Фабіян Малішоўскі

Фабіян Малішоўскі (19 лістапада 1583, Пшэмысль — 1644, Стоўбцы) — каталіцкі царкоўны дзеяч.

Фабіян Малішоўскі
Дзейнасць каталіцкі святар
Нараджэнне 9 (19) лістапада 1583
Смерць 1644[1]
Пахаванне
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія правіць

Нарадзіўся ў 1583 годзе ў Пшэмыслі. У ордэн дамініканцаў уступіў у Львове, у манастыры Божага Цела, дзе склаў законныя шлюбы 17 мая 1602 года. У 1607 годзе пасвечаны ў святары. Удзельнічаў у генеральнай капітуле ў Лісабоне (1618). З 1622 г. — пракурор правінцыі ў Мілане; прыёр у Езупалі (Украіна). магістр тэалогіі (1628).

 
Слуга Божы Фабіян Малішоўскі з касцёлам дамініканцаў у Стоўбцах. Другая палова XVIII ст. Нацыянальны музей у Кракаве.

З 1629 г. — прыёр дамініканскага манастыра ў Стоўбцах, з 1634 г. — правінцыял тагачаснай рускай правінцыі, у 1640—1644 гг. — зноў прыёр у Стоўбцах. Тут у 1640 г. пабудавана мураваная святыня пад іменем святога Казіміра, аздобленая каменнымі алтарамі.

Памёр 12 жніўня 1644 года.

Ушанаванне правіць

На працягу двух вякоў цела айца Фабіяна не паддавалася тленню, аб гэтым сведчаць кансісторскія і дзеканскія акты 1741, 1743, 1754 гадоў і сведчанні людзей (не толькі католікаў, але і схізматыкаў, і яўрэяў), якія прыходзілі пакланіцца айцу Фабіяну.

У 1741 г. віленскі біскуп Міхаіл Зяньковіч даў загад перанесці цела айца Фабіяна ў склеп фундатараў, які знаходзіўся пад капліцай святога Дамініка. Правінцыял ордэна айцец Рэмігіюш Бабінскі занатаваў кароткае апісанне жыцця айца Фабіяна, якое абапіралася на апавяданні старых айцоў-законнікаў. Так з’явілася «Кніга жыцця» — спіс 150 цудаў і ласкаў, што адбыліся пры дапамазе айца Фабіяна на працягу 1742—1757 гг.

Фабіян Малішоўскі быў пахаваны ў крыпце пабудаванай ім святыні. Як сведчаць гістарычныя дакументы, на месцы пахавання манаха адбываліся цуды, што давала падставы для распачацця яго беатыфікацыйнага працэсу.

У 1833 г. манастыр у Стоўбцах закрылі. Касцёл перайшоў свецкаму духавенству. Пазней у ім была праваслаўная царква. Культ айца Фабіяна ўсё роўна існаваў, да таго ж і сярод праваслаўных. Аднак «зверху» прыйшоў загад, «польскага святога» ліквідаваць, і гроб закапалі.

 
Труна Фабіяна Малішэўскага ў капліцы касцёла. 1930-я.

У 1920 г. польскі ўрад аддаў святыню католікам, якія рашылі адшукаць цела айца Фабіяна. У лістападзе 1922 труна з целам была знойдзена. 27 сакавіка 1927 г. пачаўся беатыфікацыйны працэс.

У 1958 годзе храм быў узарваны. Астанкі Фабіяна Малішоўскага ўдалося адшукаць толькі ў 2021 годзе. Што гэта менавіта астанкі святара пацвердзілі эксперты Следчага камітэта, якія правялі шэраг экспертыз[2].

9 снежня 2022 года ў Стоўбцах адбылася цырымонія перадачы і перапахавання ў новазбудаваным касцёле Святога Казіміра рэшткаў Фабіяна Малішоўскага[3].

Зноскі

  1. Fabian Maliszowski
  2. zviazda.by(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 14 снежня 2022. Праверана 10 снежня 2022.
  3. catholic.by

Спасылкі правіць