Чылам Балам (на мове юкатэкаў Chilam Balam «Прадракальнік Ягуар») — агульная назва розных тэкстаў на мове мая, запісаных у XVII—XVIII стст. лацініцаю.

Копія адной з кніг Чылам Балам

Гісторыя правіць

Пасля заваявання мая ў 1541—1546 гг. іспанцы забаранілі ім карыстацца традыцыйнай іерагліфічнай пісьменнасцю. Многія старажытныя тэксты былі спалены манахамі. Мая былі вымушаны карыстацца лацініцай для запісаў гістарычнага, прароцкага і міфалагічнага характару. З іх складваліся своеасаблівыя рукапісныя зводы, якія потым дапаўняліся (часам перакладамі з іспанскай мовы). Гэтыя тэксты прынята называць кнігамі Чылам Балам па імені жраца-прадракальніка, які жыў у эпоху заваявання ў горадзе Мані.

У 1837 г. Піо Перэс часткова апублікаваў 4 кнігі Чылам Балам, знойдзеныя ў Мані. К пачатку XX ст. сталі вядомыя кнігі з іншых гарадоў. Асабліва поўна захаваліся кнігі з горада Чумаеля.

Змест кніг правіць

Кнігі Чылам Балам з'яўляюцца хаатычнай сумессю поўных тэкстаў і ўрыўкаў рознага зместу, стылю і паходжання. 7 тэкстаў, у тым ліку тры хронікі, маюць даіспанскае паходжанне, але ў той ці іншай ступені былі пераапрацаваныя ў пазнейшы час. Той факт, што многія тэксты паўтараюцца, сведчыць пра існаванне агульных папярэдніх крыніц.

Так званыя хронікі мая складаюцца з дваццацігадовых цыклаў к'атун з кароткімі згадкамі пра тыя ці іншыя падзеі. Пералічваюцца нават тыя к'атун, у якія нічога не адбывалася. К'атун аб'ядноўваюцца ў буйныя 256-гадовыя цыклы. Такім чынам у кнігах Чылам Балам апісваюцца падзеі 928—1611 гг. Усе тры хронікі — кампіляцыі. У розных варыянтах падзеі могуць не супадаць.

У кнігах з Чумаеля захавалася эпічнае апавяданне пра захоп горада Чычэн-Іца кааліцыяй горада Маяпана, аўтар якога ўзгадвае, што сам юнаком быў сведкам крывавых падзей.

Значная частка кніг Чылам Балам — прароцтвы. Жрацы-прадракальнікі чылан лічылі, што падзеі кожнага цыкла ў той ці іншай ступені паўтараюцца ў наступным. Таму аналіз прароцтваў дазваляе ведаць сапраўдныя гістарычныя падзеі. Некаторыя прароцтвы тычацца гадоў засухі і голаду.

Міфалагічныя тэксты з кніг Чумаеля прадстаўляюць звесткі аб касмалагічных і касмаганічных уяўленнях мая — барацьбе багоў, рытуалах анёлаў і стварэнні месяца.

Вылучаюць таксама групы дыдактычных тэкстаў (пытанні валадара і адказы на іх), рытуальных тэкстаў (захаваліся толькі замовы з кніг Чумаеля), каляндарных тэкстаў.

Уплывам новых іспанскіх традыцый можна растлумачыць пералікі хрысціянскіх свят, некаторыя каталіцкія малітвы і апавяданне пра дзеву Феадору.

Літаратура правіць