Іван Іванавіч Цвікевіч

Іван Іванавіч Цвікевіч (лістапад 1891, Брэст — 1 жніўня 1938, Усць-Канск, Алтайскі край) — беларускі медык, грамадскі і навуковы дзеяч, публіцыст. Выкарыстоўваў псеўданімы Іван Трызна, І. Яцвяг.

Іван Іванавіч Цвікевіч
Дата нараджэння 1891
Месца нараджэння
Дата смерці 1 ліпеня 1938(1938-07-01)[1]
Месца смерці
Род дзейнасці урач, інтэлектуал
Месца працы
Альма-матар
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія правіць

Нарадзіўся ў лістападзе 1891 года ў Брэсце ў сям’і фельчара Івана Цвікевіча, які працаваў у чыгуначнай лякарні. Меў старэйшага брата Аляксандра Цвікевіча, які стаў прэм’ер-міністрам БНР і якому быў заўсёды паплечнікам. Як і брат, вучыўся ў мужчынскай гімназіі ў Брэсце (цяпер у гэтым будынку адзін з карпусоў БрДУ імя А. Пушкіна). У 1914 скончыў медыцынскі факультэт Варшаўскага ўніверсітэта.

Жывучы ў Маскве, доктар Іван Цвікевіч разам з братам А. Цвікевічам быў сярод кіраўнікоў мясцовай арганізацыі Беларускай сацыялістычнай грамады, актыўна працаваў у складзе Цэнтральнага беларускага бежанскага камітэта, які аб’ядноўваў беларускіх уцекачоў, што жылі ў розных кутках Расіі. Спрычыніўся да стварэння ў Маскве Беларускай народнай грамады.

 
Прэзідыум Медыцынскай секцыі Інбелкульта (злева направа): Іван Іванавіч Цвікевіч, Міхаіл Іванавіч Барсукоў, Павел Віктаравіч Трамповіч. 1926

У 1917—1921 гг. мабілізаваны ў Чырвоную Армію, дзе служыў дывізіённым урачом. У 1920 дывізія, у якой ён служыў, была інтэрнавана ў Германіі. У 1921—1923 гг. працаваў у Берліне ў савецкім пасольстве ў Германіі, падтрымліваў кантакты з дзеячамі БНР. У 1924 годзе пераехаў у Мінск. З’яўляўся сябрам калегіі Наркамату аховы здароўя БССР, працаваў загадчыкам аддзелу ў Белдзяржвыдавецтве.

Навуковая дзейнасць правіць

Доктар Іван Цвікевіч быў сярод тых, хто першым узяўся распрацоўваць беларускую медыцынскую тэрміналогію. Разам з вядомымі дзеячамі БНР Вацлавам Ластоўскім і Клаўдзіем Дуж-Душэўскім Іван Цвікевіч у 1923 годзе падрыхтаваў першы беларускамоўны падручнік у галіне медыцынскіх ведаў — «Фізыологія і анатомія чалавека» (перакладзены ім з расійскай), які прызначаўся для школ і які быў выдадзены Бюро па ўкладанні і перакладах падручнікаў на беларускую мову пры Народным Сакратарыяце Асветы БНР.

З 1924 г. ён узначальваў Медыцынскую секцыю Інбелкульта (з 1928 г. — у складзе Інстытута навуковай мовы Беларускай Акадэміі навук) і Тэрміналагічную камісію пры ёй. Плёнам працы камісіі пад яго кіраўніцтвам стала праца, выдадзеная ў 1926—1929 гг.,- «Nomina Anatomica Alborutenica — Анатамічныя назвы» (у 3-х тамах). Была распачата таксама праца над фізіялагічнай і інфекцыйнай тэрміналогіямі, але яна не была скончана і засталася ў рукапісах.

Іван Цвікевіч — аўтар гістарычнага нарысу «Канстанцін Каліноўскі», які быў надрукаваны пад псеўд. Іван Трызна ў часопісе ўраду БНР «Беларускі сцяг» у 1922 г. Гэта была адна з першых прац пра кіраўніка паўстання 1863 г. у Беларусі, у якой абгрунтоўвалася думка пра К. Каліноўскага як свядомага змагара за незалежнасць беларускага народа. Іван Цвікевіч займаўся таксама перакладамі мастацкіх твораў на беларускую мову (Рабіндранат Тагор і інш.).

Арышт і пакаранні правіць

 
Экслібрыс І. Цвікевіча. Г. Змудзінскі, 1927

У канцы 1929 падчас «чысткі» кіруючых органаў БССР ад нацдэмаў не пабаяўся на адкрытым сходзе ў Наркамаце асветы выступіць у абарону першага старшыні ўрада БССР, беларускага пісьменніка Змітра Жылуновіча. Гэтая мужная пазіцыя была кваліфікавана сталіністамі як «чарговая вылазка беларускага нацыянал-дэмакратызму» і ў хуткім часе адгукнулася рэпрэсіямі супраць яго самога.

Доктар Іван Цвікевіч быў арыштаваны 18 ліпеня 1930 па сфабрыкаванай справе «Саюзу вызвалення Беларусі». Асуджаны 10 красавіка 1931 года на 5 гадоў лагераў. Пакаранне адбываў у Нарыме, з’яўляўся начальнікам санчасці Нарымлага. Затым пасяліўся ў Усць-Кане Алтайскага края, дзе працаваў урачом у раённай бальніцы. Паўторна арыштаваны 5 сакавіка 1938 года і 1 жніўня 1938 года прыгавораны да расстрэлу Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР. Рэабілітаваны судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР 19 верасня 1960 года.

Зноскі

  1. Міхнюк У. М. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.17: Хвінявічы — Шчытні — С. 92.

Літаратура правіць

Збор паштовак «Берасцейцы — дзеячы БНР». Аўтар тэкстаў — Ігар Бараноўскі.

Спасылкі правіць