Іван Уладзіслававіч Жалтоўскі

беларускі савецкі архітэктар

Іва́н Уладзісла́вавіч Жалто́ўскі (15 (27) лістапада 1867, Плотніца — 16 чэрвеня 1959) — беларускі савецкі архітэктар, тэарэтык, педагог, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1944), ганаровы член Акадэміі навук БССР (1947), акадэмік Акадэміі архітэктуры СССР (1939—1956), Акадэміі будаўніцтва і архітэктуры СССР (1956).

Іван Уладзіслававіч Жалтоўскі
Іван Уладзіслававіч Жалтоўскі
Іван Уладзіслававіч Жалтоўскі
Дата нараджэння 15 (27) лістапада 1867[2]
Месца нараджэння
Дата смерці 16 ліпеня 1959(1959-07-16)[3][4][…] (91 год)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Бацька Уладзіслаў Жалтоўскі[d]
Маці Ядвіга з Савіцкіх[d]
Альма-матар
Працы і дасягненні
Навуковае званне
Працаваў у гарадах Масква, Вічуга, Махачкала, Сочы і інш.
Архітэктурны стыль рэтраспектывізм  (руск.) (неарэнесанс)
Найважнейшыя пабудовы Дом Тарасава, 1912
Дом на Вялікай Калужскай, 7, 1949
Горадабудаўнічыя праекты 1923
Пасёлак заводу АМО, 19141917, 1923
Рэстаўрацыя помнікаў Сядзіба Варанцова  (руск.), 1890-я гг[1].
Нерэалізаваныя праекты Серыя «сталінскіх» буйнапанэльных дамоў
Навуковыя працы Пераклады Паладзіа (Чатыры кнігі пра архітэктуру  (руск.))
Прэміі
Сталінская прэмія
Узнагароды
Ордэн Леніна Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга Медаль «За баявыя заслугі»
Медаль «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.»
Медаль «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.»
Медаль «У памяць 800-годдзя Масквы»
Медаль «У памяць 800-годдзя Масквы»
Сталінская прэмія — 1950 Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія правіць

Нарадзіўся ў двары Бродчы на паўночнай ваколіцы вёскі Плотніца (сучасны Столінскі раён Брэсцкай вобласці) Пінскага павета Мінскай губерні ў шляхецкай сям’і. 29 студзеня 1868 г. быў ахрышчаны ў Асавецкай філіі Пінскага рымска-каталіцкага касцёла.

У 1878 г. паступіў у першы клас Пінскага рэальнага вучылішча «из домашнего приготовления»[5]. У 1884-86 вучыўся ў Астраханскім рэальным вучылішчы, дзе атрымаў дыплом 11 чэрвеня 1886 года[6].

З 1887 г. — студэнт архітэктурнага аддзялення Акадэміі мастацтваў. Вучоба ішла ў першыя часы цяжка, бо бацькі не маглі матэрыяльна дапамагчы сыну. Стаў падпрацоўваць у якасці памочніка ў вядомых пецярбургскіх архітэктараў.

Паралельна наведваў майстэрню акадэміка Роберта Марфельда, таксама вядомага архітэктара, аўтара цікавага праекта Музея антрапалогіі ў Мытным завулку. Менавіта Марфельд і даручыў свайму вучню зрабіць першы самастойны праект даходнага дома. Пазней гэты будынак быў узведзены на грошы прамыслоўца А.Сіпягіна. А потым Жалтоўскі стаў усё часцей атрымліваць добрыя, хаця і невялічкія, праектныя заказы. Малады архітэктар займаўся і іншымі справамі: сачыў за ходам правядзення будаўнічых ды аддзелачных работ і нават кіраваў перабудовай інтэр’ера палаца графа Юсупава[7].

На апошнім курсе акадэміі Жалтоўскага запрасілі на працу ў архітэктурны аддзел Міністэрства шляхоў зносін, дзе юнак праектуе чыгуначныя станцыі і іншыя вытворчыя аб’екты. У 1895 г. Жалтоўскі атрымаў адразу дзве ўзнагароды: Першую прэмію — за праект помніка архітэктару К. Тону — і залаты медаль французскай Акадэміі архітэктуры — за праект помніка заснавальніку гамеапатыі А.Ганеману[7].

У 1898 годзе закончыў свой дыпломны праект «Народны дом», што быў зроблены ім у майстэрні прафесара Л. І. Тамішка, і атрымаў званне архітэктара-мастака. Па сканчэнні Акадэміі Жалтоўскі выправіўся ажно ў Іркуцк, дзе меўся працаваць, але прыпыніўся ў Маскве, дзе атрымаў запрашэнне выкладаць у Строганаўскім вучылішчы. Так Жалтоўскі звязаў свой лёс з Масквою, дзе і жыў да канца свайго жыцця . Адной з першых ягоных работ тут стаў праект гатэля «Метраполь», што, аднак, згарэў ужо ў 1902 годзе, не паспеўшы адчыніць дзверы для гасцей.

У 1903 годзе Жалтоўскі выйграў конкурс на пабудову будынка Скаковага таварыства. Паводле ўмоў конкурсу, будынак патрабавалася запраектаваць у модным тады кшталце англійскае готыкі. Але, выйграўшы конкурс на праектаванне, Жалтоўскі выканаў адразу і новы праект — у духу варыяцыі на тэмы расійскага ампіру і італьянскага рэнесансу. Іншы тагачасны праект Жалтоўскага тых гадоў, загарадны дом у маёнтку Руперт пад Масквою, быў пастаўлены ў высакародным духу паладыянскіх вілаў блізу Вінчэнцы. Потым архітэктар будуе для гандлёвага прадпрымальніка Гаўрылы Тарасава сядзібу на вуліцы Спірыдонаўка (цяпер там — Інстытут Афрыкі). У аснову праекта Жалтоўскага стаў палац Т’енэ ў Віченцы, дзе фасады становяцца ўгару больш грувасткімі, манументальнымі[8].

У 1909 за бліскучае выкананне ідэй класічнай спадчыны ў сучаснай архітэктуры атрымлівае званне акадэміка. Шмат праектуе: будынкі ў Маскве і Падмаскоўі, удзел у стварэнні Музея прыгожых мастацтваў, для якога робіць чарцёж параднай лесвіцы, што вядзе да стылабата (пярэдняй каланады), і шмат чаго іншага. У той жа час выкладае ў Строганаўцы, дзе арганізуе школу-майстэрню, заснаваную, зноў жа, на стылістыцы італьянскай архітэктуры Рэнесанса.

Да 1917 года Жалтоўскі стаў адным з найбольш запатрабаваных архітэктараў, які будаваў дамы для самых багатых людзей Расіі. Але не толькі асабнякі, менавіта яго запрасілі браты Рабушынскія, каб узвесці паселішча для работнікаў арганізаванага ў 1916 г. маскоўскага завода АМО.

Паводле гісторыка мастацтва С. Харэўскага, славутая званіца кафедральнага пінскага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшае Панны Марыі зробленая паводле яго праекта. Ніжняя частка званіцы была пабудаваная ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя ў духу ампіру. Але пасля пажару Жалтоўскі склаў новы праект яе рэканструкцыі і надбудовы, у выніку чаго яна стала ўдвая вышэйшаю і цалкам змяніла сваё аблічча. Праект званіцы быў зацверджаны ў 1912 годзе, але з-за вайны і рэвалюцыі рэалізаваны толькі ў 1923—1924 гадах[8].

Пасля рэвалюцыі 1917 года пачынаецца новы этап яго кар’еры. Пратэкцыю яму склаў наркам асветы А. В. Луначарскі, які ў 1919 годзе пісаў Леніну: «Горача рэкамендую Вам ледзь не самага выдатнага рускага архітэктара, які набыў усерасійскае і еўрапейскае імя — грамадзяніна Жалтоўскага». Неўзабаве Жалтоўскі быў асабіста прадстаўлены правадыру. Вядома, што ў ліпені 1919 года У. І. Ленін гутарыў з ім у будынку былой Маскоўскай гарадской думы пра распрацоўку першага бальшавіцкага плана рэканструкцыі Масквы. Пазней Жалтоўскі, які стаў і аўтарам мемуараў пра сустрэчы з Леніным, пісаў: «Падчас размовы Уладзімір Ільіч надаў вялікую ўвагу пытанням азелянення горада. (…) Слухаючы Леніна, я выразна ўяўляў сабе, якім цудоўным горадам павінна стаць будучая Масква». Натуральна, што галоўным архітэктарам і аўтарам праекта стаў сам Жалтоўскі, у першыя ж паслярэвалюцыйныя гады ён удзельнічаў у перапланіроўцы Масквы[8].

Распрацоўвае праект генеральнага плана і шэрагу павільёнаў І Усерасійскай сельскагаспадарчай і саматужна-прамысловай выстаўкі, якая адкрылася 19 жніўня 1923 года. У гэтым жа годзе накіроўваецца ў творчую камандзіроўку ў Італію, дзе займаўся абмерамі рэнесансных будынкаў, вывучаў у бібліятэках і архівах рукапісы Паладыа, спраектаваў Савецкі павільён для Міланскай сельскагаспадарчай выстаўкі.

Менавіта ў гэтыя гады пад кіраўніцтвам Жалтоўскага ўзводзяцца будынкі Маскоўскай ГЭС, Дзяржбанка на Нягліннай, кінатэатры «Слава» і «Буравеснік».

Трыццатыя гады былі вельмі плённымі. Ён шмат будуе ў Сочы, Грозным, Дом саветаў у Махачкале, распрацоўвае праекты Інстытута літаратуры імя Горкага ў Маскве, тэатра ў Таганрозе, дома на Махавой вуліцы ў Маскве.

У 1933 годзе «для практычнага выканання велічэзных архітэктурных работ, прадугледжаных планам рэканструкцыі Масквы», былі створаны архітэктурныя майстэрні Массавета — 10 праектных і 10 планіровачных. На чале трох першых майстэрняў былі пастаўленыя адпаведна найбуйнейшыя архітэктары, якія пачалі сваю творчую дзейнасць яшчэ ў дарэвалюцыйнай Расіі: акадэмікі І. У. Жалтоўскі, І. А. Фамін і А. В. Шчусеў. На працягу перадваеннага дзесяцігоддзя архітэктурная майстэрня № 1 Массавета праектавала і будавала на ўсёймтэрыторыі СССР і ў Беларусі таксама. Так паступова складваўся калектыў маладых архітэктараў-аднадумцаў, які пасля перарасце ў майстэрню-школу І. У. Жалтоўскага.

У яго маскоўскай майстэрні праектаваліся і карэктаваліся планы паваеннага аднаўлення Гомеля і будаўніцтва паасобных аб’ектаў у Мазыры і Пінску. Менавіта вучні Жалтоўскага, архітэктары Баршч і Паруснікаў, стваралі ансамбль праспекта Сталіна ў Мінску[8].

Праект тэатра ў Гомелі, зроблены Жалтоўскім напярэдадні вайны, стаў асноваю для пабудовы тэатра ў 1947—1956 гадах. Праект быў распрацаваны яшчэ ў 1940—1941 гады ўсесаюзным трэстам «Тэатрпраект». Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя будынка падпарадкавана строгай сіметрыі з акцэтаваннем галоўнае восі, на якой размешчаныя ўсе памешканні, ад вэстыбюля да вялікае глядзельнай залы і падсобак. У мастацкім афармленні выкарыстаны традыцыйны для будынкаў Жалтоўскага чатырохкалонны порцік зразвітым франтонам, аздобленым скульптураю. У 1949 годзе пастановаю СНК БССР было вырашана аднавіць у Гомелі будаўніцтва тэатра. Паваенным будаўніцтвам гомельскага тэатра кіраваў адзін з вучняў Жалтоўскага — ленінградскі архітэктар Аляксандр Тарасенка, які, дарэчы, пабудаваў таксама тэатры ў Ашгабаце, Ніжнім Тагіле і г. д. У будаўніцтве і абсталяванні тэатра з вялікім энтузіязмам удзельнічалі прадпрыемствы і будаўнічыя арганізацыі Гомеля. Відавочна, што працы, зробленыя архітэктарам А. В. Тарасенкам пад кіраўніцтвам Жалтоўскага, вымагалі карэкціроўкі на месцы[8].

У сярэдзіне 1950-х гадоў у майстэрні-школе Жалтоўскага пад яго непасрэдным кіраўніцтвам выконваюцца ўсе конкурсныя работы, што праводзіліся ў Маскве: Барадзінская панарама, Палац піянераў, Палац працы, Палац Саветаў на Ленінскіх гарах (1957), там жа пантэон Вялікім людзям (1952—1954), серыя праектаў тыпавых клубаў і кінатэатраў, Дом саюзаў УЦСПС на Крымскай набярэжнай (1953—1957). На жаль, не ўсе яны былі ажыццёўлены. Пры кансультацыі І. У. Жалтоўскага быў створаны комплекс элітнага санаторыя «Горны» ў Ялце. Па сутнасці ён выступаў натхняльнікам гэтага праекта, рэалізацыя і адказнасць за якаснае выкананне якога леглі на плечы членаў школы-майстэрні, ужо самастойных архітэктараў.

Напрыканцы 1940-х гадоў школа Жалтоўскага пачала падлягаць крытыцы і ганенням, але ў 1950 годзе, калі майстрам школы на чале з мэтрам прысудзілі Сталінскую прэмію, крытыка і сумневы аціхлі.

Перад вайной ён праектуе, а ў канцы саракавых гадоў будуе два жылыя будынкі ў Маскве: на Смаленскай плошчы і на Вялікай Калужскай вуліцы.

Самымі буйнымі праектамі ў 1950-я гады былі генеральны праект плана і забудовы горада Сочы, праектаванне Маскоўскага іпадрома, буйнапанэльных жылых дамоў, школ і кінатэатраў у Маскве, Орску, Харкаве, дома Вышэйшага Савета народнай гаспадаркі на праспекце Міра ў Маскве, будынка Строганаўскага вучылішча на Валакаламскай шашы, санаторыя «Горны» ў Лівадыі (Крым).

Апошняй буйной працай стаў конкурсны праект Палаца на Ленінскіх гарах. Вялікаму майстру было ў той час дзевяноста гадоў.

Памёр 16 ліпеня 1959 года ў Маскве.

Сям’я правіць

Нарадзіўся ў шляхецкай сям’і Уладзіслава Іванавіча (Янавіча) Жаўтоўскага герба Агоньчык (18.4.1832 — 30.5.1870, пахаваны на старых каталіцкіх могілках у цэнтры Пінска, магіла захавалася) і Ядзвігі Апалінараўны Савіцкай.

У сям’і было яшчэ трое дзяцей: два браты і сястра. Імя першага брата невядома, ён памёр у 1910-х гадах. Другі — Вацлаў (? — каля 1950) — фармацэўт, жыў ва ўкраінскім Астрогу. Па ўспамінах унука Вацлава, пасля 1917 года браты не падтрымлівалі сувязі з прычыны палітычных рознагалоссяў: «Вацлаў не мог дараваць Івану яго русіфікацыі і здрады шляхецкім традыцыям роду Жаўтоўскага». Сястра Марыя (1870—1939) у 1888 годзе выйшла замуж за Зыгмунта Скірмунта (1863—1926), прадстаўніка буйной прамысловай дынастыі. Пасля 1939 года многія члены сям’і пакінулі Астрог і Пінск і з’ехалі ў Варшаву. Найбольш вядомыя сярод іх — унук Вацлава, мастак Уладзімір Віктаравіч Цюніна (1915—1977), і ўнук Марыі — польскі палітык-эмігрант Юліюш Навіна-Сакальніцкі (1920—2009).

Іван Жалтоўскі 26 жніўня 1900 года ў Санкт-Пецярбургу ў касцёле Святой Кацярыны абвянчаўся з 24-гадовай Амаліяй Канстанцінаўнай Смароўскай. Відаць, шлюб быў няўдалы, бо муж і жонка разам не жылі[6].

Узнагароды правіць

Ушанаванне памяці правіць

  • У Пінску названы праспект яго імем, на будынку былога Пінскага рэальнага вучылішча ўсталяваная мемарыяльная дошка.

Зноскі

  1. История московских районов: энциклопедия / под ред. К. А. Аверьянова. — М., Астрель, АСТ, 2006. — 830 стар.: іл. ISBN 5-17-029169-8, ISBN 5-271-11122-9
  2. Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969.
  3. а б Жолтовский Иван Владиславович // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 25 лютага 2017.
  4. Ivan Zholtovsky // StructuraeRatingen: 1998. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  5. Ильин А. Л., Игнатюк Е. А. Очерки истории культуры Пинщины: (IX — начало XX в.). Пинск, 2013. С. 128.
  6. а б Шурыгина Ольга. Новые данные об И. В. Жолтовском (к 150-летию со дня рождения архитектора) // Архитектурное наследство. Выпуск 67. 2017.
  7. а б Крэпак Барыс. Неарэнесанс, народжаны ў Пінску // Культура. № 40 (1011), 01.10.2011 — 08.10.2011.
  8. а б в г д Харэўскі Сяргей. Творчая спадчына архітэктара Івана Жалтоўскага(недаступная спасылка) // Искусство и культура. 2013. № 2 (10).

Літаратура правіць

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).
  • Крэпак Барыс. Нэарэнесанс, народжаны ў Пінску // Вяртанне імёнаў. Кніга 1. Мінск: Мастацкая літаратура, 2013. Сс. 195—204.
  • Харэўскі С. В. Творчая спадчына архітэктара Івана Жалтоўскага [Текст] // Искусство и культура. — 2013. — № 2 (10). — С. 25-31. — Бібліягр.: с. 31 (9 назв.).
  • Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 305. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.

Спасылкі правіць