«Тэтылья» (галіс.: queixo tetilla — «смочка») — традыцыйны галісійскі паўцвёрды сыр з каровінага малака цёмна-крэмавага колеру з дзірачкамі. Лёгка плавіцца. Сыр тэтылья мае багаты водар і далікатны пікантны і свежы цытрынавы смак з ноткай зялёнай травы; мае мяккую кансістэнцыю і цягучую тэкстуру. Звычайна падаецца ў якасці дэсерту з айвавым мармеладам.

Сыр атрымаў назву ад арыгінальнай конусападобнай формы сырнай галоўкі, які мае вагу ад 0,5 да 1,5 кг, дыяметр і вышыню ад 90 да 150 мм. Для вытворчасці тэтыльі выкарыстоўваецца малако кароў бурай альпійскай, фрызскай і галісійскай парод. Перыяд паспявання сыра — да аднаго месяца. Першапачаткова тэтылью выраблялі на тэрыторыі правінцый Ла-Карунья і Пантэведра, але ў цяперашні час тэтыльяй прызнаюцца ўсе сыры, вырабленыя на тэрыторыі Галісіі па адпаведнай тэхналогіі.