У гэтага паняцця ёсць іншае значэнне Чамы-албанцы.

Ча́мы або ця́мы (саманазва Urang Campa) — аўстранезійскі народ, карэннае насельніцтва Паўднёва-Усходняй Азіі. Большасць чамаў жыве ў Камбоджы і В'етнаме. Абшчыны чамаў таксама існуюць у Малайзіі, Таіландзе, ЗША, Францыі і іншых краінах. Падзяляюцца на заходнюю (пераважна ў Камбоджы) і ўсходнюю (пераважна ў В'етнаме) буйныя групы. Агульная колькасць - каля 354 тыс. чал. (2013 г.)[1], [2]

Чамы
(Urang Campa)
Агульная колькасць 354 тыс. чал. (2013 г.)
Рэгіёны пражывання В’етнам, Камбоджа
Мова чамская
Рэлігія культ продкаў, індуізм, іслам
Блізкія этнічныя групы ачэхцы, уцат, малайцы, джарай, эдэ

Паходжанне і гісторыя правіць

Мова чамаў адносіцца да аўстранезійскай групы моў і радніць іх з карэнным насельніцтвам Малайскага паўвострава і паўночнага Калімантана. Некаторыя даследчыкі лічаць продкаў чамаў выхадцамі з тэрыторыі сучаснай Малайзіі, але ёсць і тыя, хто сцвярджае, што чамы паходзяць ад карэнных тубыльцаў Індакітая. Генетычныя даследаванні паказваюць, што чамы сфарміраваліся ў выніку надзвычай складаных этнічных працэсаў, падчас якіх карэнныя насельнікі Індакітая змешваліся з выхадцамі не толькі з Малайскага паўвострава і астравоў сучаснай Інданезіі, але і Паўднёвай Азіі[3][4].

Першапачатковая гісторыя чамаў непасрэдна звязана са старажытнай дзяржавай Чампа, якая была заснавана прыкладна ў II ст., а ў VII - XV ст. займала значныя землі на паўднёвым усходзе Індакітая[5]. У ёй меліся развітае земляробства, гандлёвы і ваенны флот. Кіраўнікі Чампы першапачткова спавядалі індуізм і будызм, але ў канцы XV - XVII ст. прынялі іслам[6][7]. Такім чынам, рэлігія стала найважнейшым чыннікам, акрамя мовы і гістарычнай памяці, якая ў далейшым адрознівала чамаў ад іх суседзяў — в'етаў і кхмераў. Пад ціскам в'етаў чамы мігрыравалі на поўдзень, у дэльту Меконга, дзе працягвалі займацца земляробствам і гандлем, а таксама занялі транзітныя пункты ў суседняй Камбоджы. Да пачатку XIX ст. яны канчаткова страцілі асабістыя дзяржаўныя ўтварэнні.

Чамы і іх культура значна пацярпелі ад палітыкі асіміляцыі ў В’етнаме, а таксама ад генацыду, які адбываўся ў Камбоджы ў 1975 - 1979 гг.

Асаблівасці традыцыйнай культуры правіць

 
Традыцыйны танец

Асноўным заняткам чамаў здаўна з'яўлялася земляробства. У нізінных рэгіёнах яны сеялі пераважна рыс, для паліву якога ўзводзілі надзвычай складаныя ірыгацыйныя збудаванні. У горных раёнах быў распаўсюджаны падсечна-агнявы спосаб. У XVIII - XX ст. пад уплывам рынку пачалі вырошчваць на продаж тытунь, алейныя культуры, кукурузу. Ля ўзбярэжжа буйных рэк і мора асноўнымі заняткамі таксама былі рыбалоўства, паляванне на чарапах, розныя віды рамяства і гандаль. Жывёлагадоўля мела другарадны характар. Трымалі хатнюю птушку і буйвалаў.

Паселішчы чамаў месцяцца пераважна ўздоўж берагоў рэк і дарог, маюць лінейную планіроўку. Жытлы наземныя, ва ўзбярэжных паселішчах — на па́лях. Яны маюць слупавую канструкцыю, аббіваюцца дошкамі, крыюцца саломай або пальмавым галлём. У наш час найбольш распаўсюджаны бляшаныя і чарапічныя дахі. Жыллёвая прастора падзяляецца на некалькі пакояў, частка якіх належыць жанчынам. Кухня і гаспадарчыя пабудовы ладзяцца асобна.

Захаваліся жаночая народныя строі. Іх аснову складае саронг, па-над якім апранаюць іншае адзенне. Мужчыны не галяць валасы, маюць вусы і бараду, валасы ззаду збіраюць у хвост або касу.

Да нядаўняга часу былі распаўсюджаны пашыраныя сем'і. У чамаў-земляробаў зямля перадавалася па спадчыне ад бацькі да сыноў, мужчына лічыўся галоўным, вёўся выключна мужчынскі адлік сваяцтва. На ўзбярэжжы, дзе мужчыны займаліся пераважна рыбалоўствам і гандлем, зямельная маёмасць і адлік сваяцтва былі жаночымі. Гэта адлюстравалася ў даволі складаных формах асабістых імёнаў.

Распаўсюджаны звычаі ўзаемадапамогі, асабліва прадстаўнікам свайго народа. Чамы таксама знакаміты як выдатныя ткачы, мастакі роспісаў на тканінах, вытворцы керамікі, музыканты і танцоры[8].

Рэлігія правіць

Большасць веруючых чамаў — мусульмане, якіх таксама клічуць бані[9]. Захаваліся невялікія групы індуістаў, што падтрымліваюць культ Шывы[10].

Існуюць старажытныя звычаі шанавання продкаў, перапахавання мёртвых сваякоў[11].

Мова правіць

Мова чамаў адносіцца да чамска-ачэхскай групы аўстранезійскай моўнай сям'і. У сярэднявеччы была распаўсюджана пісьмовасць на аснове старажытнаіндыйскага пісьма брахмі[12]. У наш час таксама практыкуюць выкарыстанне арабскага і лацінскага алфавітаў.

Зноскі