Іван Юр’евіч

(Пасля перасылкі з Іван Юр'евіч)

Іван Юр’евіч (аг.-усх.-слав.: Иванъ Гюргевич; зг. 1170) — князь з дынастыі Ізяславічаў Тураўскіх.

Іван Юр’евіч
аг.-усх.-слав.: Иванъ Гюргевич
Нараджэнне не пазней за 1150
Смерць не раней за 1170
Род Ізяславічы Тураўскія
Бацька Юрый Яраславіч
Маці Ганна Усеваладкаўна[d]
Дзейнасць арыстакрат

Біяграфія правіць

Сын тураўскага князя Юрыя Яраславіча і Ганны, дачкі гарадзенскага князя Усеваладкі.

Належаў да першага пакалення тураўскіх князёў удзельнага часу, які пачаўся пасля смерці Юрыя Яраславіча паміж 1167 і 1174 гадамі, з крыніц вядомы Тураўскае, Пінскае і Дубровіцкае княствы.

Іван толькі аднойчы згадваецца Іпацьеўскім летапісам пад 1170 годам як «Юр’евіч Іван з Турава», калі дапамагаў князю Мсціславу Ізяславічу вярнуць кіеўскі сталец, з якога той быў сагнаны вялікім князем уладзімірскім Андрэем Багалюбскім[1]. У тым самым 1170 годзе ён удзельнічаў і ў паходзе супраць полаўцаў. На думку Алега Рапава, такая згадка не значыць, што Іван быў уладаром уласна Тураўскага княства або старэйшым князем Тураўскай зямлі, ён мог быць і ўладальнікам адной з тураўскіх валасцей[2]. Пётр Лысенка трымаецца супрацьлеглага меркавання, што згадка кажа пра Івана як уласна тураўскага князя ў 1170 годзе[3].

Старшынство Івана сярод Юр'евічаў выглядае сумнеўным, бо брат Святаполк ужо 1156/1157 годзе згадваецца як дарослы -- выконвае даручэнне Яраслава Асмамысла, даросласць тады лічылася з 14 гадоў, прынамсі са ўзросту здольнага да выканання даручэнняў, т.-б. Святаполк мусіў нарадзіцца неўзабаве па шлюбе Юрыя Яраславіча з Ганнай Усеваладкаўнай у 1144 годзе, а астатнія дзеці былі маладзейшымі.

Сярод пяці сыноў Юрыя Яраславіча трое згадваюцца крыніцамі як «Тураўскі» і «з Турава» — Святаполк, Іван і Глеб. Іван у гэтых згадках другі пасля Святаполка, які згаданы як «Тураўскі» ў 1162 годзе, яшчэ пры жыцці бацькі і да падзелу на ўдзелы, і памёр толькі ў 1190 годзе. Глеб жа ў 1183 годзе названы князем дубровіцкім.[3] Таму меркаванні пра княжанні сыноў Юрыя ў Тураве і іх парадак могуць быць толькі гіпатэтычнымі.

Таксама Іван згадваецца ў пазнейшым Васкрасенскім летапісе пад 1167 годам, і ў яшчэ пазнейшым Густынскім — пад 1168 годам, калі разам з іншымі князямі выступіў супраць полаўцаў, якія рабавалі на Дняпры купецкія караваны, што плылі з Візантыі.

Заўвагі правіць

  1. ЭГБ 1996, с. 464.
  2. Рапов 1977, с. 91.
  3. а б Лысенко 2004, с. 166—167.

Літаратура правіць

  • Іоў А. Іван Юр’евіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — С. 464. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
  • Лысенко П. Ф. Древний Туров / П. Ф. Лысенко ; Национальная академия наук Беларуси, Институт истории. — Минск: Беларуская навука, 2004. — ISBN 985-08-0615-X.
  • Рапов О. М. Княжеские владения на Руси в X — первой половине XIII в. — М.: Изд-во МГУ, 1977. — 268 с.