Ёкуты (сучасная саманазва: Yokut), вядомыя раней як марыпозанцы (англ.: Mariposas) — індзейскі народ, карэнныя жыхары цэнтральнай Каліфорніі.

Ёкуты
(Yokut)
Фота каля 1900 г.
Агульная колькасць 6273 (2010 г.)
Рэгіёны пражывання ЗША
Мова ёкуцкія мовы
Рэлігія анімізм, татэмізм, шаманізм, хрысціянства, танец духу
Блізкія этнічныя групы

Агульная колькасць (2010 г.) — 6 273 чал.

Да прыходу еўрапейцаў ёкуты падзяляліся на шэраг малых этнічных груп, кожная з якіх размаўляла на асабістай мове, што належалі да ізаляванай сям'і моў. Агульная назва ёкуты была ім дадзена амерыканскімі навукоўцамі. На ёкуцкіх мовах ёкут значыць "чалавек".

Гісторыя правіць

Паходжанне ёкутаў выклікае шмат спрэчак сярод навукоўцаў. Археалагічныя раскопкі паказваюць, што людзі з падобнай культурай існавалі на тэрыторыі цэнтральнай Каліфорніі ўжо 1600 гадоў таму. Аднак некаторыя лінгвісты лічаць, што продкі ёкутаў перасяліліся з поўдню толькі каля 450 гадоў таму[1]. Да моманту прыбыцця іспанцаў у апошняй траціне XVIII ст. налічвалася болей за 40 тысяч ёкутаў, якія падзяляліся на 50 розных груп. Яны займаліся збіральніцтвам, паляваннем і рыбалоўствам.

Першыя кантакты паміж ёкутамі з аднаго боку і іспанскімі салдатамі і місіянерамі з другога адбыліся ў 1772 г. і 1776 г.[2] На поўдні Каліфорніі з’явіліся іспанскія місіі, якія займаліся хрысціянізацыяй і зменай ладу жыцця абарыгенаў. Дапамога з боку місій прыцягвала частку індзейцаў. Напрыклад, у 1809 - 1824 гг. ёкуты з далін перасяляліся бліжэй да місій, у той час як горныя ёкуты працягвалі жыць ізалявана.

У 1820 г. Каліфорнія перайшла пад кантроль Мексікі. Мексіканскія ўлады імкнуліся перадаць маёмасць каталіцкіх місій цывільным і ваенным перасяленцам. Пры гэтым індзейцы былі вымушаны пакідаць місіі. Захоп зямель і канфлікт з місіянерамі прывялі да пагаршэння адносін ёкутаў у дачыненні белых. Гэтаму таксама садзейнічала разбуральная эпідэмія малярыі, прынесеная перасяленцамі ў 1833 г., ад якой загінула каля 75% карэнных жыхароў цэнтральнай Каліфорніі[3]. У 1833 - 1840 гг. ёкуты рабілі сталыя напады на тэрыторыю Ніжняй Каліфорніі[4].

У 1848 г. у Каліфорніі было адкрыта золата[5], што прывяло да з’яўлення вялікай колькасці белых перасяленцаў на землях ёкутаў. Яны выціскалі індзейцаў з традыцыйных тэрыторый, у некаторых выпадках імкнуліся эксплуатаваць іх танную працу. У 1850 - 1851 гг. сутычкі паміж групай ёкутаў ракі Туле і золатаздабытчыкамі перараслі ў ваенныя дзеянні[6]. Індзейцы былі вымушаны падпісаць дагавор, які пазбаўляў іх значных тэрыторый. Да 1856 г. была падпарадкавана апошняя незалежная група ёкутаў[7]. Але ўрад Каліфорніі, а потым і федэральныя ўлады ЗША, да якіх адыйшоў гэты штат, былі вымушаны перайсці да палітыкі дагавораў і стварэння рэзервацый, дзе абарыгены маглі захоўваць выбраны лад жыцця. Часцяком яна не ўлічвала этнічнага і тэрытарыяльнага паходжання. Ёкуты былі пераселены ў розныя рэзервацыі, што парушала традыцыйныя сувязі. У створаных для індзейцаў школах навязваліся англійская мова і амерыканская культура.

З канца XIX ст. пачалося навуковае вывучэнне ёкутаў, былі апісаны іх мова і культура, усталявана агульнае паходжанне розных груп ёкутаў[8].

У наш час ёкуты насяляюць 6 розных рэзервацый, толькі 3 з іх сфарміраваны ў адпаведнасці з этнічна-тэрытарыяльным прынцыпам. Эканоміка рэзервацый накіравана на адкрыццё казіно і прыцягненне турыстаў. Праблема размеркавання прыбыткаў у 2015 г. выклікала сутычкі знутры групы чукчансі[9]. Каліфарнійскі суд быў вымушаны зачыніць казіно ў іх рэзервацыі.

Тэрытарыяльныя групы правіць

Ёкуты ніколі не мелі адзінага палітычнага або сацыяльнага аб’яднання. Да прыходу еўрапейцаў падзяляліся на 50 тэрытарыяльных груп. Найбольш важныя з іх[10]:

  • Айтыча (Ayticha)
  • Бакнінвад (Bokninwad)
  • Вакічы (Wakichi)
  • Гавія (Gawia)
  • Гашову (Gashowu)
  • Далінчы (Dalinchi)
  • Думна (Dumna)
  • Кечаі (Kechayi)
  • Кумачысі (Kumachisi)
  • Лакісамні (Lakisamni)
  • Напчынчы (Nopchinchi)
  • Палевямі (Palewyami)
  • Піткачы (Pitkachi)
  • Талтычы (Toltichi)
  • Чуламні (Chulamni), што ўключалі групу ёсімітаў (Jusmites)
  • Хаеямі (Hoye’yami)
  • Хеўчы (Hewchi)
  • Чайнімні (Choynimni)
  • Чаўчыла (Chawchila)
  • Чукайміна (Chukaymina)
  • Чукчансі (Chukchansi)
  • Насельнікі паўночна-усходняй часткі далін (назва не захавалася)
  • Насельнікі ніжняй часткі далін (назва не захавалася)

У нашы дні ёкуты падзелены паміж рэзервацыямі, толькі 3 з якіх захоўваюць этнічны ёкуцкі характар. Прадстаўнікі кожнай рэзервацыі лічацца чальцамі аўтаномнай нацыі.

Культура правіць

Гаспадарка правіць

 
Збіральніцтва

Тэрыторыя рассялення ёкутаў адрознівалася разнастайнасцю, уключала ўрадлівыя, месцамі забалочаныя рачныя даліны, горныя лугі, на поўдні — адносна пустынныя горныя мясцовасці. Да прыходу еўрапейцаў асноўнымі заняткамі былі збіральніцтва, паляванне і рыбалоўства. Сельская гаспадарка была ёкутам невядома[11]. Адзінай свойскай жывёлай з’яўляўся сабака, мяса якога ўжывалі ў ежу.

Для ёкутаў паўночных далін асноўным харчам былі ласось, вадаплаўныя птушкі і жалуды. Лоў ласосяў і збор жалудоў мелі сезонны характар. Рыбу лавілі падчас нерасту ўлетку. Жалуды збіралі ўвесну або ў канцы лета — пачатку восені. Важны характар меў збор малюскаў і каранёў расліны тулі[12]. Горныя ёкуты збіралі жалуды і лавілі рыбу, але таксама палявалі на аленяў і іншых дзікіх жывёл.

Прылады для працы і палявання маглі мець геаграфічныя адрозненні. Так, далінныя жыхары для лову рыбы найчасцей выкарыстоўвалі гарпуны і плеценыя сеткі. Валокны тулі імі выкарыстоўваліся для пляцення рознага віду кашоў. Горныя ёкуты білі рыбу гарпунамі, ведалі выраб керамікі. Паляванне, рыбалоўства, апрацоўка каменю лічыліся мужчынскай справай, збіральніцтва і пляценне — жаночай[13]. Рыбу, скуры дзікіх жывёл, насенне, сабак абменьвалі ў суседніх народаў на футра трусоў, прылады працы з каменю, марскія ракавіны.

Традыцыйныя заняткі пераважалі нават пасля кантактаў з іспанскімі місіянерамі, хаця ў XIX ст. усё больш важную ролю адыгрывалі коні, прычым ёкуты аддавалі перавагу крадзяжу іх у іспанцаў[10]. Патрэбай у конях тлумачаць канфлікты паміж ёкутамі і іспанцамі ў 1830-х гг.[4] Іміграцыя вялікай колькасці белых перасяленцаў падчас залатой ліхаманкі сярэдзіны XIX ст. аказалася нечаканай. Перасяленцы займалі традыцыйныя тэрыторыі і рабілі ранейшы лад жыцця немагчымым[14]. Пасля перасялення ў рэзервацыі ёкуты былі вымушаны наймацца на працу да белых або здаваць свае землі ў арэнду.

Вопратка правіць

Дзеці ёкутаў нават у прахалодныя зімовыя месяцы не мелі вопраткі. Жанчыны і старэйшыя дзяўчаты апраналі кароткія спадніцы са скуры дзікіх жывёл. Спадніцы таксама плялі з раслінных валокнаў, упляталі бісер і пер’е птушак. Мужчыны насілі вопратку накшталт фартуха з аленяй скуры, якую ўпрыгожвалі малюнкамі. І мужчыны, і жанчыны мелі вузкія галаўныя повязі для замацавання валасоў. Узімку апраналі коўдры з футра і пер’я птушак. Распаўсюджаныя жаночыя і мужчынскія ўпрыгожванні: пацеркі, завушніцы, повязі. Абутак быў амаль невядомы[15]. У прахалодны сезон ногі папросту абгортвалі скурамі.

Жытло правіць

 
Жытлы

Багацце прыродных рэсурсаў дазваляла ёкутам большую частку года жыць у сталых паселішчах, якія яны будавалі каля вады. Яны маглі ўключаць 350 чалавек у кожным[16]. Паўднёвыя далінныя жыхары ставілі жытлы ў паселішчах у рад. У паўночных далінных жыхароў панавала нерэгулярная забудова. Яна таксама была распаўсюджана сярод горных ёкутаў, хаця самі жытлы мелі адрозненні[17].

Існавалі розныя тыпы хацін[18]. Некаторыя ствараліся для адной сям’і, іншыя — для некалькіх. Тыповая хаціна ўяўляла сабою конус каркаснага тыпу з круглявай падлогай шырынёй да 4,57 м. Каркас рабілі з драўляных бэлек, нахіленых да цэнтра. Наверсе рабілася адтуліна для дыму. Каркас пакрываўся цыноўкамі і размочанай зямлёй, якую адбівалі кіямі, а потым сушылі. З цягам часу на сценах расла трава. У вярхоўях ракі Туле хаціны зверху злучалі агульным дахам з цыновак. Абшчынныя дамы мелі круглявы дах і прамыя куты сцен. На бэльках каркаса заставаліся невялікія галіны, што потым выкарыстоўваліся ў якасці крукоў. Паўночная сцяна пакрывалася некалькімі пластамі цыновак. Уваходы для кожнай сям’і рабілі з паўднёвага боку. Іншыя віды пабудоў: часовыя заслоны ад ветру, падстрэшкі, невялікія купалападобныя хаціны для пацення і г. д.

Грамадства правіць

Да прыходу еўрапейцаў ёкуты падзяляліся на 50 тэрытарыяльных груп, якія мелі ўласныя саманазвы і якія традыцыйна называюць плямёнамі. У паўночных далінных ёкутаў такія плямёны ўключалі каля 300 чальцоў[10]. Плямёны аб’ядноўвалі 1 або болей паселішчаў. На чале паселішча стаяў правадыр. Яго ўлада перадавалася па бацькоўскай спадчыне. Правадыры спраўлялі штогадовы жалобны рытуал, пасрэднічалі ў спрэчках, прымалі чужынцаў, наглядалі за парадкам, у тым ліку за дапамогай бедным[19]. Дапамогу правадыру аказваў веснік. Яго ўлада таксама перадавалася па бацькоўскай спадчыне. Далінныя ёкуты таксама падзяляліся на 2 татэмныя экзагамныя сваяцкія лініі. У горных ёкутаў такога падзелу не было[20].

Маладыя мужчыны шукалі шлюб у сваім паселішчы або суседніх, але толькі з прадстаўніцамі іншай татэмнай лініі. Сумеснаму жыццю папярэднічалі падарункі сям’і нявесты і супольнае свята. Першы год маладыя жылі пры бацьках жонкі, потым пераходзілі да бацькоў мужа або будавалі сваё жытло. Дазваляліся палігінія і разводы[21]. У далінных ёкутаў пераважалі малыя нуклеарныя сем’і, у горных — вялікія пашыраныя.

Фальклор правіць

Вусная народная спадчына прадстаўлена міфамі, казкамі, песнямі, гістарычнымі паданнямі. Папулярны герой міфаў і казак — трыкстэр Каёт[22][23][24]. Песні лічыліся важнай часткай паўсядзённага жыцця[25]. Вылучаюць жаночыя песні для дзяцей, працоўныя песні, цырыманіяльныя песні, песні, што спяваліся шаманамі падчас лекавання і г. д.[26] Выкананне песень найчасцей было без музычнага акампанементу, але абавязкова патрабавала захавання складанага рытму. Найбольш распаўсюджаны музычны інструмент — бразготка.

Мовы правіць

У нашы дні ёкуцкія мовы вылучаюць у самастойную моўную сям'ю. У 2011 г. налічвалася меней за 12 чалавек, якія гутарылі на мове вікчамні, каля 6 чалавек — чайнімні, меней за 24 — явелмані, некалькі чалавек — чукчансі і тачы[27].

Рэлігія правіць

Традыцыйныя вераванні ёкутаў абапіраліся на веру ў шматлікіх духаў прыроды, якія маглі быць добрымі або злымі. Паколькі дух арла меў дачыненне да стварэння сусвету, ён лічыўся добрым. Яго пер'ем упрыгожвалі вопратку. Наадварот, дух мядзведзя разглядаўся як злы. Кожны чалавек меў свой татэм у жывёльным свеце, на які забаранялася паляваць[28].

Ёкуты паважна ставіліся да смерці і памерлых. Штогадовае свята ў іх гонар разглядалася як адно з найбольш важных сярод рэлігійных абрадаў. Былі распаўсюджаны як крэмацыя, так і трупапакладанне галавою на захад або паўночны захад, дзе нібы знаходзілася краіна мёртвых. Паўднёвыя далінныя ёкуты хавалі шаманаў асобна ад іншых людзей. Сваякі памерлага падтрымлівалі трохмесяцовую жалобу[29].

Значную частку рытуалаў выконвалі шаманы, аднак іх галоўным прызначэннем былі лекаванне і абарона ад злых духаў. Абвінавачаных у злым чарадзействе шаманаў забівалі. Сваякі памерлых, што лекаваліся ў шамана, мелі права абвінаваціць яго ў смерці[30].

З прыходам еўрапейцаў сярод ёкутаў распаўсюджвалася хрысціянства.

Зноскі

  1. People of the Tules - Far Western(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 31 сакавіка 2017. Праверана 14 чэрвеня 2018.
  2. Gray-Kanatiiosh, B. Yokut (Native Americans). - P. 24
  3. Brian M. Fagan, Before California: An Archaeologist Looks at Our Earliest Inhabitants
  4. а б Warren A. Beck and Ynez D. Hasse, Miwok-Yokut Raids into Mexican California, 1830-1840
  5. THE GOLD RUSH OF 1849
  6. The Tule River War
  7. Native Indians & The Gold Rush: A California Holocaust
  8. Для прыкладу: A. L. KROEBER, THE YOKUTS LANGUAGE OF SOUTH CENTRAL CALIFORNIA
  9. Millions At Stake In California Tribe Membership Dispute
  10. а б в Northern Valley Yokuts
  11. About US
  12. Yokuts
  13. Yokuts — Economy
  14. Yokuts Tulare County History
  15. Clothing Tulare County History
  16. Yokuts — Social Studies Fact Cards
  17. Yokuts — Settlements
  18. Shelter — Yokuts Indians Архівавана 15 лістапада 2017.
  19. Yokuts — Sociopolitical Organization
  20. Yokuts — Kinship
  21. Yokuts — Marriage and Family
  22. Manataka — Legends — Coyote — Yokuts Архівавана 2 снежня 2014.
  23. GASHOWU YOKUTS. COYOTE, THE HAWK, AND THE CONDOR
  24. Coyote's Adventures And The Prairie Falcon's Blindness(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 16 жніўня 2017. Праверана 17 чэрвеня 2018.
  25. Music and Dance
  26. James Hatch, TACHI YO1KUTS MUSIC Архівавана 10 верасня 2015.
  27. YOKUTS LANGUAGES
  28. The Yokut Indians Архівавана 21 снежня 2018.
  29. Yokuts - Religion and Expressive Culture
  30. A. L. KROEBER, THE RELIGION OF THE INDIANS OF CALIFORNIA

Літаратура правіць

Спасылкі правіць