Exsultet, Exultet, Абвяшчэнне Вялікадня — заходні хрысціянскі гімн, выкананы на набажэнстве Пасхальнай Вігіліі. Назва паходзіць ад пачатковых слоў гімна лац.: Exsultet — «Хай лікуюць». Гімн уваходзіць у склад пасхальнага набажэнства ў лацінскім абрадзе Каталіцкай царквы, англіканстве, шэрагу лютэранскіх цэркваў. Гімн выкарыстоўваецца таксама ў амврасіянскім абрадзе, дзе мае шэраг тэкставых адрозненняў ад рымскага. Exsultet звычайна чытае дыякан, пры яго адсутнасці святар або чытальнік.

Дыякан чытае Exsultet

Набажэнства правіць

У каталіцкім набажэнстве гімн абвяшчаецца на Літургіі Святла, першай частцы пасхальнага набажэнства, адразу пасля працэсіі з запаленай велікоднай свечкай. Падчас працэсіі ўсе прысутныя ў храме запальваюць ад пасхал а свечкі і падчас спеваў Exsultet стаяць з запаленымі свечкамі. Па заканчэнні працэсіі дыякан устанаўлівае пасхал на адмысловы падсвечнік у прэзбітэрыі і просіць у святара благаславення на абвяшчэнне Вялікадня. Святар адказвае: «Гасподзь хай будзе ў сэрцы тваім і ў вуснах тваіх, каб годным і належным чынам абвясціў ты Абвяшчэнне Вялікадня Яго: у імя Айца, і Сына, і Святога Духа». Дыякан адказвае «Амэн» і падыходзіць да амбону, з якога абвяшчае гімн. Як правіла, Exsultet абвяшчаецца нараспеў, у форме рэчытатыва.

Гісторыя правіць

Асвячэнне велікоднай свечкі ў набажэнстве Пасхальнай Вігіліі і спевы пасхальнага гімна практыкуюцца на Захадзе як мінімум з V ст.. Liber Pontificalis прыпісвае ўвядзенне гэтага абраду ў рымскае набажэнства Папе Зосіме. Нягледзячы на тое, што сучасная форма гімна Exsultet вядомая з старажытнасці, існаваў і шэраг іншых аналагічных гімнаў, якія пасля былі выцесненыя дадзеным песнапеннем. Так у сакраменталіі Папы Геласія (канец V стагоддзя) прысутнічае велікодная малітва «Deus mundi conditor», якая не сустракаецца дзе-небудзь яшчэ. Адметна што гэтая зніклая малітва змяшчае тэкст аб маці-пчале, фрагмент мае, як відаць, найстаражытнае паходжанне і прысутны ва ўсіх гістарычных варыянтах «Абвяшчэння Вялікадня», уключаючы Exsultet. У сярэднявечнай Італіі існавала традыцыя запісваць тэкст гімна на доўгіх, багата ўпрыгожаных пергаментных скрутках, якія паступова разгортваліся перад дыяканам па меры чытання.

У першай частцы гімна маналог чытальніка перарываецца на дыялог, вядомы як Sursum corda і ўваходзіць у склад анафоры. Хоць Exsultet не мае ніякага дачынення да еўхарыстычнай літургіі, уключэнне ў яго Sursum corda падкрэслівае яго ўрачысты характар.

Аналіз метрычнага ладу гімна Exsultet кажа аб яго стварэнні ў прамежак паміж V і VII стагоддзем. Самыя раннія з захаваных манускрыптаў з тэкстам гімна датуюцца канцом VII — пачаткам VIII стагоддзя (Імшала Бобіа, Missale Gothicum і Missale Gallicanum Vetus).

C VII па XII стагоддзе ў тэкст гімна ўносіліся змены. Зафіксавана яго форма была пры Папе Інакенціі III, пасля чаго застаецца нязменнай да нашых дзён, за выключэннем невялікіх правак у XX стагоддзі (у прыватнасці, была выдаленая малітва за імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі).

Гл. таксама правіць

Зноскі

Спасылкі правіць