Шху́на (нідэрл.: schoener) — тып паруснага судна, які мае не менш за дзве мачты і касыя парусы на ўсіх мачтах. Паводле тыпу паруснага рыштунку шхуны падзяляюцца на гафельныя, бермудскія, стаксельныя, марсельныя і брамсельныя. Брамсельная шхуна адрозніваецца ад марсельнай наяўнасцю брам-стэньгі і яшчэ адным дадатковым прамым парусам — брамселем. Пры гэтым у шэрагу выпадкаў марсельную і брамсельную двухмачтавыя шхуны (асабліва з брыфакам) можна зблытаць з брыганцінай. Незалежна ад тыпу касых парусоў (гафельных ці бермудскіх) шхуна можа быць і марсельнай (брамсельнай). Шхуны мелі невялікую асадку, што дазваляла хадзіць нават на мелкаводдзі.

Трохмачтавая гафельная шхуна «Linden», Марыехамн, Аландскія астравы.
Двухмачтавая марсельная гафельная шхуна французскага флоту «Этуаль» (Étoile)

Галоўнае адрозненне двухмачтавай шхуны ад іншых тыпаў паруснага ўзбраення — размяшчэнне грот-мачты — самай высокай мачты судна. У выпадку паруснага ўзбраення гэтага тыпу, грот-мачта размяшчаецца бліжэй да кармы, для таго, каб, асабліва ў выпадку з гафельным узбраеннем, карнагі-штаг, які злучае фок і грот-мачту, ішоў трохі ўверх і не перашкаджаў гафелю фок-мачты.

Шхуна вельмі добра ходзіць пры бакавым ветры і пад вострым вуглом да ветру, у яе нашмат менш снасцяў у бягучым такелажы, чым у судна з прамым парусным узбраеннем, прасцейшая канструкцыя абсталявання, што дазваляла істотна паменшыць каманду. Усе працы з парусамі выконваюцца з палубы, у той час, як на судне з прамымі парусамі для іх уздыму і спуску вялікай колькасці людзей неабходна ўзбірацца на мачты. Аднак пры спадарожным ветры шхуна істотна саступае суднам з прамымі парусамі і становіцца рысклівай. Тым не менш, у апошняе стагоддзе масавага выкарыстання паруснікаў такія перавагі шхуны, як зніжэнне колькасці і ўмення экіпажа, апынуліся больш адчувальнымі з-за імкнення суднаўладальнікаў зменшыць кошт перавозкі грузаў ва ўмовах канкурэнцыі з параходамі, таму канец XIX і пачатак XX стагоддзяў сталі перыядам росквіту шхуны, менавіта тады былі пабудаваны гіганцкія судны з гэтым тыпам паруснага ўзбраення, накшталт «Томас У. Лоўсан» (1902).

Першыя судны са шхунным такелажам з'явіліся яшчэ ў XVII стагоддзі ў Галандыі і Англіі, але шырокае ўжыванне шхуны атрымалі ў Амерыцы. Яны мелі дзве мачты з гафельнымі парусамі і выкарыстоўваліся для кабатажных перавозак. У XVII — XVIII стагоддзях былі асноўнымі караблямі піратаў у Карыбскім моры. У перыяд росквіту толькі на Вялікіх азёрах паміж ЗША і Канадай курсавала да дзвюх тысяч шхун.

У канцы XIX стагоддзя канкурэнцыя параходаў прывяла да неабходнасці скарачэння каманд суднаў. Дзякуючы прастаце паруснага ўзбраення і лёгкасці кіравання менавіта шхуны змаглі выдужаць у гэтай барацьбе. Галоўным чынам будаваліся дзвюх- і трохмачтавыя шхуны, радзей чатырох-, пяці- і шасцімачтавыя. А ў 1902 годзе ў горадзе Куінсі, Масачусетс (ЗША) на ваду спусцілі адзіную ў свеце сямімачтавую шхуну «Томас У. Лоўсан». «Томас У. Лоўсан» прызначаўся для перавозкі вугалю. Кожная з сямі стальных мачтаў вышынёй па 35 м важыла 20 т. Іх працягам служылі драўляныя 17-мятровыя стэньгі. Працу маракоў палягчалі розныя механізмы, дзякуючы чаму велізарным паруснікам кіравалі ўсяго 16 чалавек. Шхуна, якая не мела рухавіка, была абсталявана паравой рулявой машынай, паравымі лябёдкамі, электрычнай сістэмай і нават тэлефоннай сеткай.

Пасля Першай сусветнай вайны, калі бракавала гандлёвых суднаў, амерыканцы, валодаючы цудоўнымі лясамі, пабудавалі шмат драўляных шхун самых розных памераў, якія мелі ад трох да пяці мачтаў.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць