Эдэ (в’етн.: Ê Đê, саманазва Anak Ede) або р'ядэ́ (фр.: Rhade) — аўстранезійскі народ, карэннае насельніцтва цэнтральных горных раёнаў В’етнама. Жывуць таксама ва ўсходняй Камбоджы. Невялікая група эдэ мігрыравала падчас В'етнамскай вайны ў ЗША. Агульная колькасць — каля 405200 чал. (2022 г.)[1].

Эдэ
(Anak Ede)
Агульная колькасць 405200 чал. (2022 г.)
Рэгіёны пражывання В’етнам, Камбоджа
Мова р'ядэ
Рэлігія культ продкаў, анімізм, політэізм, пратэстантызм
Блізкія этнічныя групы чамы, джарай

Паходжанне правіць

Гісторыя эдэ мала вядомая, паколькі да 1923 г. яны не мелі асабістай пісьмовасці, і ўсе гістарычныя падзеі адлюстраваны ў вусных паданнях, надзвычай міфалагізаваных. Эдэ лічаць сябе карэннымі насельнікамі тых тэрыторый, якія займаюць, сцвярджаюць, што жылі ў горнай мясцовасці да сусветнага патопу.

Мова эдэ адносіцца да аўстранезійскай групы моў, блізкая да моў чамаў і джарай, родніць іх з аўстранезійскім насельніцтвам Малайзіі, Інданезіі, Філіпін, Акіяніі і Мадагаскара. Аднак частка антраполагаў на аснове знешніх прыкмет (малы рост, кудлатыя валасы, цёмная скура, шырокі нос і г. д.) сцвярджае, што эдэ маюць многія рысы старажытнага аўстралоіднага насельніцтва Індакітая, хаця ўвогуле з'яўляюцца мангалоідамі, і іх трэба адносіць да нашчадкаў найстаражытнейшых тубыльцаў.

Да адносна нядаўняга часу эдэ не з'яўляліся адзіным этнасам і падзяляліся на лакальныя групы кпа, ад'ям, крунг, мдур, хвінг, біх і інш. Гэты падзел існуе і ў нашы дні, хаця большасць эдэ прызнае сваё культурнае адзінства.

Асаблівасці культуры правіць

 
Традыцыйная доўгая хаціна

Асноўны традыцыйны заняак — падсечна-агнявое земляробства. Вырошчваюць галоўным чынам рыс, гародніну, бавоўну. Трымаюць хатнюю жывёлу (птушку, свінняў, буйвалаў), але мяса ўжываюць у ежу рэдка, найчасцей выкарыстоўваюць яго ў рытуальных мэтаў (падчас рэлігійных ахвярапроынашэнняў). Расчышчаныя ад лесу палеткі эксплуатуюць пяць - восем гадоў, потым закідваюць і пераходзяць на новыя. Група біх, што жыве ля возера, таксама ведае паліўны спосаб вырошчвання рысу.

Распаўсюджаныя рамёствы — апрацоўка дрэва, бамбуку, пляценне і ткацтва. Эдэ вырабляюць розныя ўпрыгожванні з саломы, волава, нікелю, шкла. Грузы транспартуюць на спіне ў адмысловых бамбукавых пасудзінах.

Сацыяльная арганізацыя абапіраецца на матрылакальныя пашыраныя сем'і. Адлік сваяцтва вядзецца па маці, старэйшая дачка з'яўляецца галоўнай спадкаемцай. Эдэ жывуць у вёсках (буон), якія складаюцца з дзвюх вялікіх сямейных абшчын. Шлюбы знутры адной абшчыны забаронены. Пашыраныя сем'і валодаюць зямлёй і апрацоўваюць яе разам. Практыкуецца ўзаемадапамога і падарункі паміж чальцамі дзвюх абшчын аднога паселішча. Буон мае адзінага кіраўніка-мужчыну. У мінулым у вёсках былі распаўсюджаны доўгія слупавыя хаціны, якія будавалі ў форме карабля і падзялялі на дзве часткі. У адной разам жылі сем'і пэўнай роднаснай абшчыны, у другой — староннія сваякі і госці.

Вопратка робіцца з бавоўны пераважна чырвонага і чорнага колеру. У жанчын распаўсюджаны доўгія саронгі, у мужчын — насцегнавыя повязі, па-над якімі носяць камізэлькі. Беднякі апранаюць адзенне з кароткімі рукавамі, багацейшыя чальцы абшчыны — з доўгімі. Вопратка па-мастацку аздабляецца ўзорамі з уплеценых нітак. Асабліва гэта характэрна для жаночых строяў. У халодную пару мужчыны абгортваюць цела коўдрамі. Прадстаўнікі абодвух палоў фарбуюць зубы, выцягваюць мочкі вушэй, упрыгожваюць сябе пярсцёнкамі і бранзалетамі.

Народны каляндар падзелены на 12 месячных і 9 земляробчых цыклаў. Збор ураджаю суправаджаецца буйным святам. Эдэ маюць багаты фальклор, вядомы як добрыя танцоры і музыканты.

Рэлігія правіць

Хаця спачатку французскія, а потым амерыканскія місіянеры прыкладалі намаганні для распаўсюджання хрысціянства, большасць эдэ працягвае спавядаць традыцыйную політэістычную рэлігію. Толькі каля 10% вернікаў з'яўляюцца пратэстантамі і стала наведваюць царкву[2]. Астатнія шануюць шматлікіх бажаствоў і духаў, у тым ліку продкаў сям'і. Свяшчэннай раслінай лічыцца бамбук.

Жыццё кожнага эдэ падзяляецца на пэўныя цыклы. Пераход ад адной часткі жыцця ў іншую суправаджаецца шматлікімі рытуаламі і ахвярапрынашэннямі. Пахаванні адбываюцца ў адзіным сямейным доле.

Мова правіць

Мова эдэ (р'ядэ) адносіцца да чамска-ачэхскай групы аўстранезійскай моўнай сям'і. Пісьмовасць распрацавана французскімі місіянерамі толькі ў 1923 г. на аснове лацінкі.

Зноскі

Спасылкі правіць