Іван Чыгрынаў
Іва́н Гаўры́лавіч Чыгры́наў (21 снежня 1934, в. Вялікі Бор, Касцюковіцкі раён — 5 студзеня 1996, Мінск) — беларускі пісьменнік, драматург, перакладчык, публіцыст. Народны пісьменнік Беларусі (1994).
Іван Чыгрынаў | |
---|---|
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 21 снежня 1934[1] |
Месца нараджэння |
|
Дата смерці | 5 студзеня 1996 (61 год) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Альма-матар | |
Месца працы | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | пісьменнік, публіцыст, драматург, перакладчык, літаратурны крытык, сцэнарыст, рэдактар |
Гады творчасці | 1958 — 1996 |
Кірунак | проза |
Мова твораў | беларуская |
Грамадская дзейнасць | |
Партыя | |
Член у | |
Прэміі | |
Узнагароды | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфія
правіцьНарадзіўся ў сялянскай сям’і. Бацька — Гаўрыла Чыгрынаў быў старшынёй сельсавета. Маці — Хадоска Ігнатаўна была працаўніцай-калгасніцай. У сям’і было шэсць дзяцей[2]. Бацька ўдзельнічаў у Другой сусветна вайне.
У 1940 годзе пайшоў у першы клас Вялікаборскай сямігодкі. Перажыў нямецкую акупацыю. У 1943 годзе, з заняццем усходу Магілёўшчыны Чырвонай арміяй, пайшоў у 2-і клас Вялікаборскай школы, якую скончыў у 1949 годзе. Далей вучыўся ў Саматэвіцкай сярэдняй школе, якую скончыў у 1952 годзе. Вучыўся разам з Аркадзем Куляшовым. Спрабаваў пісаць вершы[2].
У 1952 годзе паступіў на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ. У 1950-я гады быў супрацоўнікам газеты «Прыпяцкая праўда»[3].
У 1957 годзе скончыў універсітэт, працаваў рэдактарам, загадчыкам рэдакцыі літаратуры і мастацтва ў выдавецтве Акадэміі навук БССР. У 1965—1975 гадах рэдактар аддзела публіцыстыкі і нарыса ў часопісе «Полымя». З 1975 года намеснік старшыні, а ў 1976—1986 гадах — сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. У 1987 годзе абраны старшынёй праўлення Беларускага фонду культуры. З 1989 года галоўны рэдактар часопіса «Спадчына».
У 1978 годзе ў складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце XXXIII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1986—1990), старшыня пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета БССР па нацыянальных пытаннях і міжнацыянальных адносінах (1988—1990).
У 1988 годзе ўваходзіў у склад Дзяржаўнай камісіі па расследванні злачынстваў у Курапатах.
Народны пісьменнік Беларусі (1994).
Памёр 5 студзеня 1996 года, пахаваны на Усходніх могілках Мінска.
Сям’я
правіцьБыў жанаты з Людмілай Прохараўнай Чыгрынавай, дзве дачкі — Таццяна і Алена[4]. Таццяна Іванаўна Прановіч з 1984 года выкладае замежную літаратуру ў Інстытуце журналістыкі БДУ.
Творчасць
правіцьУ друку дэбютаваў вершам «Сон трактарыста» ў 1952 годзе, як празаік — у 1958 годзе (газета «Чырвоная змена»). Аўтар кніг апавяданняў і аповесцей «Птушкі ляцяць на волю» (1965), «Самы шчаслівы чалавек» (1967), «Ішоў на вайну чалавек» (1973), «Ці бываюць у выраі ластаўкі?» (1983).
Найбольш вядомы як аўтар пенталогіі раманаў: «Плач перапёлкі» (1972), «Апраўданне крыві» (1977), «Свае і чужыя» (1984), «Вяртанне да віны» (1992), «Не ўсе мы згінем» (1996).
Аўтар п’ес — «Дзівак з Ганчарнай вуліцы» (1986), «Следчая справа Вашчылы» (1988), «Чалавек з мядзвежым тварам» (1988), «Звон — не малітва» (1988), «Толькі мёртвыя не вяртаюцца» (1989), «Ігракі» (1989), «Прымак» (1994), кнігі крытыкі і публіцыстыкі — «Новае ў жыцці, новае ў літаратуры» (1983), «Паміж сонцам і месяцам» (1994). У 1984 годзе выйшлі выбраныя творы ў 3 тамах.
Адзін з аўтараў сцэнарыя шматсерыйнага тэлевізійнага фільма «Руіны страляюць…» (пастаўлены ў 1973).
Пераклаў з рускай мовы «Аптымістычную трагедыю » Усевалада Вішнеўскага.
Бібліяграфія
правіцьЗборнікі прозы
правіць- «Птушкі ляцяць на волю» (1965)
- «Самы шчаслівы чалавек» (1967)
- Ішоў на вайну чалавек» (1973)
- «Ці бываюць у выраі ластаўкі?» (1983)
Раманы
правіць- «Плач перапёлкі» (1972)
- «Апраўданне крыві» (1977)
- «Свае і чужыя» (1984)
- «Вяртанне да віны» (1992)
- «Не ўсе мы згінем» (1996)
П’есы
правіць- «Дзівак з Ганчарнай вуліцы» (1986)
- «Следчая справа Вашчылы» (1988)
- «Чалавек з мядзвежым тварам» (1988)
- «Звон — не малітва (1988)
- «Толькі мёртвыя не вяртаюцца» (1989)
- «Ігракі» (1989)
- «Прымак» (1994)
Кнігі крытыкі і публіцыстыкі
правіць- «Новае ў жыцці, новае ў літаратуры» (1983)
- «Паміж сонцам і месяцам» (1994)
Выбранае
правіць- «Выбраныя творы : У 3 т.» (1984)
- «Выбраныя творы» (2008)
- «Выбраныя творы» (2013)
Узнагароды
правіцьЛаўрэат Літаратурнай прэміі імя А. Фадзеева (1979) за раманы «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», Дзяржаўнай прэміі БССР (1974) як сааўтар сцэнарыя тэлефільма «Руіны страляюць…».
Узнагароджаны ордэнам «Дружбы народаў», Народны пісьменніка Беларусі (1994).
Памяць
правіцьУ гонар Івана Чыгрынава названы вуліцы ў Магілёве, Касцюковічах, Крапіўні.
Ганаровы грамадзянін Касцюковічаў[2]. На будынку сярэдняй школы № 6 г. Магілёва ўстаноўлена мемарыяльная дошка.
Крыніцы
правіць- ↑ Чигринов Иван Гаврилович // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
- ↑ а б в Беларускія пісьменнікі 1995, с. 297.
- ↑ Юбилей районной газеты — важное событие для всей Наровлянщины
- ↑ сегодня, СБ-Беларусь. У Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь адкрылася выстава “Іван Чыгрынаў. Пісьменнік і час”. . www.sb.by (15 снежня 2014). Праверана 6 лістапада 2023.
Літаратура
правіць- Чыгрынаў Іван // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1995. — Т. 6. Таталаў — Яфімаў. Дадатак. — С. 297—302. — 684 с.; іл.. — ISBN 985-11-0022-6.
- Беларускія пісьменнікі: 1917—1990. Уклад.: А. Гардзіцкі. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. ISBN 5-340-00709-X
Спасылкі
правіцьІван Чыгрынаў на Вікісховішчы |