Іван Іванавіч Гарнастай
Іван Іванавіч Гарнастай (каля 1520—1569) — дзяржаўны і ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага.
Іван Іванавіч Гарнастай | |
---|---|
![]() Герб «Гіпацэнтаўр» | |
Смерць |
1569 |
Род | Гарнастаі |
Бацька | Іван Гарнастай |
Маці | Ганна з Саламярэцкіх[d] |
Жонка | Ульяна з Богуш-Багавіцінавічаў[d] |
БіяграфіяПравіць
Паходзіў са шляхецкага роду Гарнастаяў герба «Гіпацэнтаўр». Сын Івана Гарнастая, ваяводы новагародскага, і Ганны Саламярэцкай. Пра дату нараджэння няма звестак. У 1558 годзе пасля смерці бацька апекуном над Іванам і яго братам Астафіем стаў старэйшы брат Гаўрыла.
быў дарсунішскім намеснікам, лыскаўскім і межырэцкім дзяржаўцам[1].
Дарсунішкі ён атрымаў пасля свайго бацькі. Замест сябе паставіў намесніка Мельхіёра Валіцкага, ваўкавыскага шляхціча, што прывяло да фінансавых праблем. Першая ўзнікла ў 1559 г. Гарнастая абвінавацілі ў нявыплаце 500 коп літоўскіх грошаў у скарб за 1557 г. М. Валіцкі прысягнуў, што Гарнастай грошы не браў. Акрамя таго Дарсунішкі былі вызвалены ад выплат, бо з-за дзеянняў войска падданыя збяднелі. 536 коп ужо было выплачана на момант разбору справы. 14 студзеня 1568 г. у кнігі гетмана ВКЛ Грыгорыя Хадкевіча[2] была актыкавана скарга І. Гарнастая на М. Валіцкага з-за наезду на сёлы Раванічы і Юр’ева, нанясенне шкодаў падданым. У гэтым жа годзе супраць служэбніка была пачата справа аб прыўлашчанні грошай з Дарсунішак. Праз год для высвятлення сітуацыі Жыгімонт Аўгуст накіраваў туды ковенскага падкаморыя Войцеха Дзевялтоўскага. Новаму дзяржаўцы Паўлу Мікалаевічу Пацу было загадана не чыніць яму перашкод, а падскарію вялікаму літоўскаму Мікалаю Нарушэвічу — разгледзець справу. У выпадку адмовы М. Валіцкага ўлагодзіць сітуацыю дазвалялася пасадзіць яго ў вязніцу, а маёнткі ўвязаць да скарбу, пакуль не кампенсуе страты. Калі вартасць нерухомай маёмасці будзе менш неабходнай сумы, то М. Валіцкі павінен сядзець у няволі да поўнай выплаты[1].
Прымаў удзел у Інфлянцкай вайне. Паводле попісу 1567 г. ставіў почту 70 коней і 40 драбаў.
У Івана былі і іншыя канфлікты з ураднікамі. Наступныя дакументы былі адзначаны ў рэестры і не маюць даты. І. Гарнастай падаў скаргу на свайго служэбніка Івана Звязду, які трымаў маёнткі Азярніца і Блізнае, а пасля знік і не хацеў плаціць кампенсацыю за страты. Выклікаўся ў суд ваўкавыскі шляхціч Крыштаф Іванавіч Харашэўскі, які быў ураднікам у Промезях і забраў прыбытак на сваю карысць. Спрэчкі былі са слонімскім старостам Грыгорыем Валовічам. Ён абвінавачваўся ў нежаданні выконваць свае абавязкі — пакараць слонімскіх падданых і падданых Івана з Азярніцы і Блізнае за забойства, гвалты, рабаўніцтва на дарогах[1][3].
І. Гарнастай судзіўся з жытомірскім дзяржаўцам Андрэем Глебавічам Пронскім па прычыне невяртання апошнім пазычаных рэчаў (1554)[4]. У дакуменце не адзначана для якіх мэтаў былі ўзяты рэчы, але яны былі дарагія. Сярод іх згаданы гадзіннік. Іван разам з жонкай Ульянай выклікаў у суд Станіслава Мікалаевіча Кежгайлу, а пасля яго спадкаемцаў Яна і Мельхіёра Андрэевічаў Завішычаў. С. Кежгайла пазычыў два залатыя ланцугі вагай 123 чырвоных залатых і не вярнуў у прызначаны тэрмін (1552, 1555)[1].
Памёр у 1569 годзе ў месце Мсцібава. Яго маёнтка Поразава і Гушчынцы перайшлі брату Гаўрылу.
Сям’яПравіць
Жонкай Івана стала Ульяна Багавіцінаўна (?-1575). Яна была малодшай дачкой падскарбія ВКЛ Міхаіла Богуша Багавіцінавіча (?-1529), праваслаўнага веравызнання. Ён прызначаў адным з апекуноў у тастаменце бацьку Івана Іванавіча. Апошні мог скарыстацца гэтым і ажаніць сына. Тым больш, што ў падскарбія засталіся толькі дочкі і спадчына дзялілася паміж імі. Іван Іванавіч пазычыў у жонкі Ульяны 2 000 коп літоўскіх грошаў пад 1/3 сваіх падляшскіх уладанняў Мітковічы, Копыль, Расна, Такары, Балотнікава (1559). У той жа год за добрае да сябе стаўленне падараваў ёй рухомыя рэчы. Пазыку Іван так і не выплаціў. Ульяна выклікала братоў у суд, як спадкаемцаў, для выплаты (1569)[1].
Шлюб Ульяны і Івана атрымаўся няўдалым. Ужо ў 1559 г. Ульяна адзначае пра дрэнныя ўзаемадачыненні з мужам, сваркі ў сям’і. У выніку яна вымушана была пазычаць грошы ў сястры Фядоры 12 000 коп у грошах і рэчах, 8 000 у грошах. З 8 000 павінна была 4 000 выплаціць у 1559 г., а другую частку ў 1560 г. 4 000 выплаты адклала, пад заклад сваёй спадчыннай часткі ў Славацічах на 2/3 сваіх уладанняў у Берасцейскім павеце і на частцы, што атрымала па маці ў пажыццёвае карыстанне. А 1/3 запісала сястры навечна за добрае да сябе стаўленне. Дакументы не згадваюць для чаго былі патрэбны Ульяне такія сумы грошай[1].
Ульяна не захацела жыць з мужам і з’ехала ад яго да маці ў 1561 г. Іван падаў на яе скаргу кіеўскаму мітрапаліту і спрабаваў вярнуць, але беспаспяхова. Напрыканцы жыцця Ульяна больш кантактавала з пляменніцай Кацярынай Тэнчынскай і амаль уся маёмасць перайшла яе сям’і[1].
Зноскі
- ↑ а б в г д е ё Наталля Сліж (Гродна). Лёс дзяцей Івана Гарнастая, падскарбія ВКЛ
- ↑ Выпіс з кніг гетмана ВКЛ Г. Хадкевіча даволі рэдкі дакумент. Самі кнігі не захаваліся, але магчыма, што і не выяўлены. Ва ўмовах вайны гетману надаваліся судовыя паўнамоцтвы.
- ↑ Потреба иж листа на земенина повету Слонимско(г)о Ивана Звезду которыи у мене иж жил и держал от мене имене мое Озерницу и Близную где не вем для чо(г)о зникает а усправедливитци мне п(а)ну своему в личбы не хочети в том собе шкоды от него немало прымую бо до мне п(а)на сво(г)о не едети личбы зникает абы ми перед дворанином учынил личбы. AGAD, Archiwum Potockich z Radzynia, sygn. 392, k. 15-16.
- ↑ У дакуменце пералічваліся: «коня вороног(о) турецкого белокопытног(о), сто золотых чирвоных, а два возники белые, двадцать коп грошеи, перстен золотыи с трема каменми з шмаракгдом з двема рубины за которыи перстен, тридцат золотых чирвоных дано, зекгар позлотистыи, за которыи дано десят коп грошеи». AGAD, Archiwum Potockich z Radzynia, sygn. 346, k. 39.
КрыніцыПравіць
- Słownik geograficzny królestwa Рolskiego i innych krajów słowiańskich / Рod red. F. Sulimierskiego, B. Chlebowskiego, W. Walewskiego. — Warszawa, 1883. — T. III. — S. 128
- Archiwum książąt Sanguszkyw w Slawucic / Wyd. рrzez B. Gorczaka, — Lwów, 1890. — T. IV — S. 534—535.
- Boniecki A. Herbarz Рolski.- Część I: Wiadomości historyczno-genealogicznc o rodach szlacheckich. — Warszawa, 1904. — T. VII. — S. 86.