Чачорская раўніна

Чачэрская раўніна — раўніна на паўднёвым усходзе Магілёўскай, паўночным усходзе і ўсходзе Гомельскай абласцей Беларусі, на ўсход ад даліны ракі Днепр, па абодвух баках ракі Сож. Працягласць з захаду на ўсход да 35 км, з поўначы на поўдзень да 52 км.

Чачорская раўніна (2001)
Чачорская раўніна (1977)

Геалогія правіць

У тэктанічных адносінах паўднёвая і цэнтральная часткі прымеркаваны да Жлобінскай седлавіны, крайняя поўнач — да паўднёвых схілаў Аршанскай упадзіны. Крышталічны фундамент перакрыты асадкавымі пародамі верхняга дакембрыю, дэвону, юры, мелу (мел, мергель), палеагену (пяскі, алеўрыты, гліны) і антрапагену. Антрапагенавая тоўшча (20—100 м) ухлючае адклады марэнныя (чырвона-бурыя валунныя супескі, суглінкі з праслоямі пяску, пясчана-жвіровай сумесі) дняпроўскага і сожскага зледзяненняў, водна-ледавіковыя, алювіяльныя, балотныя і інш.

Карысныя выкапні: легкаплаўкія гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, мел, сапрапелі, торф.

Рэльеф правіць

Паверхня раўніны хвалістая. Вышыня 140—190 м над узроўнем мора. Паверхня хвалістая, месцамі ўзгорыста-хвалістая. Адносныя вышыні 5—7 м, радзей да 15 м. Пераважаюць другасна-марэнныя раўніны, месцамі перакрытыя маламагутным чахлом з лёсападобных суглінкаў, на поўначы — з водна-ледавіковых супескаў. Каля гарадоў Чачэрск і Слаўгарад дэнудацыйныя краявыя марэнныя грады (выш. 20—30 м), да якіх прымеркаваны лагчыны сцёку расталых ледавіковых вод. На міжрэччах трапляюцца суфазійныя западзіны, месцамі эолавыя формы рэльефу; на ўсход ад Слаўгарада — карставыя западзіны. У даліне р. Сож вылучаюцца пойма (плоская, часам забалочаная, шыр. 2,5—3 км) і 2 надпоймавыя тэрасы (выш. 6 м і 14—15 м).

Клімат правіць

Сярэдняя тэмпература студзеня -7,4 °С, ліпеня 18,4 °С. Ападкаў 637 мм за год.

Гідраграфія правіць

 
Над ракой Чачорай.

Рэкі — Сож з прытокамі Проня (нізоўе), Касалянка, Добрыч, Чачора, Ліпа (праваруч), Беседзь, Кляпінка, Покаць (леваруч); левыя прытокі Дняпра — Поўная, Ухлясць, Баброўка, Гутлянка.

Глебы правіць

На поўдні раўніны пашыраны дзярнова-палева-падзолістыя глебы, на астатняй частцы — дзярнова-падзолістыя ў рознай ступені ападзоленыя; у катлавінах — дзярнова-глеевыя і дзярнова-карбанатна-глеевыя; у далінах рэк — поймавыя (алювіяльныя), дзярновыя забалочаныя, радзей тарфяна-балотныя.

Расліннасць правіць

Лясістасць да 30 %. На левабярэжжы Сажа масівы хвойнікаў чаргуюцца з бярэзнікамі і чорнаалешнікамі. Па правабярэжжы Сажа пераважаюць хвойнікі. На поўдні раўніны дзялянкі дуброваў з прымессю граба, у цэнтральнай частцы сустракаюцца шыракаліста-яловыя і шыракаліста-хваёвыя лясы. Невялікія масівы нізінных балотаў, у тым ліку Кабылянскае, Гадылева, Зімнік. Катлавіны і латочыны занятыя пазаабалонавымі дробнаасотавымі і зёлкавымі лугамі. Пад ворывам каля 50 % тэрыторыі.

Ахова прыроды правіць

У межах Чачэрскай раўніны знаходзяцца тры заказнікі.

Літаратура правіць