Чорнафігурны вазапіс

Чорнафігурны вазапіс — адзін з найбольш значных стыляў вазапісу разам з чырвонафігурным вазапісам. Росквіт старажытнагрэчаскага чорнафігурнага вазапісу прыпадае на VII—IV стагоддзі да н. э.

Малюнак пеўня на карынфскай чорнафігурнай амфары Каля 575—550 гг. да н. э. Луўр

Тэхналогія вырабу правіць

Для вазапісу вялікае значэнне мае форма пасудзіны, на якую наносіцца малюнак. Папулярнасць керамічных форм вар’іравала з часам: некаторыя пасудзіны выкарыстоўваліся толькі ў пэўны перыяд часу, іншыя выходзілі з ужытку, а трэція перажывалі з часам значныя змены. Аднак агульным з’яўляўся прынцып нанясення роспісу. Створаныя ганчаром вазы спачатку высушваліся. Далей падсохлы да стану сырцу посуд яшчэ да абпалу распісваўся вазапісцамі — у сваёй большасці рабамі або нанятымі рамеснікамі, якія па параўнанні з ганчарамі займалі больш нізкае становішча ў грамадстве. У тэхніцы чорнафігурнага вазапісу маляваны сюжэт наносіўся на вазу гліняным шлікерам (глянцавай глінай, раней памылкова лічылася лакам). Такім чынам, гэта не было роспісам у звычайным разуменні гэтага слова. Спачатку малюнак наносіўся на вазу інструментам тыпу пэндзля. Дэталі ўнутры малюнка прарысоўваліся з дапамогай насечак на шлікеры. Для прапрацоўкі дэталяў часта ўжываліся мінеральныя фарбы — чырвоная і белая для арнаментаў, элементаў адзення, валасоў, грывы жывёл, дэталяў зброі і іншага. Белая фарба таксама выкарыстоўвалася для выяў жаночых цел. Ацаніць канчатковы вынік роспісу можна было толькі пасля складанага трохразовага абпалу. У працэсе абпалу гліна посуду набывала чырванаватае адценне, а шлікер станавіўся чорным.

Карынфскі вазапіс правіць

Чорнафігурны вазапіс узнік у Карынфе каля 700 года да н. э. Упрыгожаная роспісам кераміка з Карынфа панавала ў міжземнаморскім рэгіёне ў VII — пачатку VI стагоддзя да н. э. Вялікая частка вырабленага ў Карынфе керамічнага посуду была выяўленая ў Этрурыі, ніжняй Італіі і на востраве Сіцылія. Карынфская гліна была мяккай і мела жаўтлявае, а часам зялёнае адценне. Шмат вырабаў пакутавала ад памылак пры абпале.

У карынфскай кераміцы адрозніваюць некалькі перыядаў: протакарынфскі, пераходны, ранні карынфскі (620/615-595 да н. э.), сярэдні карынфскі (595—570 да н. э.), а таксама I позні карынфскі (570—550 да н. э.) і II позні карынфскі (пасля 550 да н. э.). Устанаўленне ўзросту ваз звязана з некаторымі цяжкасцямі і часта абапіраецца на даты заснавання грэчаскіх паселішчаў на тэрыторыі Італіі.

Пасля абпалу глянцавая гліна на вазах становіцца матава-чорнай. Дадатковыя фарбы — белая і чырвоная — упершыню сталі прымяняцца менавіта карынфскімі вазапісцамі. Аздоблены роспісам посуд звычайна невялікага памеру і рэдка перавышае ў вышыню 30 сантыметраў. Роспісам пераважна ўпрыгожваўся посуд для араматычнага алею (алабастроны, арыбалы), піксіды, кратары, айнахоі і чары. Часта распісвалася і кераміка больш складаных фігурных формаў. У адрозненне ад ваз атычнага паходжання на карынфскіх вазах рэдка сустракаюцца графіці або подпісы вазапісцаў. З нешматлікіх вядомых па імёнах карынфскіх вазапісцаў вылучаюцца Харэс і Ціманід  (ням.). Для карынфскага вазапісу характэрныя выявы жывёл у фрызах — тонкіх паясах, якія гарызантальна падзяляюць тулава ваз. Часта адлюстроўваюцца міфалагічныя сцэны: Геракл і персанажы легенд аб Траянскай вайне. Багі сустракаюцца ў карынфскім жывапісе параўнальна рэдка. З паўсядзённага жыцця карынфскія вазапісцы часта малявалі бітвы, коннікаў і піры. Спартыўныя спаборніцтвы сустракаюцца рэдка.

 
Атычная чорнафігурная амфара. Геракл і Герыён. Каля 540 г. да н. э. Дзяржаўны антычны збор. Мюнхен

Прасачыць развіццё стылю карынфскага вазапісу дастаткова складана, паколькі ў адрозненне ад атычнага прапорцыі распісваных пасудзін у Карынфе змяняліся нязначна. У ранні перыяд распісваліся пасудзіны для араматычных алеяў і кратары-каланеты (іх таксама завуць «карынфскімі»). Апавядальныя выявы чаргуюцца з анімалістычнымі фрызамі. Па асірыйскай традыцыі часта сустракаецца выява льва. У якасці арнаментальнай аздобы на вазах высякаліся разеткі. У сярэднім перыядзе льва змяніла пантэра. Выявы робяцца больш выцягнутымі. Арнаменты адрозніваюцца вялікай разнастайнасцю і наносяцца як узор на шпалерах. У вазапіс уключаюцца новыя формы пасудзін: амфарыскі і выпуклыя піксіды. Найболей вядомымі майстрамі гэтага часу называюць Ціманідад  (ням.), Майстар Додвела  (англ.) і Майстар Кавалькады  (англ.). У I позні перыяд анімалістычныя фрызы захоўваюцца выключна на піксідах і пасудзінах для араматычнага алея. Найбольш папулярным запаўняльным арнаментам з’яўляецца «гарошак». У гэты час Карынф саступіў лідарства ў вазапісе Афінам. Калі раней атычныя вазапісцы капіравалі творчыя знаходкі карынфскіх майстроў, то цяпер наадварот карынфскія майстры атрымлівалі творчыя імпульсы ад атычных мастакоў. Аднак і ў гэты час у Карынфе стваралі таленавітыя вазапісцы, як, напрыклад, Тыдэй  (англ.). Выбітнымі творамі вазавага роспісу гэтага перыяду сталі кратары Амфіярос і Астарыта. Карынфяне запазычылі ў афінскіх ганчароў новыя формы пасудзін: лекіф і айнахою. Пануючы атычны стыль вазапісу паўплываў і на першапачаткова жаўтаватае адценне карынфскай керамікі: яе сталі дадаткова пакрываць чырванаватай фарбай. Для II позняга карынфскага стылю характэрна перавага арнаментальнага роспісу і сілуэтнай тэхнікі малюнка. У гэты час пачалося распаўсюджанне чырвонафігурнага стылю, у якім карынфскія вазапісцы не дасягнулі хоць якіх выбітных вынікаў.

Зноскі