Турнірны шлем — тып сярэднявечнага шлема, прызначаны для выкарыстання на рыцарскіх турнірах. Ужываўся да знікнення саміх турніраў у 16 ст.

У якасці турнірнага мог ужывацца і просты баявы шлем; так, прыблізна з 1340 вялікія шлемы перайшлі з разраду баявых ў турнірныя (а як баявыя, былі замененыя бацынетамі). Аднак, звычайна на турнірах, дзеля бяспекі, карысталіся шлемамі з канструкцыяй, радыкальна ўзмоцненай за кошт масы шлему і агляду з яго (дадатковыя бранявыя накладкі, звужаныя зрокавыя шчыліны і вентыляцыйныя адтуліны, асабліва з боку капійнага ўдару, і пад.). Прыблізна з 1420 з'явіліся і адмысловыя канструкцыі турнірнага шлема — для капійнага («жабіна пыса») і для мечнага бою («птушыная клетка»). Гэтыя адмены мелі яшчэ больш моцную канструкцыю і вялікую масу.

Турнірны шлем «жабіна пыса» з трох бакоў, гравюра Дзюрэра, 1498.

Шлем «жабіна пыса» быў закрыты і складаўся з звона і прымацаванай спераду суцэльнай пласціны-шчытка, якая мела скруглены край, падняты вышэй за ніжні край пераду звона (пры поглядзе на шлем зверху канструкцыя нагадвала жабіну пысу, адсюль назва). Утвораная такім чынам зрокавая шчыліна магла быць карыснай толькі пры нахіленай наперад галаве, у час збліжэння на капійны ўдар. У момант самога ўдару галаву належала падняць, і пад кап'ё падстаўлялася суцэльная гладкая і тоўстая пласціна, якая не чыніла небяспекі і пры саслізгванні кап'я — у такой праекцыі не існавалі адтуліны і дэталі, якія б маглі скіраваць наканечнік унутр шлема (Гл. таксама смерць караля Генрыха II).

Турнірны шлем для мечнага бою пач. 16 ст.

Шлем «птушыная клетка» для мечнага бою быў прызначаны для забеспячэння найлепшага агляду і не мусіў вытрымліваць канцэнтраваных пранікальных удараў капійнага бою. Таму такі шлем меў наогул закрытую канструкцыю з адкрытым тварам і лічынай — моцна выпуклай наперад клеткай з прутоў. Такі шлем у манеўраным мечным баі закрываў твар, але даваў і шырокі кут агляду; у капійным баі такі шлем быў бы проста небяспечным для ўладальніка.

Літаратура правіць

  • Эварт Окшотт. Рыцарь и его доспехи [A knight and his armour]; Рыцарь и его доспехи. Латное облачение и вооружение. — М. : ЗАО Центрполиграф, 2007. — 187 с. ISBN 978-5-9524-2636-8. C.7—88.