вайшчыну, але пэўна сцвярджаць гэта немагчыма.

На думку некаторых даследчыкаў, Таўцівіл мог быць жанаты з дачкой ранейшага полацкага князя Брачыслава. На іх думку, такі шлюб мог адбыцца да 1245 або, меней імаверна, пасля 1253 года. Такім чынам, Таўцівіл быў бы сваяком вялікага князя ўладзімірскага Аляксандра Яраславіча.

Таўцівіл хоць і быў выгнаны Міндоўгам з Літвы, але захаваў там свой уплыў, быў другім па старшынстве пасля Міндоўга ў тагачаснай іерархіі літоўскіх князёў.

Зімой 1258—1259 гадоў, падчас татарскай выправы ў Літву, Таўцівіл разам са стрыечным братам Войшалкам дзейнічаў супраць Рамана Данілавіча, пазней галіцка-валынскі летапісец абвінавачваў іх у забойстве Рамана.

Паводле пазнейшага сведчання наўгародскага летапісца Таўцівіл быў «добры князь Полацкі».

Гібель правіць

Пасля забойства Міндоўга ў 1263 годзе, Таўцівіл запрошаны Транятам для падзелу спадчыны. Задумаў забіць Траняту і цалкам завалодаць спадчынай Міндоўга. Але праз здраду полацкага баярына Пракопа самога Таўцівіла забілі, а іншыя полацкія баяры, якія прыехалі з ім у Літву, трапілі ў палон да Траняты.

Пасля забойства Таўцівіла, імаверна, пагражаючы паланёнымі баярамі, Транята патрабаваў ад палачан выдачы Таўцівілава сына — Георгія. Палачане не выдалі Георгія, ён уцёк у Ноўгарад. Паводле пазнейшых крыніц, там ён пасля пастрыгся ў манастыр пад імем Іаан.

Пасля гэтага палачанам давялося прыняць князем Транятава вылучэнца, невядомага на імя і паходжанне, даследчыкі прапануюць розныя версіі, але на полацкім стальцы ён быў нядоўга.

Зноскі правіць

  1. T. Milewski. Indoeuropejskie imiona osobowe. Wrocław-Warszawa-Kraków, 1969. С. 11-13.

Література правіць

  • Насевіч В. Таўцівіл // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / БелЭн; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — С. 513—514. — ISBN 985-11-0214-8.