Carpe diem (лац.: літаральна — «хапай (лаві) дзень») — лацінскі выраз, што паходзіць з паэзіі Гарацыя. Азначае «карыстайся кожным днём»[1].

Carpe diem

Упершыню выраз згадваецца ў «Одзе» І.11 «Да Леўканоі»:

Tu ne quaesieris, scire nefas, quem mihi, quem tibi Ты выпытваць пакінь, грэх тое знаць, колькі табе ці мне,
finem di dederint, Leuconoe, nec Babylonios Леўканоя, багі судзяць жыцця; і вавілонскія
temptaris numeros. Ut melius, quidquid erit, pati. Лічбы ты не трывож: лепей нашмат зносіць усё як ёсць.
Seu pluris hiemes, seu tribuit Iuppiter ultimam, І ці многа шчэ нам наканаваў зімаў Юпітэр, ці
quae nunc oppositis debilitat pumicibus mare Толькі тую, што б’е шумна цяпер хваляй тырэнскаю
Tyrrhenum: sapias, vina liques, et spatio brevi Скáлы, — мудраю будзь, віны цадзі, хвіляй кароткаю
spem longam reseces. Dum loquimur, fugerit invida Рэж надзей даўжыню; прэч між размоў квапны ўцякае час.
aetas: carpe diem, quam minimum credula postero. То хапай гэты дзень — веры няма дням, што ідуць за ім.

Гэты пераклад на беларускую мову выканаў Антон Францішак Брыль[2]. У іншым беларускім перакладзе Алеся Жлуткі выраз пададзены як «лаві хвілю»[3].

Выраз мае сэнсавую сувязь з выразамі Vita brevis ars longa і Memento mori і студэнцкім сярэдневяковым гімнам «Гаўдэамус».

Уплыў на папулярную культуру правіць

Назва Carpe diem (ці яго пераклад на англійскі — Seize the Day) носіць шэраг альбомаў і кампазіцый заходніх музычных гуртоў. Таксама гэта фраза згадваецца ў шэрагу фільмаў і серыялаў, у прыватнасці, у дыялогу Робіна Уільямса у фільме «Таварыства мёртвых паэтаў». Пазней фраза была прызнана 95-й найвялікшай цытатай з фільмаў Амерыканскага інстытута кіно[4].

Адзін з родаў пратыстаў носіць назву Carpediemonas.

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. Лацінскія прыказкі і крылатыя выразы Архівавана 16 жніўня 2014. Сайт кафедры класічнай філалогіі БДУ
  2. Пераклады Гарацыя // Прайдзісвет
  3. «Тутэйшыя» (зборнік), Мінск Мастацкая літаратура, 1989 год
  4. American Film Institute.. Архівавана з першакрыніцы 14 ліпеня 2010. Праверана 16 сакавіка 2019.

Спасылкі правіць