Іван Фёдараў (Іаан (Ян) Федаровіч; 1510?, Петкавічы?[2]16 снежня 1583, Львоў) — сярэдневяковы ўсходнееўрапейскі друкар. Лічыцца пачынальнікам друкарскай справы ў Маскоўскай дзяржаве і, такім чынам, у Расіі. Быў настаўнікам друкара Грыня Іванавіча.

Іван Фёдараў
ст.-слав: Їѡаннъ

Шранява
Шранява
Род дзейнасці друкар, кнігадрукар, выдавец
Дата нараджэння каля 1520
Месца нараджэння
Дата смерці 15 снежня 1583(1583-12-15)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Веравызнанне праваслаўе і Праваслаўная Царква
Альма-матар
Аўтограф Выява аўтографа
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Помнік Івану Фёдараву (Федаровічу) ў Маскве
Помнік Івану Федаровічу ў Львове

Біяграфія правіць

Месца яго нараджэння невядома, але, зыходзячы з геральдычнай трактоўкі друкарскага знака Фёдарава, некаторыя навукоўцы лічаць, што ён паходзіць дробнай заходнебеларускай або палеска-падляшскай шляхты, падпісваўся родавым гербам Рагозаў «Шранява»[2]. Паводле некаторых звестак, вучыўся ў Кракаўскім універсітэце, дзе ў 1532 годзе атрымаў ступень бакалаўра[2]. Існуе гіпотэза аб нараджэнні Івана Фёдарава на тэрыторыі сучаснага Вілейскага раёна[3]. Друкарскай справе вучыўся, відаць, у ананімнай друкарні ноўгарадскага святара Сільвестра (15531563)[2].

Друкарская дзейнасць у Маскве правіць

У 1550-я гады працаваў у т. зв. ананімнай друкарні ў Маскве. З 19 красавіка 1563 да 1 сакавіка 1564 разам з Пятром Мсціслаўцам выдаў у Маскве першую дакладна датаваную расійскую друкаваную кнігу «Апостал» (захаваўся 61 асобнік). Рыхтуючы яе да выдання, першадрукары правялі вялікую тэксталагічную і рэдактарскую работу, аб чым сведчыць Сымон Будны ў прадмове да Новага Запавету (Лоск, 1574). 48 заставак гэтай кнігі, надрукаваных з 20 дошак, 22 буквіцы і іншыя друкарскія аздабленні вызначаюцца высокім мастацкім майстэрствам і працягваюць традыцыі арнаментальнага ўбранства старажытнарускіх рукапісных кніг школы Феадосія Ізографа. Перапрацаваўшы арнаментальныя прыёмы гэтай школы, Фёдараў (Федаровіч) і Мсціславец стварылі т. зв. старадрукарскі стыль, які потым атрымаў вялікае пашырэнне ў мастацкім аздабленні друкаваных і рукапісных кніг. Шрыфт «Апостала», які выкарыстоўваў Фёдараў (Федаровіч) і ў іншых сваіх выданнях, створаны на аснове маскоўскага паўустава канца XV — пач. XVI стагоддзяў.

29 верасня і 29 кастрычніка 1565 Фёдараў (Федаровіч) і Мсціславец выпусцілі ў Маскве 2 выданні «Часоўніка» (зберагліся 6 асобнікаў) — кнігі для пачатковага навучання грамаце.

 
Аўтограф І. Фёдарава, лацінамоўны ліст да саксонскага курфюрста (23.7.1583)

Выгнанне з Масквы. Кнігадрукарства ў Беларусі правіць

У 1566 з-за ганенняў з боку рэакцыйных расійскіх свецкіх і царкоўных колаў Фёдараў (Федаровіч) і Мсціславец пакінулі Маскву і накіраваліся ў Беларусь. Новую друкарню яны заснавалі ў Заблудаве каля Беластока (зараз Падляскае ваяводства ў Польшчы) у маёнтку гетмана Вялікага Княства Літоўскага Рыгора Хадкевіча. У Заблудаўскай друкарні ў 15681569 імі надрукавана «Евангелле вучыцельнае» (захаваліся 44 экз.) — зборнік гутарак і павучанняў з тлумачэннем евангельскіх тэкстаў. У ім змешчана таксама «Слова на Ушэсце» Кірылы Тураўскага — першы друкаваны помнік старажытнай усходнеславянскай літаратуры. На адвароце тытульнага аркуша кнігі ў тэхніцы ксілаграфіі змешчаны герб Хадкевіча. Потым гэта кніга неаднаразова перавыдавалася ў Беларусі. Пасля ад'езду Мсціслаўца ў Вільню Фёдараў надрукаваў у Заблудаве ў 15691570 Псалтыр з Часаслоўцам (зберагліся 3 асобнікі). У канцы гэтай кнігі змешчана Пасхалія ў табліцах. Складаючы яе, Фёдараў, відаць, выкарыстаў Пасхалію з «Малой падарожнай кніжкі» Францыска Скарыны, выдадзенай каля 1522 у Вільні.

Пераезд у Львоў правіць

Паколькі Хадкевіч рашыў спыніць выдавецкую дзейнасць, Фёдараў у канцы 1572 — пачатку 1573 пераехаў у Львоў і заснаваў там першую на Украіне друкарню, дзе ў 1574 выдаў першую ўкраінскую дакладна датаваную друкаваную кнігу «Апостал» (захавалася 97 асобнікаў, што сведчыць пра вялікі першапачатковы тыраж кнігі). Гэта кніга была паўторам маскоўскага выдання 1564 з даданнем некаторых уступных тэкстаў і пасляслоўяў «Повесть… откуду начася и како сверится друкарня сия». Гэта пасляслоўе — першы друкаваны твор рускай мемуарнай літаратуры. У кнізе змешчаныя 3 гравюры, кожная на старонку: герб Хадкевіча, выява апостала Лукі, геральдычная кампазіцыя з гербам горада Львова і друкарскім знакам Фёдарава.

У тым жа 1574 г. Фёдараў надрукаваў у Львове «Азбуку» («Буквар») — першы друкаваны рускі падручнік з практыкаваннямі для навучання грамаце, прыкладамі спражэння дзеясловаў, скланення назоўнікаў і прыметнікаў, выкарыстання «прасодый» (узоры выкарыстання над- і падрадковых знакаў). Кнігу завяршаюць тэксты для замацавання і развіцця навыкаў чытання і пісьма, т. зв. тлумачальная азбука, шырока вядомыя малітвы. Урыўкі з біблейскіх кніг у «Азбуцы» падабраны так, што яны фармулююць мэтанакіраваную гуманістычную праграму пачатковай школьнай адукацыі (адзін экзэмпляр гэтай кнігі захоўваецца ў бібліятэцы Гарвардскага ўніверсітэта, ЗША, другі — у Лондане).

На службе Канстанціна Астрожскага правіць

У 1575 князь Канстанцін Астрожскі запрасіў Фёдарава на службу да сябе, дзе той выконваў абавязкі аканома Дзерманскага манастыра. Каля 1578 Астрожскі заснаваў у Астрогу друкарню, у якой 18 чэрвеня 1578 выйшла новае выданне «Азбукі», дапоўненае ў параўнанні з выданнем 1574 паралельнымі грэка-славянскімі тэкстамі, каб дапамагчы вучням авалодаць грэчаскай мовай (захаваліся 2 асобнікі: у Капенгагене і Гоце, Германія; невялікі яе фрагмент — у Дзяржаўнай Расійскай бібліятэцы ў Маскве). У гэтым выданні ўпершыню надрукаваны помнік старажытнабалгарскай літаратуры «Аб писменах» Чарнарызца Храбра пад назвай «Сказание како состави святый Кирил Философ азбуку по языку словеньску». У 1580 г. Фёдараў надрукаваў у Астрогу Псалтыр і Новы Запавет элегантным малым фарматам (у «васьмёрку»; збераглося 68 асобнікаў). Кнігу адкрывае прыгожы тытульны аркуш, заключаны ў гравіраваную па дрэве рамку. У тым жа годзе Фёдараў выдаў паказальнік да гэтых кніг: «Кніжку, збор рэчаў самых патрэбных…» — першы ў гісторыі айчыннай бібліяграфіі і дакументалістыкі алфавітна-прадметны паказальнік і адначасова зборнік афарызмаў і крылатых слоў (збераглося 16 асобнікаў).

5 мая 1581 г. у Астрогу лістоўкай Фёдараў надрукаваў «Храналогію» Андрэя Рымшы — першы беларускі друкаваны каляндар і першы асобна выдадзены твор беларускай паэзіі (адзіны экзэмпляр зберагаецца ў Санкт-Пецярбургу). Да 12 жніўня 1581 надрукаваў 1-е поўнае выданне славянскай Бібліі кірылічным пісьмом, т. зв. «Астрожскую Біблію» (захавалася 275 экз.). У яе змесце і аздабленні адчуваецца ўплыў выданняў Скарыны. Арнаментальнае аздабленне Бібліі зроблена таксама пад пэўным уплывам арнаментыкі скарынінскіх выданняў. Прасочваецца тоеснасць і ў некаторых загалоўных літарах (у Дзяржаўнай Расійскай бібліятэцы зберагаецца экзэмпляр гэтай Бібліі, дапоўнены рукапіснымі копіямі прадмоў і пасляслоўяў Бібліі Скарыны).

З 1582 г. Фёдараў зноў у Львове. Імкнучыся сабраць сродкі на адкрыццё новай друкарні, Фёдараў адліваў гарматы, вынайшаў шматствольную марціру з узаемазаменнымі часткамі.

У 1583 г. ён пабываў у Кракаве, Вене і, магчыма, у Дрэздэне. Захаваўся ліст Фёдарава да саксонскага курфюрста Аўгуста, напісаны з Вены 23 ліпеня 1583. У канцы 1583 Фёдараў вернуўся ў Львоў, дзе захварэў і памёр. Пахаваны ў Ануфрыеўскім манастыры. На яго надмагільнай пліце, якая захоўвалася да 1883, быў выбіты надпіс: «Друкар кніг дагэтуль нябачаных».

Дзейнасць правіць

Выдаў, між іншага, «Апостал» (1563, у Маскве, разам з Пятром Мсціслаўцам), Евангелле Вучыцельнае (сакавік 1569, у Заблудаве, разам з П. Мсціслаўцам), граматыку-буквар (1574, у Львове), каляндар-паэму Андрэя Рымшы «Храналогія» (1580), «Астрожскую біблію» (1581), «Лексіс з талкаваннем славенскіх моў проста» (у тлумачальнай частцы змешчаны беларускі корпус лексікі) і інш.

Азбука 1578[4] правіць

Іван Фёдараў упершыню публікуе на яго старонках выдатны помнік старой балгарскай літаратуры — «Сказание, како состави святый Кирил Философ азбуку по языку словеньску и книги преведе от греческих на словеньский язык», шырока вядомае як «Паданне» Чорнарызца Храбра, якое шматбакова вывучана балгарскім даследчыкам Куё Куевым[5]. У Азбуцы ўпершыню ва ўсходнеславянскай кнізе друкуюцца паралельныя грэка-славянскія тэксты. Таксама упершыню з’яўляецца мастацка сфармаваны і адасоблены тытульны ліст.

Псалтыр і Новы запавет 1580[6] правіць

 
«Новы запавет» (Астрог, 1580)

Малафарматнае выданне. Прызначалася не для літургічнай практыкі, а для штодзённага чытання, у нейкай меры і для ўдасканалення навыкаў, атрыманых у працэсе асваення Азбукі 1578 г.

На экземплярах, якія захаваліся, трохі запісаў, што звязана з невялікім фарматам кнігі. Але сярод іх запісы, зробленыя кіеўскім мітрапалітам Пятром Магілай і львоўскім братчыкам Іванам Рагатынцам[7], якія з'яўляюцца каштоўнымі для нас сведчаннямі аб асабістых бібліятэках, досыць шырока распространненых ў той час у асяроддзі заможных і адукаваных людзей Рэчы Паспалітай.

У выданнях, упершыню, з’яўляецца гравіраваны на дрэве тытульная рамка, ўбранне якой узыходзіць да лютэраўскіх выданняў[8].

«Книжка собрание вещей нужнейших» (1580 год)[9] правіць

Адно з першых аўтарскіх выданняў у кнігадрукаванні кірыліцай. «Книжка» — першы ў гісторыі рускай бібліяграфіі і дакументалістыкі алфавітна-прадметны паказальнік, першы ў гісторыі славянскай літаратуры зборнік крылатых слоў і афарызмаў.

Зноскі

  1. https://web.archive.org/web/20190505105116/https://lia.lvivcenter.org/uk/objects/st-onuphrius-church/
  2. а б в г В. Русакевіч. Старабеларускія граматыкі, 2001.
  3. Першадрукар Іван Фёдараў нарадзіўся на Вілейшчыне Архівавана 11 лістапада 2013. //«Рэгіянальная газета»
  4. Grasshoff, H., Simmons, L.S.G. Iwan Fedorovs griechisch-russisch/kirchenslawishees Lesebuch von 1578 und der Gothaer Bukvar' von 1578—1580. — Berlin, 1969
  5. Куев, К. М. Черноризец храбр. — София, 1967; Сказания о начале славянской письменности. — М., 1981.
  6. Ісаєвич, Я. Д. Першодрукар Іван Федоров і виникнення друкарства на Україні. — Львів, 1975. — С. 85—90; Немировский, Е. Л. Начало книгопечатания на Украине: Иван Федоров. — М., 1964. — С. 113—124.
  7. Немировский, Е. Л. Острожские издания Ивана Федорова — выдающиеся памятники восточнославянской культуры / Е. Л. Немировский // Федоровские чтения, 1981: [доклады чтений, Львов и Острог (Ровенская область), сентябрь 1981 г.] / АН СССР, Научный совет по истории мировой культуры, Всесобзная ордена «Знак Почета» Книжная палата, Государственная Ордена Ленина библиотека СССР им. В. И. Ленина. — Москва: Наука, 1985. — 247 с. — С. 6. Спасылка на: ГИМ, Меньш. 1094; ГПБ, I. 5.37г
  8. Сидоров, А. А. Древнерусская книжная гравюра. — Москва: Издательство Академии наук СССР, 1951. — 396 с., 5 л. ил. — С. 106—110. — (История русского рисунка; Т. 1).
  9. Ісаєвич, Я. Д. Першодрукар Іван Федоров і виникнення друкарства на Україні. — Львів, 1975. — С. 85—90; Немировский, Е. Л. Начало книгопечатания на Украине: Иван Федоров. — М., 1964. — С. 90—93.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць