Эдгар Алан По (англ.: Edgar Allan Poe; 19 студзеня 1809, Бостан, ЗША — 7 кастрычніка 1849) — амерыканскі празаік,паэт, эсэіст, вынаходнік дэтэктыўнай навелы (detective story), заснавальнік жанру жахаў (horror), крытык і адна з вядучых постацей амерыканскага рамантызму. Найвялікшую славу здабыў як аўтар «жахлівых апавяданняў».

Эдгар Алан По
Edgar Allan Poe

Асабістыя звесткі
Імя пры нараджэнні Эдгар Алан По
Псеўданімы Edgar A. Perry[1]
Дата нараджэння 19 студзеня 1809(1809-01-19)[2][3][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 7 кастрычніка 1849(1849-10-07)[2][3][…] (40 гадоў)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства Сцяг ЗША ЗША
Бацька David Poe, Jr.[d]
Маці Eliza Poe[d]
Жонка Virginia Eliza Clemm Poe[d]
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці паэт, пісьменнік, эсэіст, літаратурны крытык, раманіст
Гады творчасці 18271849
Кірунак рамантызм
сімвалізм
Жанр дэтэктыў
Мова твораў англійская
Подпіс Выява аўтографа
Творы на сайце Lib.ru
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфічныя звесткі правіць

Нарадзіўся ў сям’і акцёраў. Бацькі, Дэвід По і Элізабет Арналд-По, памерлі рана і амаль адначасова, пакінуўшы траіх дзяцей. Двухгадовага Эдгара ўзяла на выхаванне багатая бяздзетная пара Аланаў, кіруючыся тагачаснай модай на дабрачыннасць. З шасці да адзінаццаці гадоў (1815-20) ён жыве ў Англіі, навучаючыся спачатку ў прыватнай школе — пансіёне Дзюбура (Лондан), а потым у прыгараднай школе «Мэнар-хаўз».

У 17 гадоў Эдгар По паступае ва ўніверсітэт Вірджыніі, адчынены за год да таго Томасам Джэферсанам, але не заканчвае яго. Пасля сваркі з айчымам ён выпраўляецца ў Бостан. Надзеі палепшыць матэрыяльнае становішча публікацыяй вершаў — першы зборнік, выдадзены ананімна, насіў назву «Тамерлан і іншыя вершы» (Tamerlane and Other Poems, 1827) — не спраўдзіліся. Ён завербаваўся ў армію пад імем Эдгара А. Перы, 22 гадоў (насамрэч яму было толькі 18), ураджэнца Бостана, і даслужыўся да звання сяржант-маёра, найвышэйшага для малодшых камандзіраў.

У 1829 годзе зборнік вершаў, цяпер падпісаны яго імем, выходзіць пад назвай «Аль-Аарааф, Тамерлан і малыя вершы» (Al Aaraaf, Tamerlane and Minor Poems).

У 1830 г. пад прымусам айчыма Эдгар Алан По паступае ў ваенную акадэмію Уэст-Пойнт, але праз год дабіваецца выключэння і з’язджае ў Нью-Ёрк. З 1831 да 1833 г. жыве ў Балтымары ў сваёй цёткі Марыі Клэм, з дачкой якой Вірджыніяй ён ажэніцца ў 1836 годзе.

За час жыцця ў Балтымары ён двойчы ўдзельнічаў у конкурсах на найлепшае апавяданне. Такія конкурсы ладзіліся, каб заахвочваць маладыя таленты і спрыяць развіццю нацыянальнай літаратуры. Апавяданне «Рукапіс, знойдзены ў бутэльцы» было адзначана першай прэміяй на конкурсе 1833 года.

У перыяд з 1830 да 1840 г. Эдгар По актыўна працуе ў часопісах як літаратурны крытык і піша многія са сваіх найлепшых твораў. У 1840 годзе выходзіць зборнік прозы «Гратэскі і арабескі».

У 1846 годзе зачыняецца часопіс, дзе ён працаваў, а праз год памірае ад сухотаў жонка. Стасункі з Сарай Элен Уітмен скончыліся разрывам праз нервовы і разумовы стан Эдгара По, які ўсё пагаршаўся, да таго ж пагоршылася залежнасць ад алкаголю. За некалькі месяцаў да смерці ён заручаецца з Сарай Эмілі Ройстэр, у якую быў закаханы ў дзяцінстве.

У верасні 1849 г. Эдгар Алан По з поспехам чытаў у Рычмандзе лекцыю «Паэтычны прынцып», адкуль выехаў, маючы 1500 долараў. Што адбылося потым, невядома. Праз некаторы час яго знайшлі абрабаваным і ў непрытомным стане. Яго прывезлі ў Балтымар, дзе ён памёр у шпіталі.

Творчасць правіць

У творчасці пераважаюць матывы прыгажосці, кахання, смерці, хуткаплыннасці ўсяго існага. Паэтычным зборнікам «Тамерлан і іншыя вершы» (1827), «Аль-Аарааф, Тамерлан і малыя вершы» (1829), «Вершы» (1831), «Крумкач і іншыя вершы» (1845) уласцівы сімволіка, сугестыўнасць, музыкальнасць, спалучэнне рамантычнага зместу і лагічнай формы. Стваральнік псіхалагічнай, ці «жахлівай» («Падзенне дома Ашэраў», «Чорны кот», «Вільям Вільсан»), дэтэктыўнай, ці «лагічнай» («Забойства на вуліцы Морг», «Таямніца Мары Ражэ», «Украдзенае пісьмо», «Залаты жук»), навукова-фантастычнай («Рукапіс, знойдзены ў бутэльцы», «Незвычайныя прыгоды нейкага Ганса Пфааля», «Гісторыя з паветраным шарам») навелы. Аўтар «Аповесці аб прыгодах Артура Гордана Піма» (1838), зборнікаў прозы «Гратэскі і арабескі» (т. 1-2, 1840), «Апавяданні» (1845), філасофскай паэмы ў прозе «Эўрыка» (1848), гумарыстычных і сатырычных апавяданняў і інш. Распрацаваў эстэтычную праграму паэзіі («Філасофія творчасці», 1846; «Паэтычны прынцып», 1850), у якой падкрэсліваў значэнне эмацыянальна-псіхалагічнага ўздзеяння твораў («татальны эфект»).

У культуры правіць

Да творчасці Эдгара Алана По звярталіся кампазітары Клод Дэбюсі, Марыс Равель, Сяргей Рахманінаў, Сяргей Пракоф'еў.

Ацэнкі правіць

Пры жыцці ён быў практычна невядомы на радзіме. Спачатку, дзякуючы французскім перакладам Шарля Бадлера, яго адкрыла Еўропа, і толькі потым яго творчасць ацаніла Амерыка. Джордж Бернард Шоу выказаўся пра гэта наступным чынам: «По не жыў у Амерыцы, ён там памёр».

Беларускія пераклады правіць

На беларускую мову асобныя творы Э. По пераклалі Ю. Бушлякоў, С. Шупа, У. Шчасны (проза), А. Мінкін, В. Савіч, А. Хадановіч (лірыка).

У 2011 годзе выйшаў зборнік перакладаных выбраных твораў Э. По — По Э. Маска Чырвонае Смерці: Выбраныя навелы, вершы, эсэ / Пераклад з англійскай. — Мінск: Кнігазбор, 2011. — 472 с. — які ўключае, як раней публікаваныя, так і новыя пераклады:

  • Апавяданні
    • Авальны партрэт. Пераклад С. Шупы
    • Акуляры. Пераклад М. Мартысевіч
    • Анёл Надзвычайнасцяў. Пераклад К. Дубоўскай
    • Берэніка. Пераклад Г. Янкуты
    • Вільям Вільсан. Пераклад В. Рыжкова
    • Д'ябал пярэчання. Пераклад Н. Клабанавай
    • Забойствы на вуліцы Морг. Пераклад У. Шчаснага
    • Залаты жук. Пераклад Ю. Цімафеевай
    • Калодзеж і ківач. Пераклад Ю. Цімафеевай
    • Лігея. Пераклад М. Дзергачовай
    • Марэла. Пераклад М. Дзергачовай
    • Маска Чырвонае Смерці. Пераклад С. Шупы
    • Некалькі выпадкаў з жыцця знакамітасці. Пераклад Г. Янкуты
    • Падзенне Дому Ашэраў. Пераклад К. Маціеўскай
    • Падзенне ў Мальстрэм. Пераклад Ю. Шадзько
    • Праўда пра тое, што здарылася з містэрам Вальдэмарам. Пераклад К. Маціеўскай і Г. Янкуты
    • Размова з муміяй. Пераклад Г. Янкуты
    • Сістэма доктара Смола і прафесара Пер'е. Пераклад К. Маціеўскай
    • Сфінкс. Пераклад Н. Клабанавай
    • Сэрца выкрывае. Пераклад Ю. Бушлякова
    • Цішыня. Пераклад А. Пятровіч
    • Чалавек натоўпу. Пераклад С. Шупы
    • Чорны кот. Пераклад Ю. Бушлякова
    • Элеанора. Пераклад В. Сідарэнка
  • Вершы
    • Анабэль Лі. Пераклад А. Мінкіна
    • Гімн. Пераклад А. Арцёмава
    • Гімн. Пераклад Г. Янкуты
    • Да ***. Пераклад Г. Янкуты
    • Да Зантэ. Пераклад Г. Янкуты
    • Да Ф(рэнсіс) С(арджэнт) О(сгуд). Пераклад Г. Янкуты
    • Да Ф***. Пераклад Г. Янкуты
    • Да***. Пераклад Г. Янкуты
    • Для Эні. Пераклад Г. Янкуты
    • Духі мёртвых. Пераклад Г. Янкуты
    • Званы. Пераклад Г. Янкуты
    • Калізей. Пераклад Г. Янкуты
    • Крумкач. Пераклад А. Хадановіча
    • Крумкач. Пераклад А. Мінкіна
    • Лінор. Пераклад Г. Янкуты
    • Песня. Пераклад Г. Янкуты
    • Раманс. Пераклад М. Шчура
    • Самотны. Пераклад Г. Янкуты
    • Санет да навукі. Пераклад Г. Янкуты
    • Серэнада. Пераклад Г. Янкуты
    • Сон у сне. Пераклад Г. Янкуты
    • Сон. Пераклад Г. Янкуты
    • Тамерлан. Паэма. Пераклад Л. Баршчэўскага
    • Улялюм. Пераклад А. Мінкіна
    • Улялюм. Пераклад К. Маціеўскай
    • Цішыня. Пераклад Г. Янкуты
    • Шчаслівы дзень. Пераклад Г. Янкуты
    • Эль — да радасці. Пераклад Г. Янкуты
    • Эльдарада. Пераклад А. Хадановіча
    • Эльдарада. Пераклад Г. Янкуты
    • Юлалі. Пераклад Г. Янкуты
  • Эсэістыка
    • Паэтычны прынцып. Пераклад Г. Янкуты
    • Філасофія кампазіцыі. Пераклад Г. Янкуты

У 2017 годзе зборнік перакладзеных выбраных вершаў Э. По — По Э. Выбраныя вершы / Пераклад з англійскай. — Мінск: Зміцер Колас, 2017. — 76 с.

Зноскі

  1. Czech National Authority Database Праверана 30 жніўня 2020.
  2. а б Edgar Allan Poe // Benezit Dictionary of ArtistsOUP, 2006. — ISBN 978-0-19-977378-7 Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. а б Edgar Allan Poe // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
  4. а б По Эдгар Аллан // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
  5. а б Archivio Storico Ricordi — 1808. Праверана 3 снежня 2020.

Спасылкі правіць