Іаан (Харашэвіч)

беларускі праваслаўны царкоўны дзеяч.

Протаіерэй Іаан (пры нараджэнні Іван Аляксандравіч Харашэвіч; 14 студзеня 1933, в. Краснае, цяпер Маладзечанскі раён Мінскай вобласці — 6 мая 2020[1]) — беларускі праваслаўны царкоўны дзеяч.

Іаан
Адукацыя
Дзейнасць святар
Нараджэнне 14 студзеня 1933(1933-01-14)
Смерць 6 мая 2020(2020-05-06) (87 гадоў)

Узнагароды

Біяграфічныя звесткі правіць

Нарадзіўся 14 студзеня 1933 года ў вёсцы Краснае на Маладзечаншчыне, якая тады знаходзілася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі.

У 1960 годзе ў Савецкай Беларусі прыняў дыяканскі сан і скончыў Мінскую духоўную семінарыю. 19 ліпеня 1960 года прызначаны дыяканам Нікольскага сабора горада Алма-Аты. 15 лістапада 1961 года, па ўзвядзенні ў сан іерэя, прызначаны настаяцелем Успенскага храма горада Гур’ева (Атырау). 3 чэрвеня 1969 года прыняты ў штат Калінінскай епархіі і прызначаны настаяцелем Успенскага храма горада Зубцова. 16 чэрвеня 1970 года вызвалены ад займанай пасады і прызначаны настаяцелем Праабражэнскага храма горада Раслаўля. 5 кастрычніка 1971 года прызначаны святаром Успенскага кафедральнага сабора горада Смаленска. 21 жніўня 1974 года пераведзены на пасаду настаяцеля сабора. З 1 верасня 1972 года па 16 кастрычніка 1975 года па сумяшчальніцтве выконваў абавязкі сакратара Смаленскага епархіяльнага ўпраўлення.

16 кастрычніка 1975 года, згодна з пастановай Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы, камандзіраваны ў ГДР і прызначаны настаяцелем Алексіеўскага Храма-помніка Рускай Славы ў горадзе Лейпцыгу. 15 верасня 1983 года прызначаны ключаром Уваскрасенскага кафедральнага сабора ў Заходнім Берліне. 6 верасня 1984 года рашэннем Сінода накіраваны ў распараджэнне мітрапаліта Мінскага і Беларускага Філарэта.

29 кастрычніка 1984 года прыняты ў клір Мінскай епархіі і прызначаны на пасаду штатнага святара Свята-Духава кафедральнага сабора ў Мінску. 30 жніўня 1985 года пераведзены на пасаду ключара сабора. У 1988—1994 гадах па сумяшчальніцтве з’яўляўся сакратаром Мінскага епархіяльнага ўпраўлення. 12 жніўня 1989 года прызначаны настаяцелем храма святой Марыі Магдаліны. Гэта была першая царква ў Мінску, якой дазволілі службы ў часы СССР пасля доўгага перыяду забароны на адкрыццё храмаў[2]. 15 жніўня 2011 года прызначаны адказным за духоўную апеку аб капліцы ў гонар іконы Божай Маці «Знаменне» на брацкіх могілках воінаў Першай сусветнай вайны ў Мінску. З 4 жніўня 2014 года член Царкоўнага суда Беларускай Праваслаўнай Царквы.

 
Царква Святой Марыі Магдаліны (Мінск), 2005 год.

Протаіерэем Іаанам была праведзена вялікая праца па ўпрыгожванню інтэр’еру храма і добраўпарадкаванню прылеглай тэрыторыі, пабудавана хрысцільная царква ў гонар святога Іаана Прадцечы. У 1993 годзе быў збудаваны і ўсталяваны помнік у гонар усіх пахаваных на Старажоўскіх могілках. У 1998 годзе каля храма святой Марыі Магдаліны узведзена капліца ў гонар Сабора Беларускіх святых. У 2000 годзе завершаны роспіс храма. У 2019 годзе пад кіраўніцтвам протаіерэя Іаана Харашэвіча узведзены будынак парафіяльнага Дома духоўнай асветы.

У 2019 годзе айцец Іаан скончыў экстэрнам магістратуту Мінскай духоўнай акадэміі. У гэты час ён быў адным з найстарэйшых святароў Мінска.

Памёр 6 мая 2020 года пасля цяжкай хваробы.

Прэміі і ўзнагароды правіць

Протаіерэй Іаан удастоены богаслужбова-іерархічных, агульнацаркоўных узнагарод і ўзнагарод Беларускай Праваслаўнай Царквы. Ён узнагароджаны ордэнамі Рускай Праваслаўнай Царквы роўнаапостальнага вялікага князя Уладзіміра II і III ступеняў; прападобнага Сергія Раданежскага II і III ступеняў; дабравернага князя Данііла Маскоўскага I ступені; ордэнам свяціцеля Кірыла Тураўскага I ступені Беларускай праваслаўнай царквы (2019)[3]; вышэйшай свяшчэнніцкай царкоўна-богаслужбовай узнагародай — правам нашэння Патрыяршага нагруднага крыжа.

У 2020 годзе протаіерэй Іаан Харашэвіч стаў лаўрэатам прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне».

Зноскі

  1. church.by
  2. nashaniva.by
  3. Свидетельство № 5-02/121 от 29 сентября 2019 года(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 14 красавіка 2021. Праверана 18 лістапада 2020.