Фаналогія (ад грэч. phōnē гук і грэч. logós слова, вучэнне) — раздзел фанетыкі, які вывучае фанемы і іх сістэму.

Мовазнаўства
Мовы свету
Мовы свету
Тэарэтычная лінгвістыка
Фаналогія

Марфалогія

Сінтаксіс

Семантыка (+лексічная)

Прагматыка

Кагнітыўная лінгвістыка

Генератыўная лінгвістыка
Дэскрыптыўная лінгвістыка
Антрапалагічная лінгвістыка

Эвалюцыйная лінгвістыка (параўнальна-гістарычнае
мовазнаўства
, этымалогія)

Фанетыка

Сацыялінгвістыка
Прыкладная лінгвістыка
Камп'ютарная лінгвістыка

Фарэнсіка

Засваенне мовы

Language assessment

Language development

Прэскрыптывізм

Антрапалагічная лінгвістыка

Нейралінгвістыка

Псіхалінгвістыка

Стылістыка

Антрапалагічная лінгвістыка
Астатняе
Пісьменства

Дэшыфроўка

Тыпалогія

Гісторыя лінгвістыкі

Спіс лінгвістаў

Мовы свету

Нявырашаныя праблемы
Партал:Лінгвістыка

Асноўныя палажэнні вучэння аб фанеме выкарыстоўваюцца пры разглядзе суперсегментных з’яў: націску, інтанацыі, сінгарманізму і інш. Ідэі фаналогіі знаходзяць прымяненне ў тэорыі пісьма — графіцы і арфаграфіі, пры стварэнні алфавітаў, практычнай транскрыпцыі і транслітарацыі, а таксама пры апісанні з’яў словаўтварэння і граматыкі.

Асноўныя пытанні правіць

Да ліку асноўных пытанняў фаналогіі належаць: вызначэнне існасці самой фанемы, г. зн. вызначэнне тых прыкмет, якія складаюць змест фанемы; высвятленне суадносін, з аднаго боку, паміж фанемай і гукамі, у якіх яна рэалізуецца, а з іншага боку, з іншымі фанемамі.

Моўны апарат чалавека можа ўтвараць мноства самых разнастанных у фізічных адносінах гукаў. Але далёка не ўсе яны служаць сродкам адрознення значымых моўных адзінак (марфем, слоў). Напрыклад, розныя ў акустычных і артыкуляцыйных адносінах гукі [т] і [т°] у словах там і т°ом успрымаюцца носьбітамі беларускай мовы як адзін гук [т]. Пры моўных зносінах іх адрозненне неістотнае (адрознівальную функцыю выконваюць гукі |а| і [о]). У іншых, напрыклад лезгінскай мове, наадварот, словы могуць адрознівацца толькі гэтымі гукамі. Гэта азначае, што для пэўнага моўнага калектыву важныя не ўсе магчымыя гукі, а толькі тыя, што служаць сродкам адрознення слоў і іх форм. Такія асноўныя функцыянальна важныя адзінкі мовы, якія служаць для адрознення (ці атаясамлівання) слоў, марфем, называюць фанемамі. Уся разнастайнасць гукаў у кожнай мове зводзіцца да невялікай колькасці фанем, якія ўтвараюць звычайна рацыянальную і эканомную сістэму (у розных мовах свету колькасць фанем вар’іруецца ад 12 да 80).

Фаналогія вывучае гукавы бок мовы ў яго функцыянальным аспекце, таму фаналогію яшчэ называюць функцыянальнай фанетыкай (Гл. таксама Фанетыка).

У цэнтры ўвагі фаналогіі як навуковай дысцыпліны — праблема тоеснасці фанемы як мінімальнай (непадзельнай у часе) сэнсаадрознівальнай адзінкі гукавога ладу мовы. Так, фаналогія вызначае прыкметы, якія складаюць змест фанемы, высвятляе суадносіны, з аднаго боку, паміж фанемай і гукамі, у якіх яна рэалізуецца ў моўнай плыні, а з другога боку, з марфемай, словам. У задачы фаналогіі ўваходзіць таксама вызначэнне колькаснага складу фанем у мове, выяўленне сувязей, што існуюць паміж асобнымі фанемамі і іх групамі, інакш кажучы, устанаўленне сістэмы фанем.

Гісторыя правіць

На розніцу паміж параўнальна невялікай колькасцю гукаў, якія функцыянуюць у мове, і практычна незлічонай колькасцю розных фізічных гукаў, упершыню (1870-я гг.) звярнуў увагу лінгвіст Іван Аляксандравіч Бадуэн дэ Куртэнэ, які распрацаваў палажэнні аб фанемах як «рухомых кампанентах марфем», аб разнастайнасці гукаў, якія аб’ядноўваюцца ў адну фанему, і першым увёў у лінгвістычны ўжытак тэрмін «фанема».

Ідэі Бадуэна дэ Куртэнэ аб розных аспектах фанетыкі — акустчна-артыкуляцыйным і функцыянальным, аб ролі гукаў «у механізме мовы» зрабілі вялікі ўплыў на развіццё фанетычных даследаванняў у рускім і сусветным мовазнаўстве, з’явіліся зыходнымі тэарэтычнымі пасылкамі для розных фаналагічных школ XX ст.

Вялікую ролю ў фарміраванні агульнай тэорыі фаналогіі мелі працы Л. У. Шчэрбы, які вызначыў фанему як адзінку, здольную дыферэнцыраваць словы і іх формы, а таксама працы М. С. Трубяцкога і Р. В. Якабсона. Як самастойная дысцыпліна фаналогія пачала фарміравацца ў канцы XIX ст. і канчаткова аформілася ў 1930-я гады ў Еўропе (пражская лінгвістычная школа, капенгагенская школа — Л. Ельмслеў, О. Есперсен, X. Педэрсен і інш., лонданская школа Д. Джоунза) і ў ЗША (як раздзел дэскрыптыўнай лінгвістыкі). У СССР склаліся дзве фаналагічныя школы — ленінградская (Л. У. Шчэрба, Л. Р. Зіндэр, М. I. Матусевіч, Л. В. Бандарка і інш.) і маскоўская (Р. І. Аванесаў, У. М. Сідараў, М. В. Паноў і інш.). Да 1930-х гадоў адносіцца і пачатак дыяхранічнай фаналогіі, у развіцці якой вялікае значэнне мелі працы Я. Дз. Паліванава, Р. В. Якабсона, А. Марцінэ і інш.

Сучасныя калізіі правіць

Развіваючы ідэі I. А. Бадуэна дэ Куртэнэ, розныя фаналагічныя школы падыходзяць, аднак, з розных бакоў да цэнтральнага пытання фаналогіі — вызначэння сутнасці фанемы, г. зн. вызначэння тых прыкмет, якія складаюць змест фанемы. Яны па-рознаму асвятляюць суадносіны паміж фанемай і гукамі, у якіх яна праяўляецца ў моўнай плыні. Гэта тлумачыцца найперш тым, што фанемы, як і іншыя адзінкі мовы, маюць двума спосабы існавання — у сістэме мовы, дзе яны знаходзяцца ў адносінах апазіцыі (проціпастаўлення адна адной), і ў тэксце, дзе яны рэалізуюцца ў канкрэтным гуку. У сувязі з гэтым адны даследчыкі вызначаюць і апісваюць фанему праз фаналагічную апазіцыю, другія — праз фаналагічную пазіцыю.

Асноўнае разыходжанне ў тэорыі фанем звязана з крытэрыем фанемнай ідэнтыфікацыі гукаў маўлення — фізічнай ці функцыянальнай (у другім аспекце — фанетычнай ці марфемнай). У першым выпадку вучоныя апіраюцца на фанетычны крытэрый атаясамлівання, гэта значыць, фанема трактуецца як аўтаномная адзінка мовы, якая ўяўляе сабой клас падобных гукаў, ці гукатып (Л. У. Шчэрба, Л. Р. Зіндэр, Дж. Джоунз, некаторыя амерыканскія дэскрыптывісты), а асноўным кантэкстам рэалізацыі і фукцыяніравання фанемы з’яўляецца толькі фанетычнае слова (фанетычны сегмент). У другім выпадку, пры функцыянальна-марфематычным падыходзе, у цэнтры ўвагі знаходзіцца сэнсаадрознівальная функцыя фанемы, а асноўным кантэкстам функцыяніравання фанемы лічацца марфемы і словы. Фанема пры такім падыходзе — не аўтаномная фанетычная адзінка, а будаўнічы кампанент марфемы, праз тоеснасць якой вызначаецца і тоеснасць фанемы ў розных яе праяўленнях.

Літаратура правіць

  • Беларуская мова: Энцыклапедыя / Беларус. Энцыкл.; пад. рэд. А. Я. Міхневіча; рэдкал Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 654 с. ISBN 5-85700-126-9
  • Сучасная беларуская мова: Уводзіны. Фанетыка. Фаналогія. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. Лексікалогія. Лексікаграфія. Фразеалогія. Фразеаграфія: Вучэб. дапам. / Я. М. Камароўскі, В. П. Красней, У. М. Лазоўскі і інш. — 2-е выд., дапрац. і дап. — Мн. : Выш. школа, 1995. — 334 с. ISBN 985-06-0075-6.