Stadler FLIRT (ням.: Flinker Leichter Innovativer Regional Triebzug, г.зн. Хуткі, лёгкі, інавацыйны, рэгіянальны маторвагонны рухомы склад) — сямейства нізкападлогавых электрацягнікоў для міжрэгіянальных і прыгарадных зносін вытворчасці кампаніі Stadler Rail AG. Пачынаючы з трэцяга пакалення FLIRT таксама выпускаюцца дызель-электрычны і бімадальны (з абодвума відамі цягі) варыянты цягнікоў.

Электрацягнiкi ЭПр i ЭПг правіць

30 ліпеня 2009, у інтэрв'ю агенцтву БЕЛТА, кіраўніцтвам БЧ было абвешчана аб арганізацыі праекта па запуску ў Мінску гарадской электрычкі, з першым маршрутам на адрэзку ад станцыі Ждановічы да станцыі Мінск-Пасажырскі.[1] 12 лістапада 2009 года Беларускай чыгункай было апублікаванае запрашэнне да ўдзелу ў адкрытым конкурсе на закупку дзесяці электрацягнікоў у чатырохвагонным выкананні, з аб'ёмам закупкі ў грашовым вымярэнні 58 000 000 еўра і датай правядзення конкурсу 14 снежня 2009. Удзел у конкурсе прынялі кампаніі Alstom (Францыя), Bombardier (Канада), Siemens (ФРГ) і Stadler (Швейцарыя). Пераможцам тэндэру 28 студзеня 2010 была абвешчаная швейцарская кампанія Stadler.[2] Немалаважную ролю ў перамозе адыграла наяўнасць у лінейцы прадукцыі Stadler версіі FLIRT пад шырокую каляіну 1524 мм для фінскага аператара Junakalusto Oy.

19 сакавіка 2010 года ў Мінску быў падпісаны кантракт на пастаўку 10 электрацягнікоў: 4-х у рэгіянальным выкананні і 6 — у гарадскім, з пастаўкай першага складу ў снежні таго ж года.[3] Пагадненне было прафінансавана за кошт крэдытнай лініі, дадзенай Zürcher Kantonalbank (ZKB) на карысць Беларусбанка без гарантыі беларускага ўрада, пад пакрыццё швейцарскага агенцтва па страхаванні экспартных крэдытаў SERV, на суму 61 млн еўра з тэрмінам пагашэння 10 гадоў.[4] Першыя вагоны былі гатовыя ўжо 2 жніўня 2010.[5] Гэта стала магчымым дзякуючы вытворчасці партыі цягнікоў серыі Sm5, што працягвалася для аператара прыгарадных зносін з Хельсінкі Junakalusto. БЧ пагадзілася на ідэнтычную фінскім складам шырыню кузава ў 3200 мм, замест стандартнай для беларускіх электрацягнікоў шырыні 3480 мм, што зрабіла магчымым выкарыстоўваць тую ж вытворчую лінію для выпуску двух партый адначасова. Раней, у чэрвені, швейцарскімі спецыялістамі быў абраны спосаб і маршрут дастаўкі (аўтамабiльным шляхам на 6 грузавіках, праз пагранічны пераход «Казловічы») i агледжана месца для выгрузкі вагонаў — 67 шлях Мінскага няцотнага парку станцыі Баранавічы-Цэнтральныя — дзе планавалася ўсталёўваць вагоны электрацягніка на вазкi двума аднаўленчымі кранамі. 6 студзеня 2011 г. на заводзе Stadler ў Буснанге першы цягнік — ЭПг-001 — быў фармальна ўручаны прадстаўнікам БЧ, а 12 лютага 2011 — дастаўлены ў дэпо Баранавiчы i ў той жа дзень пастаўлены на вазкi. Адтуль 18 лютага цягнік давезлi да станцыi Памыслішча электравозам ЧС4т, адкуль ён сваім ходам прыбыў у маторвагоннае дэпо Мінск.[6]

ЭПг-002 прыбыў у Беларусь 25 лютага[7], а ЭПг-003 — 31 сакавiка 2011.[8] Да 17 красавіка органам па сертыфікацыі ТАА «Балтыйскі выпрабавальны цэнтр» з удзелам спецыялістаў БЧ і прадстаўнікоў кампаніі Stadler праводзіліся сертыфікацыйныя выпрабаванні на адпаведнасць электрацягнікоў патрабаванням тэхнічных умоў і канструктарскай дакументацыі ў галіне забеспячэння бяспекі руху, электрамагнітнай сумяшчальнасці, функцыянальнай, пажарнай, экалагічнай і электрабяспекі, эрганомікі і аховы здароўя. У ходзе выпрабаванняў электрацягнік ЭПг-002 на адрэзку Даманава—Лясная развіў рэкордную для Беларускай чыгункі хуткасць — 176 км/г. Для імітацыі запоўненасцi пасажырамі электрацягнік быў загружаны спецыяльнымі мяшкамі з пяском, агульнай вагой 42,8 тоны.[9] Дадаткова, 16 чэрвеня 2011, на адрэзку Мiнск-Паўночны — ст. Аляхновічы праводзiлiся выпрабаваннi электрацягнікоў па сістэме многіх адзінак, у счэпцы з трох складаў агульнай даўжынёй больш за 225 метраў на хуткасці 120 км/г.[10]

27 мая 2011 года органам па сертыфікацыі і кампаніяй Stadler прадастаўлена заключэнне, якое дазваляе допуск электрацягніка да эксплуатацыі з пасажырамі, а з першага ліпеня пачалася тэставая эксплуатацыя з пасажырамі па маршруце ст. Мінск-Пасажырскі — ст. Беларусь.[11] Рэгулярны рух на гэтым адрэзку пачаўся 6 верасня 2011 [12], а 10 кастрычнікa 2011 адкрыўся тэставы рух па маршруце Мінск—Калядзічы—Рудзенск[13].

Першы электрацягнік серыі ЭПр-001 для рэгіянальных ліній Беларускай чыгункі прайшоў прыёмку ў Буснанге 21 верасня 2011[14] i быў дастаўлены ў Баранавічы 27 верасня 2011.[15][16] 30 верасня ён быў ужо ў Мінску, дзе праводзіліся пуска-наладачныя працы і абкатка.[17]

19 лістапада ў 12.43 са станцыі Брэст-Цэнтральны электрацягнік рэгіянальных ліній бізнес-класа ЭПр адправіўся ў першы рэйс па маршруце Брэст — Баранавічы. У гэты ж дзень ЭПр пачаў курсаваць па маршруце Баранавічы — Мінск. У адваротным кірунку электрацягнік пачаў перавозіць пасажыраў з 20 лістапада. Падчас пачатковай рэгулярнай эксплуатацыi ажыццяўляўся адзiны рэйс на дзень па кожным з маршрутаў у абодвух кiрунках, з прыпынкамi Койданава і Стоўбцы на адрэзку Мiнск — Баранавічы i Івацэвічы, Бяроза-Горад, Жабінка на адрэзку Баранавічы — Брэст.[18]

21 лістапада 2011 у пункт мытнага афармлення Казловічы даставілі ЭПр-002[19], у Баранавiчы ён трапiў праз два днi.[20] ЭПр-003 прайшоў папярэднюю прыёмку ў Буснанге 15 снежня 2011,[21] 12 студзеня 2012 дастаўлены ў дэпо Баранавічы.

24 снежня 2011 электрацягнік рэгіянальных ліній бізнес-класа ЭПр адправіўся ў першы рэйс па маршруце Мінск — Орша, курсуючы двойчы ў дзень з прыпынкамі ў Смалявічах, Жодзіна, Барысаве, Крупках, Талачыне.[22]

ЭПр-004 дастаўлены ў дэпо Баранавічы 8 лютага 2012. [23] 4 красавіка ў Мінск прыбыў чацвёрты электрацягнік гарадскіх ліній — ЭПг-004 — са змененай схемай афарбоўкі (бел-чырвона-белы бок даху зменены на суцэльна чырвоны), ЭПг-005 прыбыў у лакаматыўнае дэпо Баранавічы 16 мая,[24] шосты i апошнi цягнiк гарадскiх лiнiй ЭПг-006 паступіў у дэпо Мінск-Паўночны 15 лiпеня.

5 красавіка 2013 адбылося адкрыццё руху цягнікоў рэгіянальных ліній на адрэзку Мінск — Бабруйск.[25] З 29 верасня 2013 адчынены рух па маршруце Мiнск — Жлобiн — Мiнск.[26] З 1 чэрвеня 2014 электрацягнiкi ЭПр пачалі курсаваць на адрэзку Маладзечна — Мiнск.[27]

Канструкцыя правіць

Вазкi правіць

Кожны цягнік мае два маторныя двухвосевыя вазкі з максімальнай нагрузкай на вось 20,5 т, размешчаныя пад галаўнымі секцыямі, і тры маторныя вазкі Якабса (максімальная нагрузка на вось 19,5 т) паміж секцыямі. Усе пяць вазкоў абсталяваныя пнеўматычнай падвескай з сiстэмай самавыраўнавання, якая забяспечвае аўтаматычнае падтрыманне ўзроўню вагона па вышыні і раўналежнасць падлогі незалежна ад загружанасці яго асобных частак, а таксама дапаможнай падвескай, якая дазваляе працягваць рух са звычайнымі хуткасцямі ў выпадку адмовы пнеўматычнай сістэмы. Колавыя пары складаюцца з напрэсаваных на каваныя восі манаблочных колаў. Вырабленыя ў адпаведнасці з ГОСТ(ДзСТ) на заводзе Stadler у Вiнтэртуры. На кожным з колаў усталяваны дыскавы тормаз, а нематорныя вазкi абсталяваныя электрамагнітным рэйкавым тормазам з абаграванымi калодкамi і спружынным стаянкавым тормазам. У звычайных умовах у якасці асноўнага выкарыстоўваецца электрадынамічны тормаз, а ў выпадку неабходнасці задзейнічаецца пнеўматычны. Таксама на вазку ўсталяваныя пясочніцы, лубрыкатары для змазвання колавых грабянёў і прыёмная шпулька КЛУБ-У.

Электрацягнiкi ЭПрII[28] правіць

21 снежня 2012 Беларуская чыгунка заключыла кантракт са швейцарскай кампаніяй Stadler Bussnang AG на пастаўку ў 2013 — 2014 гадах 6 электрацягнікоў FLIRT для рэгіянальных ліній у пяцівагонным выкананні.[29] Будоўля здзяйснялася на заводзе фірмы ў Седльцах, Польшча.[30]

ЭПр-005 прыбыў у Мiнск 14 снежня 2013, ЭПр-006 — 28 снежня, ЭПр-007 — 25 студзеня 2014, ЭПр-008 — 1 лютага, ЭПр-009 — 8 сакавiка i апошнi з партыi ЭПр-010 — 23 сакавіка 2014.

З 1 мая 2014 пяцівагонныя электрацягнікi былi ўведзеныя ў эксплуатацыю на маршрутах Мінск —Баранавічы, Баранавічы — Брэст і Мінск — Орша. [31]

Нататкi правіць

Здарэннi правіць

  • Арыгінальны цягавы трансфарматар ЭПг-003 быў пашкоджаны падчас аўтамабільнай транспарціроўкі па тэрыторыі Польшчы (закранулі мост). У Баранавічах трансфарматар заменены новым.
  • 23 снежня 2011 на чыгуначным шляху каля следчага ізалятара №6 г. Баранавічы 74-гадовая жанчына з праблемамi слыху была смяротна траўмаваная электрацягніком ЭПр-001, калі пераходзіла чыгуначнае палатно па пешаходным насціле.[32]  Электрацягнік атрымаў нязначныя механічныя пашкоджанні.
  • У студзенi 2012 на ЭПр-001 было пашкоджанае лабавое шкло ў левым ніжнім куце з боку машынiста, як меркавалася наўмысна, падчас руху ў задняй кабіне. Электрацягнік на некалькi дзён быў зняты з эксплуатацыі да прыезду прадстаўніка завода (26 лютага 2012 у Баранавiчах шкло было вымененае на новае). У сувязі з гэтым з 7 студзеня 2012 г. на баранавіцкім напрамку замест ЭПр былi пушчаныя ЭПг. Пазней падобныя выпадкi замены ЭПр на ЭПг з-за розных паломак, альбо пашкоджанняў шкла здаралiся яшчэ неаднаразова.
  • 25 студзеня 2012 г. каля 17:10 на 589-м кіламетры перагона Слаўнае — Талачын электрацягнік ЭПр-001 зносінамі Мінск — Орша збіў лася. Электрацягнік атрымаў нязначныя механічныя пашкоджанні (былi пашкоджаныя аўтасчэпка, буфер і пластыкавы бампер).[33]
  • 6 сакавіка 2012 на станцыі Калодзішчы цягнік рэгіянальных ліній ЭПр-001 Мінск — Орша смяротна траўмаваў непрацуючага мінчаніна 1984 года нараджэння.[34] Электрацягнік атрымаў нязначныя механічныя пашкоджанні.
  • 24 красавіка 2012 ў Баранавіцкім раёне на пешаходным насціле станцыі Лясная цягніком ЭПр-004 Баранавічы - Брэст была смяротна траўмаваная пенсіянерка 1936 нараджэння.[35]
  • 3 мая 2012 на перагоне Памыслішча — Фаніпаль ЭПр-002 ўчынiў наезд на жанчыну.
  • 12 лістапада 2012 у 20.15 на перагоне Грыцавец — Лясная пад электрацягнік ЭПр-002 Баранавічы — Брэст трапіў пенсіянер з Ляхавіцкага раёна 1949 нараджэння.[36]
  • 9 снежня 2012 ЭПр-003 маршрутам Мiнск — Орша — Мiнск на выездзе з дэпо зламаў токапрымач i быў заменены ЭПг-005.
  • 6 ліпеня 2013 г. адбыўся выпадак смяротнага траўмавання чалавека (жыхаркi г. Баранавічы 1943 нараджэння) электрацягніком Stadler FLIRT паблізу прыпыначнага пункта Крошын.[37]
  • 14 верасня 2013 ЭПр-002 Баранавічы — Мінск збіў чалавека.[38] Пашкоджаны пластыкавы бампер.
  • 5 студзеня 2014 на перагоне Мінск-Паўднёвы — Калядзічы пры пераходзе шляху ў неўсталяваным месцы электрацягнiком ЭПг-002 быў смяротна траўмаваны мужчына.[39]
  • 18 студзеня 2014 года ЭПр-004 на перагоне Барысаў — Жодзіна насмерць збіў чалавека.
  • 18 лютага 2014 пад ЭПг-003 на перагоне станцыя Бабруйск — станцыя Мірадзіна трапіў пенсіянер ў стане алкагольнага ап'янення.[40]
  • 16 чэрвеня 2014 ЭПр-008 на чыгуначным пераездзе Хорабрава збіў чалавека.

Зноскі правіць

  1. Белорусская железная дорога планирует запустить в Минске современную городскую электричку. (руск.)
  2. Швейцарская компания Stadler поставит поезда для городской электрички в Минске. (руск.)
  3. Stadler wins in Belarus (англ.)
  4. Беларусбанк и Zurcher Kantonalbank профинансируют поставку в Беларусь 10 швейцарских электропоездов (руск.)
  5. Первые вагоны «городской электрички» собраны в Швейцарии. (руск.)
  6. Первый электропоезд для «Городских линий» прибыл в Минск. (руск.)
  7. Второй швейцарский электропоезд для "Городских линий" прибыл в Беларусь (руск.)
  8. Третий электропоезд для «Городских линий» прибыл в Беларусь. (руск.)
  9. Завершились сертификационные испытания электропоездов серии ЭПг производства компании Stadler для «Городских линий». (руск.)
  10. Белорусские железнодорожники и швейцарские специалисты провели тестирование электропоездов для «Городских линий» по системе многих единиц. (руск.)
  11. Белорусская железная дорога приступила к тестовой эксплуатации с пассажирами электропоездов ЭПГ. (руск.)
  12. Белорусская железная дорога 10 сентября открывает регулярное движение электропоездов городских линий. (руск.)
  13. Сегодня электропоезда городских линий ЭПГ начали курсировать в тестовом режиме по маршруту Минск–Колядичи–Руденск. (руск.)
  14. Первый электропоезд для региональных линий БЖД прошел приемку в Швейцарии. (руск.)
  15. Первый электропоезд серии ЭПр для региональных линий Белорусской железной дороги прибыл в Беларусь. (руск.)
  16. У Баранавічы прывезлі першую рэгіянальную электрычку «Stadler»
  17. Первый электропоезд серии ЭПр для региональных линий Белорусской железной дороги прибудет сегодня в Минск. (руск.)
  18. Белорусская железная дорога открывает регулярное движение электропоездов региональных линий 19 ноября. (руск.)
  19. Второй электропоезд серии ЭПр для региональных линий Белорусской железной дороги прибыл в Беларусь. (руск.)
  20. В Барановичи привезли вторую электричку для региональных линий. (руск.)
  21. Электропоезд серии ЭПр для региональных линий Белорусской железной дороги проходит приемку в Швейцарии. (руск.)
  22. Электропоезд региональных линий бизнес-класса отправится в первый рейс по маршруту Минск-Орша 24 декабря. (руск.)
  23. Четвертый электропоезд серии ЭПР для региональных линий Белорусской железной дороги прибыл в Беларусь. (руск.)
  24. Пятая городская электричка доставлена в Беларусь из Швейцарии. (руск.)
  25. Движение электропоездов региональных линий на участке Минск-Бобруйск будет открыто 5 апреля. (руск.)
  26. Белорусская железная дорога открывает регулярное движение электропоездов региональных линий на участке Минск—Жлобин 29 сентября. (руск.)
  27. ФОТОФАКТ: Швейцарский электропоезд «Штадлер» начал курсировать на участке Молодечно-Минск 1 июня. (руск.)
  28. С июня на участках с интенсивным пассажиропотоком Минск-Барановичи-Брест и Минск-Орша начали курсировать электропоезда региональных линий повышенной комфортности ЭПРII в пятивагонном исполнении. (руск.)
  29. Белорусская железная дорога заключила контракт с компанией Stadler Bussnang AG напоставку 6 электропоездов  для региональных линий. (руск.)
  30. Białoruskie Flirty zostaną wyprodukowane w Siedlcach. (польск.)
  31. Пяцівагонныя электрацягнікi рэгіянальных ліній бізнес-класа з 1 мая пачнуць курсіраваць па маршрутах Мінск —Баранавічы, Баранавічы — Брэст і Мінск — Орша.
  32. Жительница Барановичей погибла под колесами швейцарской электрички. (руск.)
  33. Электропоезд Stadler сбил в Толочинском районе лося. (руск.)
  34. За один день на железных дорогах Беларуси погибли три человека
  35. Три человека погибли на железной дороге в минувшие выходные. (руск.)
  36. Пенсионер погиб под колесами электрички в Брестской области. (руск.)
  37. Попали под поезд. (руск.)
  38. На въезде в Минск поезд "Штадлер" сбил человека? (руск.)
  39. Железнодорожный транспорт — зона повышенной опасности. (руск.)
  40. Под колесами поезда в Бобруйске погибла женщина. (руск.)