Іаан (рымскі імператар)
Флавій Іаан (лац.: Flavius Iohannes) — імператар-узурпатар прастола Заходняй Рымскай імперыі ў 423—425 гадах.
Флавій Іаан | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
лац.: Flavius Iohannes | |||||||
| |||||||
|
|||||||
Папярэднік | Ганорый | ||||||
Пераемнік | Валентыніян III | ||||||
Нараджэнне |
IV стагоддзе |
||||||
Смерць |
425 Аквілея (Італія) |
||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфія
правіцьПа паходжанню Іаан быў готам[1]. У 423 годзе ён быў прызначаны прыміцэрыем натарыяў (лац.: primicerius notariorum) імператара Ганорыя[2]. Пасля смерці Ганорыя 15 жніўня 423 года, яго пляменнік Феадосій II марудзіў з выбарам пераемніка. Тым часам у Рыме 15 жніўня 423 года Іаан абвясціў сябе імператарам пры падтрымцы таленавітых палкаводцаў Флавія Аэцыя і Касціна, а таксама правінцый Італіі, Галіі і Іспаніі[3].
Перад новым імператарам паўсталі сур'ёзныя праблемы. Гарнізон Арля паўстаў, забіўшы прэфекта рэзідэнцыі гальскага прэтара і пачаўшы абмеркаванне па выбары новага Аўгуста. Адначасова коміт Афрыкі Баніфацый не прызнаў Іаана, перашкодзіўшы пастаўцы збожжа ў Рым. Тады Іаан паслаў войскі, каб зняць Баніфацыя, але ў барацьбу ўмяшалася Усходняя Рымская імперыя (Візантыя). Паводле слоў Паўла Дыякана: «Тым часам Іаан, спрабуючы адваяваць Афрыку, якой авалодаў Баніфацый, аказаўся не ў сілах абараніць сам сябе»[4]. У той жа час спроба прымірэння з Феадосіем, скончылася няўдала і той прагнаў паслоў Іаана да Прапантыды[5]. Тады ўсходні імператар прызначыў Цэзарам, а затым Аўгустам на Захадзе сына сястры Ганорыя Галы Плацыдзіі Валентыніяна III. Іаан зразумеў, што без вайны ён не ўтрымаецца на прастоле. Ён пасылае Аэцыя да гунаў прасіць дапамогі, а сам закрыўся ў Равене.
А ў той момант экспедыцыйныя войскі Усходняй імперыі пад камандаваннем вельмі таленавітага палкаводца Ардавура і яго сына Аспара адплылі з Фесалонікаў, але ў дарозе іх караблі раскідаў шторм, пасля чаго самога Ардавура, выкінутага на бераг каля Равены, узялі ў палон прыхільнікі Іаана. Але Аспар жа дайшоў да Аквілеі, а Іаан, замест таго, каб неадкладна выступіць супраць яго, вырашыў чакаць падыходу гунаў, якіх, як ён меркаваў, Аэцый прывядзе з Цэнтральнай Еўропы. Тым часам запалонены Ардавур займаўся тым, што схіляў военачальнікаў Іаана да здрады. Акрамя таго, яму ўдалося перадаць Аспару паведамленне з просьбай неадкладна наступаць. Войскі Аспара, праведзеныя праз балоты нейкім пастухом (як сцвярджалі пасля, ён быў самім ангелам Божым), без супраціўлення ўвайшлі ў Равену[5]. Там Іаана арыштавалі і правялі ў Аквілею, дзе Гала Плацыдзія прысудзіла яго да смерці[6]. Яму адсеклі правую кісць, пасадзілі на асла і ў такім відзе выставілі ў цырку. Затым у маі ці чэрвені 425 года ён быў забіты. Усе яго пастановы абвясцілі несапраўднымі.
Кароткае кіраванне Іаана было ахарактарызавана памяркоўнасцю да ўсіх рэлігій. Пракоп Кесарыйскі адклікаўся так пра Іаана:
Гэта быў чалавек рахманага нораву, адораны розумам, але ў той жа час здольны да рашучых дзеянняў.[7]
.
У кіраванне Іаана ў Рыме была выпушчана невялікая партыя бронзавых манет з паведамленнем пра ўзыходжанне яго на прастол, а чаканка залатых манет выраблялася ў Равене. На іх прысутнічае не толькі выява Іаана, але і галава Фэадосія II у разліку на прызнанне яго прэтэнзій на прастол з боку ўсходніх улад.
Зноскі
- ↑ Martindale J. R. Iohannes 6 // Prosopography of the Later Roman Empire / A. M. Jones, J. R. Martindale. — Cambridge University Press, 1980. — Vol. II: A.D. 395–527. — P. 594-595. — ISBN 0-521-20159-4 [2001 reprint].
- ↑ Сазамен. Царкоўная гісторыя. VII. 23. 3.
- ↑ Алімпіядор Фіванскі. Гісторыя. фр. 41.
- ↑ Павел Дыякан. «Рымская гісторыя». 13. 9.
- ↑ а б М. Грант. Римские императоры. Иоанн. 1998.
- ↑ Пракоп Кесарыйскі. Вайна з вандаламі. I. 3. 8-9.
- ↑ Пракоп Кесарыйскі. Вайна з вандаламі. I. 3. 6-7.
Літаратура
правіць- М. Грант. Римские императоры. Иоанн.
- Martindale J. R. Iohannes 6 // Prosopography of the Later Roman Empire / A. M. Jones, J. R. Martindale. — Cambridge University Press, 1980. — Vol. II: A.D. 395–527. — P. 594-595. — ISBN 0-521-20159-4 [2001 reprint].
- Hugh Elton. «Ioannes»Архівавана 16 ліпеня 2012.. from De Imperatoribus Romanis".