Халасты радок
Халасты́ радо́к — незарыфмаваны вершаваны радок у рыфмаваным творы. Халастымі бываюць няцотныя радкі паўбелага верша, напісанага чатырохрадкоўямі, і гэта з'яўляецца яго асноўнай прыметай. Халастыя радкі могуць ужывацца і ў іншых строфах. Так, у вершы П. Панчанкі «Коні», напісаным трохрадкоўямі, трэція радкі ва ўсіх строфах — халастыя радкі:
- Дзівіліся мы, і дзівіліся фрыцы:
- Такое ў сне толькі можа прысніцца
- На сене духмяным.
- З-пад лесу на поўдзень, нібы ў пагоні,
- Імчаліся коні, бяз коннікаў коні,
- Па лузе вячэрнім.
Рэгулярныя халастыя радкі — уласцівасць некаторых усходніх відаў строф: газэлі (першыя радкі двухрадкоўяў), рубаі (трэція радкі чатырохрадкоўяў) і інш. Асаблівы эфект узнікае пры неспадзяваным, непрадбачаным з'яўленні халастых радкоў на фоне зарыфмаваных. У гэтым выпадку парушаецца інерцыя рыфмовага чакання, на халасты радок і перш за ўсё на яго апошняе слова звяртаецца найбольшая ўвага.
Літаратура правіць
- Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. — 3-е выд., дапрац. і дапоўн.. — Мінск: Беларуская навука, 2004. — 576 с. — 2 000 экз. — ISBN 985-08-0598-6.
- Рагойша В. П. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2001. — 384 с. — 1 000 экз. — ISBN 985-11-0197-4.