Эскадрон КАП «Друя»

Кавалеры́йскі эскадро́н Ко́рпуса ахо́вы паме́жжа «Дру́я» (польск.: Szwadron Kawalerii KOP «Druja») — васямнаццаты кавалерыйскі эскадрон Корпуса аховы памежжа часоў міжваеннай Польскай Рэспублікі, які знаходзіўся ў Друі ў 1925—1939 гадах.

Эскадрон Корпуса аховы памежжа «Друя»
Szwadron Kawalerii KOP «Druja»
Казармы эскадрона «Друя» у былым палацы Сапегаў, 1934 г.
Гады існавання 1925 — верасень 1939
Краіна  Польшча
Падпарадкаванне Корпус аховы памежжа
Уваходзіць у Брыгада КАП «Вільна» (1925—1937) →
Полк КАП «Глыбокае» (1937—1939)
Тып воінскае фарміраванне
Колькасць 85 жаўнераў
Дыслакацыя Друя
Рыштунак Кулямёты, мушкетоны, карабіны, шаблі

Гісторыя правіць

На паседжанні палітычнага камітэта Рады міністраў Польскай Рэспублікі, якое адбывалася 21—22 жніўня 1924 года было прынята рашэнне аб стварэнні адмысловага ўзброенага фармавання для аховы ўсходняй мяжы, з прычыны чаго 12 верасня 1924 г. польскае Міністэрства вайсковых спраў выдала распараджэнне аб стварэнні Корпуса аховы памежжа, а 17 верасня таго ж года — дапаўненне з указаннем яго структуры[1]. На першым этапе арганізацыі гэтага вайсковага ўтварэння ў 1925 годзе быў сфармаваны 18-ы кавалерыйскі эскадрон, які ў сакавіку наступнага года стаў падпарадкоўвацца камандаванню шостай памежнай брыгады[2]. У склад падраздзялення ўвайшлі чатыры лінейныя ўзводы і дружына камандзіра. Склад эскадрона фармаваўся на ўзор кавалерыйскіх злучэнняў 1924 г. Адзінкай для фармавання быў 21-ы полк уланаў[3].

Эскадрон быў тактычнай адзінкай кавалерыі Корпуса аховы памежжа. Яго задачай з’яўляліся правядзенне пераследаў, патруляванне памежных тэрыторыяў удзень і ўначы, а таксама падтрымліванне сувязі паміж ротамі і стражніцамі і арганізацыя суправаджэння паштовых перадачаў. Гэтыя задачы падраздзяленне ажыццяўляла як у непасрэднай памежнай зоне, так і на іншых тэрыторыях, аддаленых ад мяжы не больш за 30 км. Да таго ж, эскадрон выконваў ролю арганізацыйнай і навучальнай адзінкі і гаспадарчага падраздзялення[4].

У сакавіку 1926 года эскадрон «Друя» быў перагрупаваны на польска-латвійскай мяжы і прыступіў да непасрэднага выканання сваіх абавязкаў[5].

 
Казармы эскадрона «Друя», 1927 г.

У ліпені 1929 года кавалерыя Корпуса аховы памежжа падверглася рэарганізацыі: былі створаны дзве пяхотныя часткі. Падзел на часткі быў абумоўлены патрэбамі навучання і задачамі эскадрона паводле плана «Усход»[6]. Таксама, у ходзе рэалізацыі правіла, паводле якога адзінкі Корпуса называліся ў згоднасці з мясцовасцямі іх размяшчэння, эскадрон атрымаў назву «Друя», хаця нумарацыя часткі працягвала захоўвацца і была канчаткова скасавана ў 1931 г[7].

У 1932 ці 1934 годзе быў праведзены яшчэ адзін падзел эскадронаў, у выніку якога яны былі разбіты на тры інспекцыйныя групоўкі. У выніку гэтага падраздзяленне «Друя» увайшло ў склад паўночнага згуртавання эскадронаў Корпуса аховы памежжа[8]. Адміністрацыйнай адзінкай для эскадрона стаў батальён «Слабодка».

У 1938 годзе была здзейснена рэарганізацыя падпарадкавання і структураў кавалерыі Корпуса аховы памежжа. Памежныя адзінкі былі кваліфікаваны паводле адпаведных тыпаў адзінак у залежнасці ад месца іх дыслакацыі. Эскадрон «Друя» быў кваліфікаваны першай катэгорыяй. Па звестках аб стане эскадрона 20 лістапада 1938 г., у ім служылі 2 афіцэры, 1 прапаршчык, 8 кваліфікаваных унтэр-афіцэраў, 2 звыштэрміновыя афіцэры і 72 уланы. Рыштунак складаўся з 2 цяжкіх (станкавых) і 2 ручных кулямётаў, 73 карабінаў і 76 шабляў. У стайні ўтрымліваліся 83 верхавыя коні. Паводле адміністрацыйнага падпарадкавання, эскадрон уваходзіў у склад палка «Глыбокае»[9].

Падчас частковай вайсковай мабілізацыі, праведзенай 23 сакавіка 1939 г., падраздзяленне было перагрупавана ў раён Велюня, дзе быў арганізаваны падрыхтоўчы полк кавалерыі Корпуса аховы памежжа, падпарадкаваны камандаванню чацвёртай акругі КАП[10]. Пасля таго, як падрыхтоўчы полк быў перафармаваны ў 1-ы кавалерыйскі полк Корпуса аховы памежжа, у маі 1939 года кавалерыйскі эскадрон «Друя» быў ліквідаваны, а яго капітан, ротмістр Гвідон Саломан, стаў начальнікам гаспадарчага эскадрона пры гэтым палку[11].

Арганізацыя правіць

  • Камандаванне эскадронам
  • Кулямётная дружына
  • Гаспадарчая дружына
  • Тэлефонны патруль
  • 2 лінейныя ўзводы[12]

Камандзіры правіць

  • 1925 — ротмістр Юзаф Душынскі
  • кастрычнік 1931 — 31 мая 1935 — ротмістр Тадэвуш Зялінскі
  • 14 снежня 1935 — 1937 — ротмістр Браніслаў Кулік
  • 1937 — ротмістр Юзаф Скрыпкоўскі
  • 1937 — верасень 1939 — ротмістр Гвідон Саломан[13]

Зноскі правіць

Літаратура правіць

  • Анджэй Канстанкевіч, Ежы Прохвіч, Ян Руткевіч. Korpus Ochrony Pogranicza 1924—1939. — Варшава: Barwa i Broń, 2003. — ISBN 83-900217-9-4.
  • Генрык Дамінічак. Granica wschodnia Rzeczypospolitej Polskiej w latach 1919—1939. — Варшава: Wydawnictwo Naukowe PWN, 1992. — ISBN 83-01-10202-0.
  • Ежы Прохвіч. Korpus Ochrony Pogranicza w przededniu wojny, Część I. Powstanie i przemiany organizacyjne KOP do 1939 r.. — «Wojskowy Przegląd Historyczny» №3(149)/1994. — Варшава: Czasopisma Wojskowe, 1994. — С. 148—160. — ISBN 0043-7182.
  • Ежы Прохвіч. Formacje Korpusu Ochrony Pogranicza w 1939 roku. — Варшава: Neriton, 2003. — ISBN 83-88973-58-4.
  • Івона Вішнеўская, Катажына Проміньская. Wstęp do inwentarza zespołu archiwalnego „Brygada Korpusu Ochrony Pogranicza «Wilno»”. — Шчэцін: Archiwum Straży Granicznej, 2013.
  • Крыштаф Міякоўскі, Павел Раждзественскі. Kawaleria Korpusu Ochrony Pogranicza. Wielka księga jazdy polskiej 1918-1939. Tom 44. — Варшава: Edipresse Polska SA, 2013. — ISBN 978-83-7769-888-4.
  • Станіслаў Фалькевіч. Korpus Ochrony Pogranicza. W pierwszą rocznicę objęcia służby na wschodniej granicy Rzeczypospolitej 1924-1925. — Варшава: Ministerstwo Spraw Wojskowych, 1925.