Іван Аляксеевіч Чарота
Іван Аляксеевіч Чарота (16 верасня 1952, Лышчыкі, Брэсцкая вобласць — 7 лістапада 2024) — беларускі славіст, перакладчык, літаратуразнавец, доктар філалагічных навук, прафесар, акадэмік Сербскай Акадэміі навук і мастацтваў, акадэмік Міжнароднай Славянскай Акадэміі навук, адукацыі, мастацтва і культуры, загадчык кафедры славянскіх літаратур БДУ.[1]
Іван Аляксеевіч Чарота | |
---|---|
![]() | |
Дата нараджэння | 16 верасня 1952 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 7 лістапада 2024 (72 гады) |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | перакладчык, літаратуразнавец, літаратурны крытык, славіст, гісторык культуры, грамадскі дзеяч, выкладчык універсітэта |
Навуковая сфера | літаратуразнаўства і крытыка[d] |
Месца працы | |
Навуковая ступень | доктар філалагічных навук |
Навуковае званне | |
Альма-матар | |
Член у | |
Прэміі | |
Узнагароды |
Біяграфія
правіцьНарадзіўся 16 верасня 1952 года ў в. Лышчыкі Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці.
З 1969 па 1974 год вучыўся на аддзяленні рускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння яго працаваў тры гады настаўнікам у Паляцкішскай сярэдняй школе Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці. У 1977 годзе прыняты на працу ў Белдзяржуніверсітэт, дзе займаў, адпаведна, пасады выкладчыка — старшага выкладчыка, дацэнта, а затым, прайшоўшы ў 1991—1994 гадах навучанне ў дактарантуры, стаў загадваць новастворанай кафедрай славістыкі (славянскіх літаратур). Кандыдацкую дысертацыю «Творчасць М. А. Шолахава і літаратурны працэс Югаславіі (1956—1986)» абараніў у ЛДПІ (Ленінград, 1986), доктарскую — «Беларуская літаратура ХХ стагоддзя і працэсы нацыянальнага самавызначэння» у БДУ (Мінск, 1998).
Перакладаў з сербскай, славенскай, македонскай, польскай і іншых моў на беларускую і рускую, а таксама з беларускай і рускай на сербскую. Заснавальнік, укладальнік і перакладчык серыі «Сербскае багаслоўе ХХ стагоддзя».[2]
Памёр 7 лістапада 2024 года[3].
Навуковыя працы і кнігі
правіцьСвае навуковыя інтарэсы І. А. Чарота засяродзіў на літаратурах і культурах славянскіх народаў. Даследуючы іх генетычныя, тыпалагічныя і кантактныя ўзаемадзеянні, ён сцвердзіўся як вядучы югаславіст Беларусі, аўтарытэтны спецыяліст у галіне параўнальнага літаратуразнаўства і культуразнаўства, аўтар каля 600 навуковых прац, сярод якіх кнігі «Беларуская савецкая літаратура за мяжой» (Мінск, 1988 — у сааўтарстве), «Пошук спрадвечнай існасці: Беларуская літаратура ХХ стагоддзя ў працэсах нацыянальнага самавызначэння» (Мінск, 1995), «Сербская Праваслаўная Царква» (Мінск, 1998), «Беларуская мова і Царква» (Мінск, 2000), «Косовская битва продолжается» (Мінск, 2000), «Антологиjа белоруске поезиjе», (Београд: 1993; 2-е выданне — 2012), «Югаславянскія казкі» (Мінск, 1999), «Антологиjа лирике источних Словена» (Београд, 2000), «Насустрач Духу. Анталогія беларускай хрысціянскай паэзіі» (Мінск, 2001), «Насустрач Духу. Анталогія беларускай хрысціянскай прозы» (Мінск, 2002), «Слово и Дух. Антология русской духовной поезии ХХ -ХХ вв.» (Минск, 2003, 2005, 2010), «Ні на небе, ні на зямлі. Казкі славянскіх народаў» (2013), «Српска књижевност. Антологија текстова. Књ.І -V» (Мінск, 2002—2007 — на сербскай мове), «Тэорыя і практыка мастацкага перакладу» (Мінск, 2012), «Испод крила роде. Антологиjа савремене белоруске поезиjе» (Подгорица, 2014), «Беларусы пра Сербію-Югаславію» (Мінск, 2015, « Белорусија и Србија: Трагом узајамног упознавања и деловања»(Шабац, 2016).[4]
Навукова-метадычная сфера
правіцьПрафесар І. А. Чарота з’яўляўся членам рэдкалегій 11 перыядычных выданняў (6 замежных), навуковым кансультантам Беларускай энцыклапедыі; сакратаром Біблійнай камісіі Беларускага Экзархата Рускай Праваслаўнай Царквы і выканаўчым рэдактарам часопіса «Праваслаўе».[5] У навукова-метадычнай сферы плён яго складаюць такія дапаможнікі, як «Советская литература в связях и взаимодействиях: Начала сравнительного и системного анализа» (Мінск, 1989), «Мастацкі пераклад на беларускую мову : Асновы тэорыі і практычныя рэкамендацыі» (Мінск, 1997), «Югаславянскія літаратуры і культуры» (Мінск, 1999 — у сааўтарстве), Праграма «Гісторыя славянскіх літаратур» (2000), «Гісторыя сербскай літаратуры. Практыкум» (2007).[6]
Погляды
правіцьУ 2015 годзе Чарота выступіў з артыкулам «Рэальнае супраць ідэальнага» на старонках расійскага шавіністычнага часопіса «Наш современник». На ягоную думку, «нарожны камень нацыянальнай сутнасці беларуса — рускасць». Чарота абураўся тым, што «сіламі публіцыстаў, ідэолагаў-прапагандыстаў, нядобрасумленных гісторыкаў у нас пудзілам зроблена „русіфікацыя“ 1860-х гадоў і нацыянальная палітыка савецкага перыяду», але мала гаворыцца пра паланізацыю.
Цяпер ужо русафобія трывала ўкаранілася ў свядомасці практычна ўсіх беларусаў, маладзейшых за 30 гадоў. Іх, можна сказаць, пераканалі, што быць беларусам азначае паслядоўна і катэгарычна дэманстраваць сваю асаблівасць і адасобленасць ад рускага народа, рускай гісторыі і культуры, недатычнасць да яе традыцый і духоўных каштоўнасцяў, вылучаць і абсалютызаваць адрозненні ў асноўных этнакультурных прыкметах, асаблівасцях нацыянальнага характару і г.д. |
Падтрымліваў і распаўсюджваў маргінальную антынавуковую тэорыю «малдаўскага перыяду» ў жыцці беларускага першадрукарам Францыска Скарыны на падставе фальшывых наіўных малюнкаў, прадстаўленых выхадцам Малдовы Юрыем Івановым[7].
Перакладчыцкая праца
правіцьЧлен Саюзаў пісьменнікаў СССР (адпаведна, Саюза пісьменнікаў Беларусі), а таксама Расіі і Сербіі; актыўна выступаў у друку як літаратуразнавец, крытык, эсэіст, публіцыст. Больш за дваццаць пяць гадоў узначальваў бюро секцыі мастацкага перакладу і літаратурных сувязяў Саюза пісьменнікаў Беларусі, займаецца перакладам з сербскай, харвацкай, славенскай, македонскай, польскай і іншых моў на беларускую і рускую, а таксама з беларускай і рускай на сербскую. Яго наробак — больш за 1200 друкаваных перакладаў, у тым ліку звыш 70 кніжных выданняў, сярод якіх творы наступных аўтараў: Патрыярх Сербскі Павел, Нікалай Веліміравіч, Юсцін Попавіч, Марка С. Маркавіч, Фадзей Штрбулавіч, Іва Андрыч, Браніслаў Нушыч, Радэ Драінац, Добрыца Чосіч, Нэвена Вітошавіч Чэкліч, Зоран Гаўрылавіч, Міра Радоевіч і Любадраг Дзіміч, Момір Лазіч, Драган Лакічавіч, Драгаслаў Міхаілавіч, Гроздана Олуіч, Горан Петравіч, Ліляна Хаб’янавіч-Джуравіч, Бена Зупанчыч, Прэжыхаў Воранц, Ёсіп Юрчыч, Драга Янчар і інш. Заснавальнік, укладальнік і перакладчык серыі «Сербскае багаслоўе ХХ стагоддзя», у якой ужо выйшла больш за чатыры дзесяткі кніг. Перакладзены І. А. Чаротам зборнік «Мовы ўсяго жывога: Сербскія народныя казкі» (Мінск, 2007) прызнаны найлепшай кнігай Беларусі ў галіне перакладу на 2008 год і адзначаны Нацыянальнай прэміяй.[8]
Узнагароды
правіць- Міжнародная прэмія імя К. Астрожскага (Польшча, 1999);
- прэмія Саюза пісьменнікаў Сербіі (2000);
- прэмія часопіса «Збиља /Reality» (СРЮ, Бялград, 2000, 2006);
- ордэн Прападобнага Сергія Раданежскага ІІІ ступені (РПЦ, 2002);
- памятны медаль Саюза славацкіх пісьменнікаў (2003);
- прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» (2003);
- ордэн Святога Савы III ступені (СПЦ, 2004);
- міжнародная прэмія імя Ф. М. Дастаеўскага (Сербія, 2007);
- залаты знак Культурна-асветнага таварыства Сербіі (2008);
- сусветная праваслаўная літаратурная прэмія «Багародзіца Трохручыца» (сербскі Фонд імя Іванкі Мілошавіч — Чыкага, ЗША, 2011);
- ордэн свяціцеля Кірыла Тураўскага ІІ ступені (БПЦ, 2012);
- міжнародная літаратурная прэмія імя Радэ Драінца (Сербія, 2014);
- міжнародная прэмія Фонда Карычаў (Сербія, 2014);
- сярэбраны медаль «За заслугі» (Сербія, 2014);
- медаль Аляксандра Пушкіна (РФ, 2015);
- грамата Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі (2017)[9];
- прэмія Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» (2019)[10].
Зноскі
- ↑ http://krytyka.by/by/page/talks/cultura-gutarki/9035 Архівавана 27 снежня 2017.
- ↑ http://sppsobor.by/life/news/news-vilna/9142
- ↑ Умер профессор Иван Чарота . Праверана 7 лістапада 2024.
- ↑ Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 13 лютага 2021. Праверана 22 лістапада 2018.
- ↑ https://philology.bsu.by/by/contacts/kafedra-slavyanskikh-litaratur/156 Архівавана 10 лютага 2021.
- ↑ Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 28 чэрвеня 2020. Праверана 22 лістапада 2018.
- ↑ Малдаўскі «нашчадак талкавінаў» дурыць усіх выдумкамі пра Скарыну. Але беларускі навуковец яму паверыў . Наша Ніва (17 лістапада 2024). Праверана 24 лістапада 2024.
- ↑ https://www.sb.by/articles/sluzhenne-slovam-spravay.html
- ↑ Свидетельство № 5-02/114 от 15 ноября 2017 года(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 16 кастрычніка 2021. Праверана 18 лістапада 2020.
- ↑ Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 19 лютага 2021. Праверана 16 студзеня 2019.
Літаратура
правіць- Іван Аляксеевіч Чарота // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995.
- Гардзіцкі А. К. Чарота Іван Аляксеевіч // Беларускія пісьменнік:Даведнік. Мінск, 1994. — С. 584.
- Гарэлік Л. М, Махнач Т. М. Чарота Іван //Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. Т. 6. — Мінск, 1995. — С. 275—277.
- Ляшук В. Я., Снітко Г. Н. Літаратура Берасцейшчыны. — Брэст, 1999. — С. 326, 368.
- Трус М. В. Чарота Іван Аляксеевіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн — С. 245.
- Б.п. Чарота Иван Алексеевич // Регионы Белоруссии. Энциклопедия. Т.1. Кн. 2. — Минск, 2009. — С. 453.
- Б.п. // Філалагічны факультэт. Да 70-годдзя заснавання. — Мінск : БДУ, 2009. — С. 133—136.
- Сибиновић М. Чарота Иван // Енциклопедија српског народа. — Београд, 2008. — С. 1249.
- Навойчык П. Чарота Іван Аляксеевіч // Гісторыя славянскіх літаратур і праблемы іх параўнальнага вывучэння: тэорыя і практыка. — Мінск, 2015. — С. 141—142.
- Штэйнер І. З любоўю да славянскага пісьменства // Полымя, 2017, № 9. — С. 39—42.