Трапасфера (стар.-грэч.: τρόπος — «паварот», «змена» і σφαῖρα — «шар») — ніжні, найбольш вывучаны слой атмасферы.

ДжамалунгмаТрапасфераСтратасфераМетэазондМетэорыМезасфераЛінія КарманаПалярнае ззяннеТэрмасфераЭкзасфера
Будова атмасферы

У гэтым слоі тэмпература з вышынёй памяншаецца, а вертыкальны градыент тэмпературы ў сярэднім складае 0,6 ºС на 100 м змяненні вышыні. Гэта тлумачыцца тым, што трапасфера атрымлівае цяпло ад зямной паверхні шляхам турбулентнага цеплаабмену, інтэнсіўнасць якога з падняццем уверх паступова змяншаецца. Магутнасць трапасферы змяняецца і залежыць ад шыраты, пары году і адцэнтравай сілы вярчэння Зямлі. У тропіках гэты слой мае магутнасць 15 — 17 км, ва ўмераных шыротах 10 — 12 км, над палюсамі — 8 — 9 км.

У трапасферы сярэднегадавая тэмпература ў экватарыяльных шыротах змяншаецца з вышынёй ад +26 ºС каля зямной паверхні да −80 ºС на верхняй мяжы; ва ўмераных шыротах — ад +3 ºС да −54…-58 ºС; над Паўночным полюсам — ад −23 ºС да −60 ºС зімою і да −48 ºС летам.

У трапасферы сканцэнтравана больш 80 % усёй масы атмасфернага паветра, моцна развітыя турбулентнасць і канвекцыя, сканцэнтравана пераважная частка вадзянога пара, узнікаюць аблокі, фармуюцца атмасферныя франты, развіваюцца цыклоны і антыцыклоны, а таксама іншыя працэсы, якія вызначаюць надвор'е і клімат.

Верхні слой трапасферы, у якім зніжэнне тэмпературы з вышынёй спыняецца, называюць трапапаўзай. Наступны, размешчаны вышэй трапасферы, слой атмасферы называецца стратасфера.

Па ступені ўздзеяння зямной паверхні на атмасферу ў яе межах вылучаюць прыземны слой, памежны слой (слой трэння) і свабодную атмасферу. Да памежнага адносяць ніжні слой трапасферы, прылеглы да зямной паверхні, уласцівасці якога вызначаюцца тэрмічным і дынамічным уздзеяннем падсцілаючай паверхні. Магутнасць памежнага слою трэння складае 1-1,5 км і залежыць ад шурпатасці падсцілаючай паверхні і інтэнсіўнасці турбулентнага перамешвання. Унутры памежнага слоя вылучаюць прыземны слой атмасферы, які характарызуецца стракатасцю мікракліматычных умоў, што адлюстроўваюць ландшафтную разнастайнасць тэрыторыі.

Вышэй 1-1,5 км знаходзіцца свабодная атмасфера. З-за малых вертыкальных градыентаў хуткасці ветру трэнне Зямлі ў свабоднай атмасферы амаль не сказваецца.

Літаратура правіць

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 15. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0251-2 (Т. 15).
  • Каўрыга П. А. Метэаралогія і кліматалогія. Вуч. дапаможнік для студэнтаў геагр. фак. — Мн: БДУ, 2004. — 185 с.: іл.