Audi 80 — легкавы аўтамабіль сярэдняга класа, які выпускаўся нямецкім аўтавытворцам Audi з 1966 па 1996 гады.

У 1994 годзе новае пакаленне ў кузаве B5 атрымала пазначэнне Audi A4.

F103 правіць

З 1965 па 1972 год выпускалася серыя легкавых аўтамабіляў Audi F103, якая ўключала ў сябе некалькі мадэляў, якія пазначаліся па магутнасці рухавіка, выяўленай у конскіх сілах. Была ў гэтай серыі і мадэль Audi 80, якая выпускалася ў 19661969 гадах.

B1 правіць

Typ 80 (1972—1976) правіць

Audi 80 B1 (Typ 80)

B1 дэбютаваў у ліпені 1972 года. Спачатку быў даступны толькі як двухдзверны седан, а ў сакавіку 1973 года з’явіўся чатырохдзверны седан. Аўтамабіль хутка стаў бэстсэлерам у ніжнім сярэднім класе і ў 1973 годзе стаў уладальнікам тытула «Еўрапейскі аўтамабіль года»[1].

Audi 80 абсталёўваўся бензінавымі чатырохцыліндравымі рухавікамі сямейства EA 827 аб’ёмам 1,3 і 1,5 л, магутнасцю 55, 75 або 85 к.с. Каробка перадач — чатырохступеньчатая механічная, або трохступеньчаты аўтамат для машын з рухавіком 1,5 л.

Платформа B1 была выкарыстана пры стварэнні першага пакалення VW Passat, які фактычна быў мадыфікацыяй Audi 80, але пад маркай Audi выпускаліся 2- і 4-дзверны седаны, а Passat выпускаўся з кузавамі 2- і 4-дзверны седан-фастбэк, 3- і 5-дзверны хэтчбек і ўніверсал.

У 1973 годзе ў продажы з’явіўся спартыўны Audi 80 GT, які выпускаўся толькі ў 2-дзвярным варыянце. Мадыфікацыя была абсталявана 1,6-літровым карбюраторным рухавіком, магутнасць якога дзякуючы падвойнаму карбюратару была павышана да 100 к.с., што дазваляла разагнаць аўтамабіль да максімальнай хуткасці ў 175 км/г. Дадатковы спартыўны пакет уключаў чорны матавы капот і лёгкасплаўныя колавыя дыскі.

Каб задаволіць попыт Audi 80 да 1974 года выпускалі таксама ў Вольфсбургу. Там з канвеера сышло 66 549 адзінак[2].

Вясной 1974 года была аўтамабіль атрымаў новыя пластыкавую рашотку радыятара і бамперы з пластыкавымі накладкамі па вуглах.

Typ 82 (1976—1978) правіць

Audi 80 B1 (Typ 82)

У верасні 1976 года быў праведзены рэстайлінг[3]. Знешне мадэль стала падобная на Audi 100 C2.

Змянілася гама рухавікоў, у прыватнасці рухавікі аб’ёмам 1,5 л былі цалкам знятыя з вытворчасці. У сістэмах сілкавання рухавікоў YG і YH з’явіліся сістэмы ўпырску Bosch K-Jetronic. З вытворчасці была знятая мадыфікацыя 80 GT, і ёй на змену прыйшла Audi 80 GTE з інжэктарным рухавіком аб’ёмам 1,6 л магутнасцю 110 к.с.

У студзені 1978 года ў Германіі была прапанаваная адмысловая версія «Millionär». Афарбоўка гэтых машын была выключна серабрыстым металік.

Перад пераходам з мадэлі 80 B1 на 80 B2 (Type 81) была прапанаваная мадыфікацыя Super 80, камплектацыі GTE магутнасцю 55, 75 або 85 к.с., у трох колерах (чырвоны, сіні і серабрысты металік) па 750 штук кожнага. Усе Super 80 былі зроблены толькі ў жніўні 1978 года.

У жніўні 1978 года вытворчасць першага пакалення Audi 80 была спыненая. Усяго выраблена 1 103 766 аўтамабіляў[4].

Fox правіць

На амерыканскім рынку Audi 80 прадавалася пад назвай Audi Fox. Аўтамабіль прапаноўваўся з рухавіком аб’ёмам 1,5 л. магутнасцю 55 к.с. і 4-ступеньчатай механічнай каробкай перадач. Больш познія версіі мелі рухавік 1,6 л. магутнасцю 83 к.с. Audi 80 GTE на амерыканскім рынку прадавалася пад маркай Audi Fox GTI. У пачатку 1975 года ў сямействе з’явіўся ўніверсал.

У 1978 годзе 80 B1 сышла з еўрапейскага рынку, але ў Паўночнай Амерыцы прадавалася да 1979 года.

B2 правіць

Audi 80 (1978—1984)

Audi 80 B2 быў прадстаўлены публіцы ў верасні 1978 года. Гэтаму кузаву быў прысвоены індэкс Typ 81 і завадскі код В2[5].

У 1980 годзе на Audi 80 упершыню з’явіўся пяціцыліндравы рухавік WE аб’ёмам 2,0 літра.

З 1982 мадэльнага года ў гаме з’явіўся турбадызель і павялічылася колькасць пяціцыліндравых рухавікоў. У 1982 мадэльным годзе таксама адбыліся некаторыя змены ў тыпах сілавых агрэгатаў і пазначэннях мадыфікацый аўтамабіля.

Платформа Audi 80 B2 была вельмі ўніверсальнай, бо многія кампаненты аўтамабіля былі агульнымі з такімі мадэлямі як Audi Quattro, Audi Sport Quattro і Audi Coupé[6].

Мадэрнізацыя 1984 года правіць

Audi 80 (1984—1986)

У канцы 1984 дызайн мадэлі быў злёгку зменены[7].

Паколькі ў той час ужо рыхтавалася зусім новая версія аўтамабіля, вырашана было не моцна змяняць знешнія панэлі кузава. У першую чаргу знешнія змены закранулі оптыкі. Аўтамабіль атрымаў новыя фары галаўнога святла і адпаведную ім нахільную рашотку радыятара. Заднія ліхтары таксама былі замененыя больш высокімі блокамі, якія дазволілі зрабіць выраз вечка багажніка на ўзроўні задняга бамперу, што зрабіла аўтамабіль падобным ззаду на Audi 100.

Перамены адбыліся і ў салоне. Змянілася форма пярэдняй панэлі, якую зараз сталі рабіць з мяккага матэрыялу — яе форма стала больш плыўнай. Адбыліся змены ў гаме сілавых агрэгатаў і трансмісій.

У 1984 годзе была выпушчаная Audi 90, якая ўяўляла сабой мадэль з больш магутнымі рухавікамі і з болльшай колькасцю опцый. Знешне аўтамабіль вылучаўся светлатэхнікай, інтэграваным бамперамі, фарбаванымі ў колер кузава і пластыкавымі накладкамі на парогах. На выбар прапанаваліся два пяціцыліндравых інжэктарных рухавіка аб’ёмам 2,2 л. магутнасцю 115 к.с. і 136 к.с. (крыху пазней аб’ём павялічылі да 2,3 л.) і 75-моцны турбадызельны рухавік, які таксама даступны быў і для Audi 80. Аўтамабіль Audi 90 меў пярэдні (індэкс Typ 81) і поўны прывад (Typ 85). Таксама на Audi 90 з рухавіком 2,2 л. былі даступныя такія опцыі як ABS, кандыцыянер і круіз-кантроль, электрычныя шклапад’ёмнікі, дворнікі на фарах і люк на даху.

Audi 4000 / 4000S правіць

 
Audi 4000 (1979—1984)

У 1980 годзе аўтамабіль дэбютаваў у ЗША пад маркай Audi 4000. Мадэль аналагічная Audi 90 атрымала пазначэнне Audi 4000CS.

B3 правіць

 
Audi 80 B3
 
Audi 80 B3

У верасні 1986 года пачалася вытворчасць новага пакалення з кузавам Typ 89, код платформы B3.

Адразу ж пачаліся продажы ў ЗША пад еўрапейскай назвай (папярэдняя мадэль прадавалася ў Амерыцы пад назвай Audi 4000). Амерыканская Audi 80 адрознівалася іншымі бамперамі, афарбаванымі ў колер кузава, і крышкай багажніка (з-за рознага памеру еўрапейскіх і амерыканскіх нумарных знакаў).

З восені 1989 года аўтамабіль быў мадэрнізавны. Адноўлены кузаў атрымаў пазначэнне Typ 8A[8]. Знешне Typ 8A можна адрозніць ад Typ 89 па больш вузкім гумавым молдынгам уздоўж бартоў кузава. 8A таксама атрымаў закругленыя падрулявыя перамыкачы (у адрозненне ад квадратных у Typ 89). Адбыліся некаторыя змены ў пярэдняй падвесцы.

У 1991 годзе Audi 80/90 B3 была знятая з вытворчасці.

Audi 90 правіць

 
Audi 90 B3
 
Audi 90 B3

У верасні 1987 года пачалася вытворчасць Audi 90[9]. Як і раней, гэта былі аўтамабілі больш высокай камплектацыі і з самымі магутнымі маторамі.

Знешне 90 адрозніваліся ад Audi 80 пярэднім і заднім спойлерам, фарбаванымі ў колер кузава з інтэграванымі паказальнікамі павароту і супрацьтуманавымі фарамі.

Выраблена 141.145 адзінак[9].

quattro правіць

 
Audi 90 quattro 20V

Адначасова са з’яўленнем Audi 80/90 з’явілася і іх паўнапрывадная мадыфікацыя quattro. Як звычайна машына была аснашчана самымі магутнымі рухавікамі і выключна механічнымі пяціступеністымі КПП. Вялікія змены адбыліся ў трансмісіі. Ролю цэнтральнага дыферэнцыяла гуляў самаблакуючыйся дыферэнцыял Torsen, а задні міжколавы дыферэнцыял блакаваўся ўручную толькі пры хуткасцях ніжэй за 25 км / г, за чым сачыла электроніка. Знешне Audi 80 quattro адрознівалася ад манапрываднай мадэлі спойлерам, фарбаваным у колер кузава.

Coupé правіць

 
Audi Coupé B3

У 1988 годзе на базе Audi 80 было прадстаўлена новае Audi Coupé, якое з’яўляецца, па сутнасці, самастойнай мадэллю.

На аўтамабіль усталёўваўся 4-х цыліндравы рухавік з турбанаддувам магутнасцю 115 к.с. Для мадыфікацыі Quattro прапаноўваўся 5-цыліндравы рухавік з турбанаддувам магутнасцю 230 к.с.

У 1991 годзе Audi Coupé была мадэрнізавана, прычым многія змены затым перайшлі на Audi 80 чацвёртага пакалення.

B4 правіць

Audi 80 B4

У 1991 годзе была праведзена грунтоўная мадэрнізацыя. Новы кузаў атрымаў пазначэнне Typ 8C і новы код платформы — B4. Прапорцыі кузава былі захаваныя, але павялічылася колавая база (на 70 мм), цалкам змянілася задняя частка кузава і яе кампаноўка — паліўны бак з-за спінкі задняга сядзення быў перанесены пад дно. Адметна, што нягледзячы на гэта, седан B4 мае меншы багажнік (430 літраў), чым папярэднік B3 (453 л)[10], але разам з тым перанос бака дазволіў зрабіць падзельнай і складанай спінку задняга сядзення. Знешнія змены закранулі пярэднюю і заднюю яго частку — оптыку, бамперы, фальшрадыятарная рашотка стала інтэграванай з капотам.

 
Audi 80 B4 Avant

У мадэльным шэрагу з’явіўся ўніверсал Avant, які быў прадстаўлены ў чэрвені 1992 года. Знікла мадэль Audi 90 — цяпер усе машыны насілі пазначэнне Audi 80 (за выключэннем мадыфікацыі з рухавіком 2,8 для ЗША, якая прадавалася там як Audi 90[11]).

Базавым быў бензінавы 1,6-літровы рухавік магутнасцю 76 або 102 конскіх сілы. Рухавік 2,0 мог быць адным з трох варыянтаў: 90 к.с. з аднакропкавым упырскам паліва, 2.0E з размеркаваным упырскам (115 к.с.), ці шаснаццаціклапанны 2.0 16 V магутнасці 140 к.с. Быў у гаме пяціцыліндравы 2.3 магутнасцю 133 к.с. Найбольшымі рухавікамі былі V6 аб’ёмам 2,6 л і 2,8 л (магутнасці 150 і 174 конскіх сіл). Шэраг дызельных рухавікоў складаўся з 1.9 TD (75 к.с.) і 1.9 TDi (90 к.с.).

У лістападзе 1994 года седаны Audi 80 В4 былі замененыя на мадэль А4, а ў канцы 1995 года з вытворчасці быў зняты і ўніверсал Avant.

Cabriolet / S2 / S2 Avant / RS2 Avant правіць

У 1991 годзе была прадстаўлена мадэль Audi Cabriolet, якая выпускалася ажно да 2001 года, калі на змену ёй прыйшла Audi A4 Cabriolet.

У 1992 годзе з’явілася зараджаная версія — Audi S2 з магутным турбіраваным рухавіком 2,2 літра (220 к.с.), які ўсталёўваўся да верасня 1992 (пасля яго змяніў рухавік 230 к.с.), шасціступеністай механічнай скрыняй перадач і поўным прывадам.

У студзені 1993 года з’явіліся спартыўныя версіі — гэта былі S2 Avant з 230-моцным радным 2,2-літровым пяціцыліндравым рухавіком і больш жорсткай спартыўнай падвескай. Знешнія адрозненні гэтай версіі звяліся да бампераў з вялікімі адтулінамі паветразаборнікаў, тормазаў тыпу Porsche (з ярка-чырвонымі супартамі). Інтэр’ер таксама змяніўся: пярэстае тканіннае аздабленне салона, іншая панэль прыбораў, спартыўны руль.

У маі 1994 года быў прадстаўлены RS2 Avant з 2,2-літровым 315-моцным інжэктарным турбарухавіком.

Усяго было выпушчана 5.469 Audi S2 c маторам 3B, з маторам ABY — 1.901 машына. Audi S2 Avant — 1.818. Audi RS2 выпусцілі ў колькасці 2.891 аўтамабіляў.

Зноскі

  1. Previous Winners: Car of the Year — 1973 Архівавана 27 чэрвеня 2013. // caroftheyear.org (англ.)
  2. Audi 80 B1 (1972-1978): Dieses Auto rettete VW (ням.). de.motor1.com (12 сакавіка 2022). Праверана 17 сакавіка 2022.
  3. http://www.audi.com/com/brand/en/company/audi_history/model_evolution/1965-1990/audi_80_b1/audi_80_gls_1977.html(недаступная спасылка)
  4. Statistik (ням.). Der Audi 80 - Typ 82 // typ82.info. Праверана 17 сакавіка 2022.
  5. http://wiki.audi-bel.com/wiki/Audi_80_B2_(1979-1984) Архівавана 10 мая 2013.
  6. http://audi-tech.ru/obzor-audi-80/audi-80-b2 Архівавана 3 снежня 2012.
  7. http://wiki.audi-bel.com/wiki/Audi_80_B2_(1985-1987) Архівавана 10 мая 2013.
  8. История модели Audi 80 B3 // audi80.ru (руск.)
  9. а б Audi 90, 1987 // audi.com (англ.)
  10. Używane Audi 80 B4 1991—1996 — poradnik kupującego // autokult.pl (польск.)
  11. История модели Audi 80 B4 // audi80.ru (руск.)

Літаратура правіць

  • Paul Fernley, «Car of the Year: 1972,» Classic and Sports Car (September, 2005) p. 135.
  • "Imports: Audi, " Collector Car and Truck Market Guide, (VMR International, July, 2001) p. 76.
  • Werner Oswald, Deutsche Autos 1945—1975. Motorbuch Verlag, Stuttgart 1975. ISBN 3-87943-391-7.

Гл. таксама правіць

Спасылкі правіць