Ігар Дзмітрыевіч Бельскі

Ігар Дзмітрыевіч Бельскі (руск.: Игорь Дмитриевич Бельский; 28 сакавіка 1925 — 3 ліпеня 1999) — савецкі і расійскі артыст балета, харэограф, педагог. Лаўрэат Сталінскай прэміі (1951), Заслужаны артыст РСФСР (1955), Народны артыст РСФСР (1966).

Ігар Дзмітрыевіч Бельскі
Дата нараджэння 28 сакавіка 1925(1925-03-28)
Месца нараджэння
Дата смерці 3 ліпеня 1999(1999-07-03) (74 гады)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Прафесія танцор, харэограф, артыст балета, балетмайстар, балетны педагог
Тэатр
Прэміі
Сталінская прэмія
Узнагароды
ордэн Дружбы народаў
Народны артыст РСФСР Заслужаны артыст РСФСР
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія правіць

Ігар Бельскі нарадзіўся 28 сакавіка 1925 года ў Ленінградзе ў сям’і вядомых танцораў вадэвіля. Вучыўся ў Ленінградскім харэаграфічным вучылішчы (педагогі А. І. Бачароў і А. В. Лапухова). У 1942 годзе, яшчэ студэнтам, пачаў выступаць на сцэне Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета (ДАТОБ) імя С. М. Кірава, бо з-за вайны не хапала танцораў-мужчын. Афіцыйны яго дэбют адбыўся ў 1943 годзе пасля заканчэння вучылішча ў цыганскім танцы ў оперы «Русалка» і ў партыі Палаўчаніна («Князь Ігар»). У 1957 годзе скончыў акцёрскі факультэт ДІТІСа. У 1943—1963 гадах быў артыстам балета ў Тэатры імя Кірава.

У 1962—1973 гадах — галоўны балетмайстар Ленінградскага Малога тэатра, у 1973—1977 гадах — Тэатра імя Кірава, у 1977—1978 гадах — Каірскага балета, у 1979—1992 гадах — Ленінградскага мюзік-хола. У 1946—1966 гадах — выкладчык Ленінградскага харэаграфічнага вучылішча. У 1962—1964 і 1966—1999 гадах — педагог балетмайстарскага аддзялення Ленінградскай кансерваторыі, у 1982 годзе атрымаў званне прафесара. У 1992—1999 гадах мастацкі кіраўнік Акадэміі рускага балета імя А. Я. Ваганавай.

Атрымаў вядомасць як яркі характарны танцоўшчык, выканаўца гратэскавых і пантамімных партый. Адны з найлепшых яго партый: Шурале («Шурале» Ф. З. Яруліна; Сталінская прэмія, 1951) і Нуралі («Бахчысарайскі фантан» Б. В. Асаф’ева). Сярод іншых яго роляў: Мака («Сцежкай грому» К. Караева), Тыбальд і Север’ян («Рамэа і Джульета» і «Каменная кветка» С. С. Пракоф’ева), Эспада («Дон Кіхот» Л. Ф. Мінкуса). Праявіў сябе як балетмайстар-наватар. Паставіў на сцэне Тэатра імя Кірава «Бераг надзеі» А. П. Пятрова (1959) і «Ленінградскую сімфонію» на музыку Д. Д. Шастаковіча (1961), у якіх развіваюцца прынцыпы «танцавальнага сімфанізму» Ф. В. Лапухова. Сярод іншых яго пастановак у Ленінградскім Малым тэатры: «Канёк-Гарбунок» Р. К. Шчадрына (1963), «Адзінаццатая сімфонія» на музыку Шастаковіча (1966), «Шчаўкунок» П. І. Чайкоўскага (1969). Сярод выхаванцаў Бельскага артысты балета Мікалай Баярчыкаў, Ірына Генслер, Канстанцін Рассадзін і іншыя. Зняўся ў фільмах-балетах «Майстры савецкага балета», «Вялікі канцэрт», «Харэаграфічныя мініяцюры».

Памёр 3 ліпеня 1999 года ў Санкт-Пецярбургу ад інсульту. Пахаваны на «Літаратарскіх мастках» Волкаўскіх могілак Санкт-Пецярбурга.