Ту́ндра (ад фінск.: Tundra — бязлеснае, голае ўзвышша) — тып расліннасці ў арктычным і субарктычным паясах, пераважна ў Паўночным паўшар'і. Характарызуецца бязлессем, развіццём імховага і лішайнікавага покрываў, шматгадовых траў, кустоў і інш. Па характары паверхні тундры бываюць багністыя, тарфяныя, камяністыя. Паўднёвую мяжу тундры прымаюць за пачатак Арктыкі.

Зона тундры
Тундра ў Сібіры

Тундравыя зоны — прыродныя зоны мацерыкоў у арктычных і субарктычных паясах (пераважна ў Паўночным паўшар'і), у прыродных ландшафтах якіх пераважае тундра. У Паўночным паўшар'і працягваецца паласой 300—500 км шырыні ўздоўж паўночных узбярэжжаў Еўразіі (больш за 3 млн. км²), у Паўночнай Амерыцы і прылеглых астравах — паміж арктычных пустынь зонай на поўначы і лесатундравай зонай на поўдні. Асобныя ўчасткі горнай тундры (напр., у гарах Сібіры) знаходзяцца на значнай адлегласці ад марскога ўзбярэжжа. У Паўднёвым паўшар'і ўчасткі тундры ёсць на астравах каля Антарктыды.

Тундра вызначаецца нізкім радыяцыйным балансам (у Паўночным паўшар'і на поўначы 29—34 кДж/см², на поўдні да 84 кДж/см², з кастрычніка па красавік ён адмоўны), суровай працяглай зімой (8—9 месяцаў), у час якой 60—80 сутак доўжыцца палярная ноч. Сярэднія тэмпературы студзеня ад -5°С да -10°С, на паўночным усходзе Сібіры і Далёкім Усходзе да -50°С. Снегавое покрыва трымаецца з кастрычніка па чэрвень, часгыя бураны. Лета кароткае з працяглым палярным днём, тэмпературы да 10—15°С адзначаюцца 2—3 месяцы (найбольш цёплы ліпень. жнівень); замаразкі магчымы ў любы дзень лета. Характэрна высокая вільготнасдь паветра, частыя туманы, імжа. Ападкаў на раўнінах 200—400 мм, у гарах да 750 мм за год. Выпаральнасць нізкая, што спрыяе ўтварэнню балот і пераўвільготненых глеб. Вегетацыйны перыяд да 50—100 сутак.

Пашырана шматгадовая мерзлата, формы мярзлотнага рэльефу, азёры, балоты. Тундравыя глебы фарміруюцца ва ўмовах халоднага кяімату, пастаяннага пераўвільгатнення на пародах цяжкага механічнага складу, пад малапрадукцыйным раслінным покрывам. Звычайна маламоцныя, грубагумусныя, з нізкай мікрабіялагічнай актыўнасцю, часта адзначаюцца прыкметы мярзлотных з'яў. Падзяляюцца на глеевыя, падзолістыя, дзярновыя, перагнойна-карбанатныя і інш.

Пераважае бязлессе, разрэджанае імхова-лішайнікавае, месцамі травяное покрыва. Характэрны карлікавыя дрэвавыя расліны, сланікі, кусты. Вылучаюць тундру: субарктычную, арктычную, горную, таксама імховую, лішайнікавую, кустовую, купістую (дзернавіна ўтварае купіны) і паліганальную. У тундры пераважаюць шматгадовыя карлікавыя і сцелістыя расліны (бяроза карлікавая — ернік, вярба палярная, кедравы сланік і інш.) або падушачных форм. Уласціва разнастайнасць дамінантных відаў і мазаічная структура, абумоўленая крыягенным рэльефам. Для жывёльнага свету характэрны паўночны алень, воўк, лемінгі, пясец, белая і тундравая курапаткі, вадаплаўныя птушкі, шматлікія камары і інш.

Насельніцтва занята аленегадоўляй, рыбалоўствам, паляваннем на пушнога і марскога звера, зборам ягад, у асобных рэгіёнах здабычай карысных выкапняў. Экасістэмы тундры лёгка парушаюцца ў выніку антрапагеннага ўздзеяння і з цяжкасцю аднаўляюцца.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць