Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь

кніга рэдкіх і загрожаных відаў жывёл і раслін Беларусі

Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь — афіцыйны дакумент, які змяшчае сістэматызаваныя звесткі пра пэўныя віды жывёл і раслін, што з'яўляюцца рэдкімі або знаходзяцца пад пагрозай знікнення на тэрыторыі Беларусі. Заснавана ў 1979 годзе. Выдае кнігу Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Паштовая марка Беларусі
Паштовая марка Беларусі

Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь утрымлівае звесткі аб стане віду, характары і ступені пагрозы яго існаванню. Адна з задач Чырвонай кнігі — забяспечыць доступ да інфармацыі аб відах, якія падвяргаюцца найбольш высокай рызыцы знікнення. Адмысловы прававы статус рэдкіх і тых, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення, відаў жывёл і прадстаўнікоў расліннага свету вызначаецца заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Першае выданне правіць

У першае выданне (1981) было ўключана 80 відаў жывёл і 85 відаў раслін.

Другое выданне правіць

У другое выданне (1993) уключана 182 віды жывёл, у тым ліку 14 відаў млекакормячых, 75 відаў птушак, 2 — паўзуноў, 1 — земнаводных, 79 — насякомых, 5 — ракападобных, 1 від двухстворкавых малюскаў. У Чырвонай кнізе змяшчалася 180 відаў раслін, 17 відаў грыбоў, а таксама 17 відаў лішайнікаў.

У 2-е выданне былі дадаткова ўключаны 107 відаў жывёл і 109 відаў раслін і ў той жа час выключаны 2 віды жывёл і 10 відаў раслін, якія паводле новых дадзеных і крытэраў не з'яўляюцца знікаючымі і рэдкімі. Выключаныя былі таксама 3 віды жывёл і 4 віды раслін, раней аднесеных да нулявой катэгорыі («відаць, зніклыя») з прычыны адсутнасці пэўных дадзеных аб стане іх папуляцый і месцаў знаходжання. Гэтыя і іншыя падобныя віды былі ўключаны ў асобны спіс у дадатку да Чырвонай кнігі.

Трэцяе выданне правіць

Выданне выйшла на рускай мове ў 2006 годзе. Складаецца з двух тамоў: «Жывёлы» і «Расліны». Усяго ўключае 189 відаў жывёл і 274 віды ў томе «Расліны», у тым ліку 173 віды сасудзістых раслін.

Новае выданне нацыянальнай Чырвонай кнігі падрыхтаванае з выкарыстаннем удасканаленых міжнародных падыходаў і крытэраў. Адначасова з гэтым улічвалася рэгіянальная спецыфіка, нацыянальныя прыродаахоўныя прыярытэты і магчымасці для рашэння задач па захаванні відаў. Дадзены падыход заснаваны на ведах аб сучаснай колькасці і распаўсюджванні відаў, тэндэнцыях іх дынамікі, міжнародным прыродаахоўным статуце і значнасці колькасці нацыянальнай папуляцыі ў глабальнай або еўрапейскай адзнацы багацця віду.

Спіс 3-га выдання Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь падрыхтаваны ў адпаведнасці з «Асноўнымі кірункамі ўжывання крытэраў Чырвонай кнігі МСАП на нацыянальным і рэгіянальным узроўнях», прынятымі Радай Міжнароднага саюза аховы прыроды ў кастрычніку 2000 г. У адпаведнасці з гэтым дакументам крытэры варта ўжываць да дзікіх папуляцый у межах натуральнага арэала і да папуляцый, узніклых у выніку дабраякаснай інтрадукцыі, гэта значыць усяленні відаў у новыя месцы пражывання.

У выніку ўжывання новых універсальных падыходаў пры падрыхтоўцы спісу відаў жывёл для 3-га выдання Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь адбыліся наступныя змены па групах жывёл: насякомых дададзена 27 відаў, а выключана 36, агульны лік склаў 70 відаў; сысуноў уключана дадаткова 4 віды, 1 від выключаны, агульны лік склаў 17 відаў; птушак дададзена 16 відаў, выключана 19, агульны лік склаў 72 віды; двухстворкавых малюскаў дададзена 2 віды, выключаны 1. Занесеныя 4 віды жабраногіх, якія раней адсутнічалі, і па 1 віду п'явак, ракападобных, павукападобных і амфібій.

У выданні пералік раслін і грыбоў, якія падлягаюць ахове, пашыраны на 60 відаў адносна 2-га выдання. Змены ў спісе ахоўных відаў раслін і грыбоў можна прадставіць наступным чынам: колькасць відаў сасудзінкавых раслін павялічана да 173 (было 156; выключана 24 і дададзены 41 новы від), мохападобных — да 27 відаў (было 15, дададзена 12), водарасцей — да 21 віду (было 9, дададзена 12), лішайнікаў — да 24 відаў (было 17, выключана 4, дададзена 11), грыбоў — да 29 відаў (было 17, выключана 3, дададзена 15). Усяго выключаны 31 і дададзены 91 новы від.

Новыя віды ў кнізе правіць

Пастанаўленнем міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ў 2012 годзе ў Чырвоную кнігу Беларусі ўнесена 19 новых відаў дзікарослых раслін і грыбоў: граздоўнік просты (Botrychium simplex), касцянец чорны (Asplenium adiantum-nigrum), шматраднік Браўна (Polystichum braunii), шматраднік шыпаваты (Polystichum aculeatum), прастрэл шыракалісты (Pulsatilla patens), гарошак зараснікавы (Vicia dumetorum), ядранец беспрыкветнічкавы (Thesium ebracteatum), надбароднік бязлісты (Epipogium aphyllum), офрыс насякоманосная (‎Ophrys insectifera), цэфалазіела пяшчотненькая (Cephaloziella elachista), дыхлема серпападобная (Dichelyma falcatum), некера перыстая (Neckera pennata), плагіятэцый хвалісты (Plagiothecium undulatum), ажыбвайя прыгожая (Ojibwaya perpulchra), смаржок канiчны (Morchella conica), звязда земляная (Geastrum campestre), павуцiнавiк залацiстаконусападобны (Cortinarius aureoturbinatus), павуцiнавiк рэвеневы (Cortinarius rheubarbarinus), павуцiнавiк двухколерны (Cortinarius bicolor)[1][2].

Зноскі

Спасылкі правіць