Указ пра нашэнне школьнай формы (1978)

Указ пра нашэнне школьнай формы выдадзены ў 1978 годзе цэнтральна-афрыканскім імператарам Бакасам I. Выклікаў моцны рэзананс і хваляванні ў краіне, а рэакцыйныя меры рэжыму прычыніліся ўмяшанню Францыі і звяржэнню Бакасы.

Бакаса I

Перадумовы правіць

Да 1979 года эканамічны стан Цэнтральна-Афрыканскай Імперыі (ЦАІ) значна пагоршыўся. Дзяржава аказалася ў поўнай залежнасці ад замежнай дапамогі, у асноўным французскай — дзяржаўны доўг краіны вырас у дзесяць разоў, пераважныя пазіцыі ў эканоміцы ЦАІ працягвала займаць Францыя. Урад вымушаны быў звяртацца да розных спосабаў палягчэння сітуацыі. Напрыклад, у студзені 1978 года на пасяджэнні Палітбюро РСЭЧА прыняла рэзалюцыю пра забарону нацыяналізацыі прыватнай уласнасці, па задуме ўраду, гэта мусіла прыцягнуць нацыянальных і замежных інвестараў у ЦАІ.

У гэтых умовах Бакасам быў выдадзены Указ, усе школьнікі і студэнты ў імперыі абавязваліся купіць спецыяльную форменную вопратку і насіць яе ў межах навучальных устаноў. Пашывам формы з партрэтам Бакасы займаліся фабрыкі, якія належалі яго сям’і, прадавалася форма ў крамах, якія належалі сям’і імператара. Большасць цэнтральна-афрыканскіх сем’яў не магла дазволіць сабе купіць форму коштам 20 долараў ЗША, пры гадавым заробку фермера ў 136 долараў ЗША. Чыноўнікі ў гарадах зараблялі крыху болей, але заробкі ім не выплачвалі месяцамі.

Ход падзей правіць

Першыя хваляванні школьнікаў і студэнтаў пачаліся 18 студзеня 1979 года, яны пратэставалі супраць абавязковага нашэння формы. Спачатку мірнае шэсце да цэнтра горада паступова ператварылася ў бунт, для падаўлення якога былі адпраўлены воінскія падраздзяленні. У выніку загінула да 150 чалавек.

У красавіку 1979 года сітуацыя паўтарылася. З навучальных устаноў хвалявання перакінуліся на гарадскія кварталы, ператварыліся ў стыхійнае паўстанне — з пабудовай барыкад і неаднаразовымі штурмамі афіцыйных устаноў. Улады адрэагавалі больш жорстка — салдаты імператарскай гвардыі і іншых падраздзяленняў атрымалі санкцыю на арышт дзяцей і маладых людзей ва ўзросце ад 6 да 25 гадоў, якіх дастаўлялі ў турму і кідалі ў перапоўненыя камерах. Французскія журналісты апісвалі далейшыя падзеі наступным чынам:

Сотні дзяцей змешчаны ў цэнтральную турму, якая знаходзіцца побач дыпламатычнага квартала, на беразе Убангі, дзе на двары салдаты топчуць іх нагамі, а затым кідаюць у камеры. Не ў сабе ад лютасці, Бакаса праводзіць у турме дзве ночы, каб даць дзецям «добры ўрок». Пасля гэтага ўроку ў турме памірае каля ста чалавек. Трупы ўпотай закопваюць у агульных магілах або выкідаюць ў раку.

Таксама ёсць звесткі, што каля сотні дзяцей былі прывезены ў грузавіку на двор палаца Бакасы ў Берэнга. Паводле сведчанняў, сабраных журналістам Бернарам Луба, іх прымусілі легчы на зямлю, і п’яны імператар загадаў кіроўцы грузавіка праехаць па іх. Пасля, як кіроўца адмовіўся, Бакаса сам сеў за стырно і ездзіў на грузавіку туды-сюды, пакуль, на яго думку, не загінула апошняе дзіцё. Тых, хто ўсё ж выжыў, імператар, па словах журналіста, уласнаручна дабіваў палкай.

Наступствы правіць

Калі пра масавыя забойствы даведаліся ва французскім пасольстве ў Банга, улады Францыі на чале з прэзідэнтам Валеры Жыскар д’Эстэнам былі вымушаныя прызнаць сваю памылку, у падтрымцы рэжыму Бакасы. Праз месяц пасля падзей, калі Бакаса з жонкай адправіўся з афіцыйным візітам у Лівію, сіламі дэсантнікаў ВПС Францыі у Банга здзейснена аперацыя «Баракуда» — бяскроўны пераварот, які спыніў панаванне Бакасы і аднавіў рэспубліканскую форму праўлення ў дзяржаве.

Літаратура правіць