Эканоміка Косава

Нягледзячы на самавітыя інвестыцыі з боку рэспублік былой Югаславіі, Косава было найболей беднай правінцыяй гэтай краіны. У 90-я гады з-за сталых міжнародных санкцый і этнічных канфліктаў у краіне былі эканамічныя крызісы. У цяперашні час эканоміка края знаходзіцца ў жаласным стане: большасць шахт, горна-ўзбагачальных камбінатаў і перапрацоўчых прадпрыемстваў не працуюць. У заняпадзе знаходзіцца нават асноўная галіна эканомікі — сельская гаспадарка, некалі развітая вельмі добра. У 2000—2001 гадах ВУП краіны сур’ёзна павялічыўся, але гэты рост змяніўся спадам 2002—2004 гадоў, калі ВУП памяншаўся. На дадзены момант прырост ВУП краіны складае крыху больш за 3 % штогод. У той жа час больш за 70 % ВУП складае сектар паслуг. Інфляцыя невысокая, што падтрымліваецца вельмі высокім (каля 50 %) узроўнем беспрацоўя. Але калі б 40 або 50 адсоткаў касавараў былі беспрацоўнымі і не мелі крыніцы прыбытку, людзі ў краі галадалі б паўсюдна. Але яны не галадаюць. Косава выглядае і пачуваецца як бедны рэгіён Еўропы, а не як краіна трэцяга свету або былога Савецкага Саюза. Паказчыкі беспрацоўя высокія — дзве траціны моладзі не маюць працы — таму што сектар «шэрай» эканомікі велізарны. Аднак шмат хто працуе за мяжой і пасылае грошы пакінутым на радзіме сем’ям. Цэлыя пакаленні касавараў працавалі ў якасці гастарбайтараў у розных частках Еўропы. Сёння іх пенсіі і грашовая дапамога — значны фундуш у падтрымку Косава.