Туганавіцкі парк

Туганавіцкі парк — палаца-паркавы ансамбль размяшчаўся на рацэ Сэрвачы, за 1 км ад вёскі Карчова Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці.

Славутасць
Туганавіцкі парк
53°22′38″ пн. ш. 26°08′10″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Назва правіць

Назвы не існай цяпер вёскі Туганава (тастамент Мікалая Няміравіча ад 10 чэрвеня 1471 года) або Туганавічы, на беразе Сэрвачы, відавочна антрапанімічнага паходжання. У краязнаўчай літаратуры сцвярджаюць, што Туган быў татарынам, што звычайна падмацоўваюць згаданымі пад 1566 і 1570 гадамі паблізу Туганавіч урочышчамі Ардынка (Ардынцоўшчына), Татараўшчына і «гаем альховым за татарамі». Аднак пэўны Туган з крыніц не вядомы. Магчыма, версія такога паходжання назвы даволі позняя, бо Адам Міцкевіч, добра знаёмы з мясцовасцю і мясцовымі паданнямі, выводзіць князёў Туганаў, гаспадароў возера Свіцязь, літоўцамі, васаламі вялікага князя Міндоўга.

Сярод балцка-літоўскіх двухасноўных імёнаў вядомыя асновы Tu-, Gan-, якія ў імёнах тыпу Tu-gaud’as, Tu-min’as, Bu-gan’as, Sta-gan’as[1]. Паблізу былых Туганавічаў, пад Карэлічамі — Тударава, ад Tu-daras з той жа першай асновай Tu-. Непасрэдна ў туганаўскім наваколлі — адыменныя тапонімы Трацэвічы, Трасейкі, Равіны (< Tratas, Traseikis, Rovinas).

Гісторыя правіць

 
Вікенцій Дмахоўскі. Туганавічы, двор і пуня. 1861

Першымі вядомымі ўладальнікамі Туганавіч былі паны Івашка і Юшка Гойцавічы, згадкі пра дзейнасць якіх вядомы да 1450-1460-х гадоў.

У часы вялікага князя Казіміра Ягелончыка, 10 чэрвеня 1471 года маршалак гаспадарскі Мікалай Няміравіч у тастаменце запісаў сяло Туганава сваёй жонцы Альжбеце, а пасля яе смерці — касцёлу ў Ішкалдзі пад юрысдыкцыю віленскага біскупа.

Пры вялікім князю Жыгімонце Старым Туганавіцкі двор пераходзіць ва ўласнасць Масальскім, якія ад маёнтка ўзялі сабе Туганоўскія, пад ім і згадваюцца ў 1510 годзе.

У 17 ст. маёнтак Туганавічы пераходзіў да розных гаспадароў: Данэйкаў, Нарніцкіх, Касцянецкіх, Туганоўскіх, Трызнаў, Азарычаў.

Напачатку 18 ст. Адам і Юзэф Туганоўскія прадаюць маёнтак свайму сваяку Станіславу, потым сядзіба пераходзіць да яго сына Казіміра, які прадае вялікую частку Туганавіч Ігнату Вішнеўскаму. У сярэдзіне 18 ст. двор стаў уласнасцю роду Верашчакаў, якія паходзілі з Кобрынскай зямлі. Каля 1840 г. старэйшая дачка Юзафа Верашчакі Сафія (пляменніца Марылі) выйшла замуж за Канстанцыя Туганоўскага і сядзіба зноў апынулася ва ўласнасці старадаўняга роду Туганоўскіх.

З Туганавічамі звязаныя асобныя падзеі нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863—1864 гадоў, на патрэбы якога М. Верашчака прадала частку маёнтка. Уладальнік маёнтку Канстанцый Туганоўскі падтрымліваў цесныя сувязі з Кастусём Каліноўскім, дапамагаў яму ў рэвалюцыйнай дзейнасці. У сядзібе працавала майстэрня па вытворчасці зброі для паўстанцаў, якая перапраўлялася ў мясцовы цэнтр паўстання вёску Мілавіды. Пасля падаўлення паўстання Канстанцый Туганаўскі быў арыштаваны і замардаваны ў Віленскай турме.

Апошняй уладальніцай Туганавіч была Юзэфа Туганоўская, якая запісала маёнтак сялянскаму Таварыству з умовай пабудовы пры двары сельскагаспадарчай школы. Пры Верашчаках Туганавіцкі парк набыў сваю планіроўку, якая амаль не змянялася.

У 1815—1820 гадах Туганавіцкімі гасцямі часта былі Адам Міцкевіч, Тамаш Зан, Ян Чачот, Ігнат Дамейка. Лета 1818 года у Туганавічах прайшло пад знакам рамантычных і палымяных пачуццяў дачкі гаспадыні маёнтку — Марылі Верашчакі і маладога Міцкевіча. Трагічная гісторыя гэтага кахання зрабіла вялікі адбітак у творчасці славутага паэта. Пройдзе час, але Міцкевіч ніколі не забудзе гэты куточак прыроды і зямлі, а пазней напіша «…і вечна сняцца мне Наваградак і Туганавічы». З Туганавіч пазычаны шматлікія прататыпы і сюжэты твораў А. Міцкевіча. Так, князь Туган увекавечаны ў баладзе «Свіцязь», а 80-гадовы «цівун» Андрэй, які служыў у Верашчакаў і расказаў паэту шмат прыгодніцкіх гісторый з жыцця мясцовай шляхты, услаўлены ў паэме «Пан Тадэвуш». Як сцвярджаюць даследчыкі, апісанае ў паэме «Пан Тадэвуш» Сапліцова цалкам адпавядае тапаграфіі Туганавіцкай сядзібы.

Туганавіцкі парк правіць

Туганавіцкі парк лічыцца класічным узорам пейзажнай паркавай архітэктуры перыяду рамантызму. Ён размешчаны на ўзгорыстай мясцовасці і займае плошчу каля 8 гектараў. Асноўныя элементы кампазіцыі — паляны з курцінамі і далёкімі перспектывамі навакольнага ландшафту. Парадзелы парк і сёння захоўвае прыгажосць і велічнасць, гістарычна-патрыярхальную аўру. Паркавы масіў у асноўным складаўся з маляўніча арганізаваных пасадак ясеня, граба, клёна, каштана, вярбы, дуба, ліпы, елкі. У цэнтры парку пры асноўнай алеі знаходзілася альтанка (так званая «калыска кахання» Марылі і Адама, на жаль, не захавалася) ў выглядзе высаджаных па кругу шасці стагадовых ліп. У парку налічваецца каля 40 парод дрэваў, у т.л. экзатычных. У паўднёва-ўсходняй частцы знаходзяцца дзве сажалкі, а ва ўрочышчы Кут у лясным масіве ляжыць валун — «камень філарэтаў», каля якога А. Міцкевіч, яго сябры Т. Зан, Я. Чачот, І. Дамецка, Ю. Яжэўскі, Ф. Малеўскі і інш. беларускія вальнадумцы давалі клятву адданасці ідэалам свабоды, братэрства і незалежнасці.

Парк моцна пашкоджаны ў перыяд 1-й сусветнай вайны (у гэтым раёне праходзіла лінія фронту). У 1931 годзе Туганавіцкі парк як гісторыка-культурны помнік па прапанове Міцкевічаўскага камітэту быў узяты пад дзяржаўную ахову. Былі праведзены работы па яго добраўпарадкаванню: высаджаны елкі, адрамантаваны фундамент дома, зроблена агароджа і брама, устаноўлены ўказальнікі і пастаўлена памятная калона ля «альтанкі Міцкевіча».

Сядзіба правіць

 
Сядзіба ў Туганавічах. Канец XIX ст.

Паводле малюнкаў В. Дмахоўскага (1861), Н. Орды (1876), а таксама па фотаздымках Я. Булгака, Т. Барэцці і К. Карповіча (пачатак ХХ ст.) вядома, што ў параднай частцы парку быў размешчаны невялікі палац з рысамі позняга класіцызму. З боку вёскі Карчова шырокая ўязная тапалёвая алея вяла да сядзібных пабудоў: жылога дома, аранжарэі, млына і ветрака, карчмы, фамільнай капліцы-пахавальні, флігеля-«мураванкі» (не зберагліся). Жылы дом, ад якога ацалеў падмурак, быў кампактнай, прамавугольнай у плане, драўлянай пабудовай у адзін паверх, падведзенай пад высокі паўвальмавы дах. Цэнтр атынкаванага франтальнага фасада ў чатыры апраўленыя ў прамавугольныя панэлі акны вылучаўся мансардай, перад якой выступала чатырохслуповая тэраса з балюстраднай агароджай. Ва ўзнятым ганку з бакавымі прыступкамі знаходзіўся нізкі ўваход у падвальны склеп. У канцы ХІХ стагоддзя да тарца дома далучылася бесстылёвая зрубная прыбудова. Размешчаны непадалёку флігель, таксама кампактны прамавугольны ў плане аднапавярховы будынак, меў на галоўным фасадзе працяглую веранду з трохвугольным франтонам і паўкруглай люкарнай на ім. На зялёным партэры перад домам і флігелем імкнуліся ўвышыню пірамідальныя таполі.

На адным з узгоркаў узвышалася капліца з фамільнымі пахаваннямі ўладальнікаў маёнтка (разбураная ў 1914 г.), абсаджаная па перыметры дубамі. Гэты кампактны прамавугольны ў плане драўляны будынак пад двухсхільным дахам меў гранёную апсіду, а на галоўным фасадзе — чатырохкалонныя «падчэні» і, як усе будынкі сядзібы, адносіўся да познекласіцыстычнага стылю. Культавую прыналежнасць пабудовы вызначаў толькі каталіцкі крыж на вільчыку даха. У 1860-я гады капліца пераасвечана на Крыжаўзвіжанскую царкву.

На другім пагорку стаяла мураваная альтанка ў выглядзе шасціграннай шатровай вежы. У парку размяшчалася выдатная аранжарэя. Прамавугольны ў плане аднапавярховы будынак з дахам схаваным за парапетам, вылучаўся рэпрэзентацыйным характарам архітэктуры: фасады рытмічна чляніліся высокімі арачнымі вокнамі, а цэнтр франтальнага фасада вылучаў чатырохвосевы рызаліт з поясам ляпных гірлянд і атыкам у завершы. Гаспадарчы двор змяшчаўся з заходняга боку сядзібы.

Палац знішчаны ў Першую сусветную вайну.

Крыніцы правіць

  1. Z. Zinkevičius. Lietuvių asmenvardžiai. Vilnius, 2008. С. 88, 151.

Літаратура правіць

  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — С. 469. — ISBN 5-85700-078-5.
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка горада Баранавічы і Баранавіцкага раёна // Г. К. Кісялёў (галоўны рэдактар), Р. Б. Венцэль, М. К. Дзёмін і інш. (рэдкал.), М. І. Бернат (укладальнік). — Мн.: БЕЛТА, 2000. — 736 с.: іл. — ISBN 985-6302-28-5. — С. 637, 658—659.
  • Несцярчук Л. М. Палацы, паркі, замкі Баранавіцкага раёна. Гісторыя, стан, перспектывы. — Брэст, 1999. — С. 62-66.
  • Габрусь Т., Кулагін А., і інш. Страчаная спадчына. — Мн., 1998. — С. 223—224.

Спасылкі правіць

  • Малюнак Напалеона Орды «Dworek zw. Murowanka i inne zabudowania majątku Wereszczaków w Tuhanowiczach». 1876 года з калекцыі Нацыянальага музея ў Варшаве. MNW Cyfrowe [1]
  • Туганавіцкі парк на сайце «Архіварта»