Уладзімір Мехаў

пісьменнік

Уладзімір Мехаў, сапр. Уладзімір Львовіч Няхамкін (25 сакавіка 1928, Рагачоў, Гомельская вобласць — 7 ліпеня 2017, Мінск) — беларускі журналіст, празаік, сцэнарыст, перакладчык.

Уладзімір Мехаў
Уладзімір Львовіч Няхамкін
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 25 сакавіка 1928(1928-03-25)
Месца нараджэння
Дата смерці 7 ліпеня 2017(2017-07-07) (89 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства Сцяг СССР СССРСцяг Беларусі Беларусь
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці пісьменнік
Кірунак гістарычная проза
Мова твораў беларуская, руская
Дэбют 1951
Прэміі
Дзяржаўная прэмія БССР

Біяграфія правіць

Нарадзіўся ў сям’і рабочага. У 1945—1950 гг. вучыўся на аддзяленні журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Адначасова працаваў у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва», ва ўніверсітэцкай шматтыражцы. Пасля заканчэння ўніверсітэта працаваў у рэдакцыі газеты «Чырвоная змена» літсупрацоўнікам, загадчыкам аддзела. У 1960—1961 гг. быў рэдактарам на Беларускім радыё. Потым зноў у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва» — загадчык аддзела, адказны сакратар. У 1975—1988 гг. — старшы рэдактар, каментатар на Беларускім радыё.

Творчасць правіць

У друку з мастацкімі творамі выступаў з 1951 года. Аўтар зборнікаў аповесцей, апавяданняў і нарысаў «Сцяг над рэўкомам» (1958), «Апошняя яўка» (1959), «Помнік герою» (1961), «Станцыя паблізу Тамбова» (1964), «Добры вечар, камбат» (1970), «Слухаецца справа аб замаху» (1972), «Старадаўняя гравюра» (1974), зборніка дыялогаў «Сустрэчы ў радыёстудыі» (1985). Асобныя эсэ і апавяданні ўвайшлі толькі ў зборнікі на рускай мове «Зарево» (1977), «Старинная гравюра» (1982), «…О которых я очень забочусь» (1988).

Аўтар п’ес для юнакоў «Чырвоны губернатар» (пастаўлена ў 1967) і «Палёт» (1970, пастаўлена ў 1969), сцэнарыяў больш як дваццаці дакументальных фільмаў, шэрагу радыёпастановак, у т.л. «Засада ў горадзе Менску» паводле апавядання А. К. Дойла (1970-я).

Пераклаў на беларускую мову кнігу татарскага пісьменніка Ш. Ракіпава «Адкуль ты, Жан?». Пасля паездкі ў Ізраіль (кастрычнік-лістапад 1995 года) напісаў эсэ «Глыток Ізраіля»[1][2].

Прызнанне правіць

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1986) як адзін са стваральнікаў цыкла гісторыка-рэвалюцыйных дакументальных фільмаў — «Рэвалюцыя дае нам права», «Мост», «Чарвякову… спешна… Ленін», «Гісторыя адной тэлеграмы».

Зноскі

Літаратура правіць