Трыціка́ле (лац.: ×Triticosecale, ад па-лацінску: triticum — пшаніца і па-лацінску: secale — жыта) — гібрыдны род траў, выведзены скрыжаваннем жыта і пшаніцы. Вырошчваецца як харчовая і зернефуражная культура.

Упершыню трыцікале было выведзена ў лабараторных умовах у XIX стагоддзі і напачатку вырошчвалася ў Шатландыі і Швецыі. Цяпер асноўнымі вытворцамі з'яўляюцца Польшча, Германія, Францыя, Беларусь і Аўстралія.

Трыцікале валодае павышанаю марозаўстойлівасцю (большай, чым у азімай пшаніцы), устойлівасцю супраць грыбковых і вірусных захворванняў, паніжанай патрабавальнасцю да ўрадлівасці глебы. Аднак шырокаму яго распаўсюджанню замінае тое, што праз некалькі пакаленняў трыцікале выраджаецца ў звычайнае жыта. Такім чынам, для ўзнаўлення неабходнае пастаяннае скрыжаванне ў лабараторных умовах.

Утрыманне бялку ў трыцікале на 1,0 — 1,5% вышэй, чым у пшаніцы, і на 3-4%, чым у жыце. Паводле фракцыйнага складу бялкі трыцікале займаюць прамежкавае становішча між бялкамі пшаніцы і жыта. Утвараюць клейкавіну ў колькасных адносінах, блізкіх да пшанічнае, але горшай па якасці. Пераварвальнасць бялкоў пшаніцы і трыцікале практычна аднолькавая — 89,3 і 90,3% адпаведна. Зерне трыцікале не саступае зерню пшаніцы па ўтрыманні макра- і мікраэлементаў[1].

пшаніца, жыта, трыцікале

Зноскі

Спасылкі правіць