Ігар Міхайлавіч Лучанок

беларускі кампазітар (1938—2018)
(Пасля перасылкі з Ігар Лучанок)

Іга́р Міха́йлавіч Лучано́к (6 жніўня 1938, Менск — 12 лістапада 2018, Мінск) — беларускі кампазітар і педагог. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1973), народны артыст Беларусі (1982)[2].

Ігар Міхайлавіч Лучанок
Асноўная інфармацыя
Дата нараджэння 6 жніўня 1938(1938-08-06)
Месца нараджэння
Дата смерці 12 лістапада 2018(2018-11-12)[1] (80 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Краіна
Альма-матар
Месца працы
Музычная дзейнасць
Прафесіі кампазітар, музычны педагог, кінакампазітар
Грамадская дзейнасць
Партыя
Член у
Прэміі
прэмія Ленінскага камсамола
Узнагароды
ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі ордэн Дружбы народаў Ордэн «Знак Пашаны» медаль «У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна» юбілейны медаль «70 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» ордэн Айчыны III ступені ордэн Францыска Скарыны
народны артыст СССР Народны артыст Беларускай ССР Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларускай ССР Заслужаны дзеяч культуры Польшчы
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Лагатып Вікіцытатніка Цытаты ў Вікіцытатніку

Біяграфія правіць

Нарадзіўся ў Менску ў сям’і лекара Міхаіла (Міхася) Лукіча Лучанка і настаўніцы Аляксандры Герасімаўны, якія пабраліся шлюбам у 1931 годзе. Жылі ў здымным пакоі ў доме па Ігуменскім тракце (цяпер вул. Маякоўскага). Праз 38 дзён пасля народзінаў сям’я пераехала ў пасёлак Пячэрск (Магілёўскі раён), бо бацька атрымаў накіраванне на працу ў Магілёўскую псіхіятрычную бальніцу. Да атрымання адукацыі ўрача ў Беларускім медыцынскім інстытуце бацька з 20 лютага 1926 года працаваў скрыпачом у Беларускім вандроўным тэатры пад кіраўніцтвам Уладзіслава Галубка[3]. Маці была родам з Бабруйска, паходзіла са шляхецкага роду Жукоў і скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «хімія і біялогія».

З лета 1940 года да канца чэрвеня 1941 года сям’я жыла ў Магілёве, у доме чыгуначнікаў на Першамайскай вуліцы. З нападам Германіі на СССР у час Другой сусветнай вайны (22 чэрвеня 1941) бацьку адправілі ваенным урачом 3-га рангу ў Гомель у складзе самаходнай лятучкі[удакладніць] № 710 для ратавання параненых. Калі пачаліся нямецкія бамбардзіроўкі Магілёва, вярнуўся з маці і сястрой Ларысай у пасёлак Пячэрск (цяпер частка Магілёва). У ліпені 1941 года з’ехаў з маці і сястрой у станіцу Марозаўская (Растоўская вобласць, РСФСР). Зімавалі на бліжэйшым хутары Бакланава. У пачатку 1942 года бацька перавёз сям’ю ў Сталінград, дзе некалькі дзён давялося начаваць на вакзале. Адтуль выехаў з сям’ёй у Сальск (Растоўская вобласць), куды бацьку накіравалі служыць ваенным урачом. Там пайшоў у 1-ы клас чыгуначнай школы № 9[4].

 
Мар’іна Горка, дом дзе ў 1946—1950 гадах жыў Ігар Лучанок.

На пачатку жніўня 1946 года вярнуўся з сям’ёй у таварным вагоне ў Беларусь, дзе бацька Міхаіл Лукіч пачаў працаваць урачом у чыгуначнай амбулаторыі на станцыі Пухавічы і атрымаў жытло[5]. Адвучыўся з 2-га па 5-ы класы ў Мар’інай Горцы (Пухавіцкі раён, Мінская вобласць), дзе яго сям’я жыла ў дзедавай хаце па вуліцы Фрунзэ, д. 73[6], якую бацька ў хуткім часе перавёз з вёскі Язоўкі. Ад бацькі атрымаў першыя ўрокі музыкі, для чаго той набыў акардэон-чвэрць, цымбалы і чорнае піяніна[3].

У жніўні 1950 года пераехаў на наёмную кватэру ў Мінск, дзе паступіў у 6-ы клас па цымбалах музычнай школы пры Дзяржаўным тэатры оперы і балета Беларусі[5]. Настаўнікам быў цымбаліст Аркадзь Астрамецкі, які стаў лаўрэатам 1-га Усесаюзнага агляду выканаўцаў на народных інстументах. У 1951 годзе бацькі самі пераехалі ў Мінск, дзе атрымалі пакой па вул. Фрунзэ, д. 3[3]. У 1952 годзе, у 14 гадоў быў залічаны ў Дзяржаўны народны аркестр БССР, якім кіраваў Язэп Жыновіч[7]. У 9-м класе застаўся на 2-і год, каб працягнуць навучанне па класе фартэпіяна[4] ў Рыгора Шаршэўскага. Затым паступіў у Рэспубліканскі ліцэй пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі па класе кампазіцыі[5] у Віктара Белага. У час навучання ў Беларускай кансерваторыі быў ленінскім стыпендыятам[3].

У верасні 1956 года стаў піяністам толькі створанага Львом Молерам джазавага ансамбля, які праз 5,5 месяцаў рэпэтыцый даў адзіны канцэрт, прысвечаны Дню Савецкай арміі, у мінскім Доме афіцэраў у прысутнасці маршала Сямёна Цімашэнкі. У 1961 годзе скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па класах кампазіцыі яе рэктара Анатоля Багатырова і піяніна Рыгора Шаршэўскага[7].

Па размеркаванні да 1962 года выкладаў у Гомельскім музычным вучылішчы, пасля чаго лекаваўся ў Есентуках (Стаўрапольскі край, РСФСР). Затым уладкаваўся на кафедру музыкі Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута. У 1963 годзе на прапанову рэктара Беларускай кансерваторыі Уладзіміра Алоўнікава здаў экзамены ў Ленінградскую кансерваторыю Дзмітрыю Шастаковічу[3]. У 1965 годзе скончыў асістэнтуру-стажыроўку Ленінградскай кансерваторыі пад кіраўніцтвам прафесара Вадзіма Салманава і ўступіў у Саюз кампазітараў Беларусі. У кастрычніку 1967 годзе пакінуў выкладанне на кафедры кампазіцыі Беларускай кансерваторыі (1300 гадзін) і паступіў у аспірантуру Маскоўскай кансерваторыі, якую скончыў у 1970 годзе пад кіраўніцтвам прафесара Ціхана Хрэннікава, старшыні Саюза кампазітараў СССР[7].

З 1980 годзе старшыня праўлення Беларускага саюза кампазітараў. У 1982—1986 гадах рэктар Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі[2]. У 1985 годзе песня «Майскі вальс» на яго музыку і словы Міхаіла Ясеня прагучала ў выкананні Яраслава Еўдакімава на Усесаюзным тэлефестывалі «Песня года»[8]. У лютым 1985 года стаў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 11-га склікання. У 1989—1991 гадах — дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР[3]. У 1993 годзе выступіў адным з ініцыятараў стварэння Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці; Таварыства народнай дыпламатыі.

За савецкім часам удзельнічаў у 3-х Сусветных фестывалях моладзі і студэнтаў у Берліне (Германская Дэмакратычная Рэспубліка), Гаване (Куба) і Маскве. На Кубе сустракаўся з Фідэлем і Раўлем Кастра[4]. Да 2012 года правёў 20 сольных канцэртаў у Маскве паводле сваіх твораў[6].

На 2016 год перанёс 3 клінічныя смерці[3]. У ноч з 1 на 2 лістапада 2018 года ў Ігара Лучанка адбыўся інсульт, з 2 лістапада знаходзіўся ў рэанімацыі ў аддзяленні неўралогіі Гарадской клінічнай бальніцы хуткай дапамогі Мінска. Памёр 12 лістапада 2018 года[9]. Развітанне з кампазітарам адбылося 14 лістапада ў мінскім Доме афіцэраў[10]. Пахаваны на Усходніх могілках[11].

Творчасць правіць

Працаваў у розных жанрах (вакальна-сімфанічным, камерна-інструментальным, камерна-вакальным). Найбольш плённа — у песенным. Асноўная вобразная сфера яго песеннай творчасці — лірыка-рамантычная. Ягонай музыцы ўласцівыя яркі меладызм і нацыянальная самабытнасць.

Яго дыпломнай працай сталі сімфонія (1961) і кантата «Курган» (1962) паводле аднайменнай паэмы Янкі Купалы, у далейшым перапрацаваная ў рок-оперу «Гусляр» (1971) для ансамбля «Песняры». Сярод яго асноўных твораў: кантаты «Салдацкае сэрца» (1962), «Невядомы салдат» (кандыдацкая дысертацыя, 1970) і «Зоры над соснамі» (1981); вакальна-сімфанічная паэма «Вайна не патрэбна» (1983), уверцюра-фантазія для сімфанічнага аркестра (1975), струнны квартэт, саната для габоя і фартэпіяна, саната і прэлюдыя для фартэпіяна; вакальныя цыклы «Сіні колер» (1965), трыпціх «Чалавеку патрэбна цішыня» (1966), балады «Апасіяната» на словы Эдзі Агняцвет (1969), «Авэ Марыя» на словы Міколы Алтухова (1973), цыкл рамансаў «О, Радзіма бацькоў» на вершы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Максіма Танка і Ніла Гілевіча (1980).

У 1966 годзе Ігар Лучанок упершыню праявіў сябе як самабытны кампазітар-песеннік[12]. На Усесаюзным конкурсе савецкай песні яго песня-балада «Памяць сэрца» (на словы паэта Міхала Ясеня) у выкананні Віктара Вуячыча атрымала першую прэмію (23 кастрычніка 1966 г., ст.журы Леанід Уцёсаў)[3]. Гэтая песня стала вяхой і вызначыла адну з важных тэм яго творчасці ў наступных песнях: «Хатынь», «Каб камяні маглі гаварыць», «Пісьмо з 45-га», «Курган Славы», «Старое кіно», «Майскі вальс». Кампазітар звяртаўся да творчасці многіх паэтаў: Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Аркадзя Куляшова, Максіма Танка, Пімена Панчанкі, Петруся Броўкі і інш., а таксама расійскіх паэтаў Роберта Раждзественскага, Яўгена Еўтушэнкі. Аўтар музыкі да песні «Авэ Марыя» на словы Зянона Пазняка, выкананне гурта Сябры[13]. Шчыра выказана любоў да Беларусі ў вядомых песнях «Мой родны кут», «Я хаджу закаханы», «Спадчына», «Жураўлі на Палессе ляцяць». Шырокае кола лірычных песень, такіх як «Вераніка», «Алеся», «Зачарованая мая»[12]. Стварыў таксама песні «Пакуль на Зямлі існуе каханне», «Дарагія мае землякі», «Світанак», «Белы бусел», «Мар’іна Горка» і інш. Агулам на творчым рахунку кампазітара больш як 300 песень. Некаторыя з песень Лучанка, як «Польку беларускую», слухачы лічаць народнымі[14].

Напісаў хоры, творы для эстраднага аркестра, музыку да драматычных спектакляў, радыё- і тэлепастановак, тэле- і кінафільмаў. Аўтар музыкі для дзяцей.

Сям’я правіць

У шлюбе з Аляксандрай (у дзявоцтве Чэканава), супрацоўніцай музычнай школы, меў двух дзяцей: дачку Святлану (музыкант) і сына Андрэя (юрыст)[4].

Прысвячэнні. Памяць правіць

 
Мемарыяльная дошка на доме, дзе правёў дзяцінства І. М. Лучанок у Мар’інай Горцы

У 2000 годзе галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка» Уладзімір Ліпскі выдаў кнігу «Басанож па зорках» (198 с.) пра Ігара Лучанка[4].

У 2020 годзе ў гонар Ігара Лучанка назвалі вуліцу ў Мінску. У 2021 годзе ў гонар Лучанка названа вуліца ў Мар’інай Горцы[15].

Узнагароды і званні правіць

Цікавыя факты правіць

Зноскі

  1. Igor Luchenok // https://historygreatest.com/belarusian-composer-igor-luchenok-died-at-80
  2. а б Іна Зубрыч. Лучанок // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1999. — Т. 9. — С. 378. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0155-9.
  3. а б в г д е ё ж Зінові Прыгодзіч. Ігар Лучанок: «Мая палітыка ― гэта мае песні» // Полымя : часопіс. — Верасень 2016. — № 9 (1043). — С. 145-158. — ISSN 0130-8068.
  4. а б в г д Уладзімір Фалалееў. Ігар Лучанок: «Я дапамагаю не толькі сябрам, але нават і ворагам». Настаўніцкая газета (27 ліпеня 2013). Архівавана з першакрыніцы 22 ліпеня 2015. Праверана 8 жніўня 2017.
  5. а б в Раіса Марчук. Кампазітар з вялікай літары // Літаратура і мастацтва : газета. — 21 чэрвеня 2013. — № 24 (4722). — С. 16. — ISSN 0024-4686.(недаступная спасылка)
  6. а б Ніна Шчарбачэвіч. «Усё гэта — ад Бога, мамы і трох кансерваторый» // Звязда : газета. — 16 мая 2012. — № 91 (27206). — С. 4. — ISSN 1990-763x.(недаступная спасылка)
  7. а б в Надзея Бунцэвіч. Так свецяць сонечныя промні // Культура : газета. — 2 жніўня 2008. — № 31 (849).
  8. Надзея Сербіненка, тэлеканал «Беларусь 1». У Мар'інай Горцы прайшоў фестываль песні і музыкі «Майскі вальс». Белтэлерадыёкампанія (17 мая 2016). Архівавана з першакрыніцы 14 ліпеня 2017. Праверана 8 жніўня 2017.
  9. Памёр Ігар Лучанок
  10. У Мінску развіталіся з Ігарам Лучанком ФОТЫ
  11. Развітанне з Ігарам Лучанком пройдзе 14 лістапада ў Цэнтральным Доме афіцэраў(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 13 лістапада 2018. Праверана 20 лістапада 2018.
  12. а б blr.belta.by Архівавана 16 лістапада 2018.
  13. «Авэ Марыя» — Алеся і Анатоль Ярмоленка «Сябры» 1993 г. . Праверана 25 верасня 2023.
  14. Ігар Лучанок адсвяткаваў 80-годдзе (руск.). zviazda.by (11 жніўня 2018). Праверана 25 верасня 2023.
  15. АНДРЕЕВА, Юлия. В Марьиной Горке появилась улица Лученка (руск.). www.sb.by (28 снежня 2021). Праверана 25 верасня 2023.
  16. Навіна: Асаналі Ашымаў стаў лаўрэатам прэміі СНД «Зоркі Садружнасці» Архівавана 18 ліпеня 2014.
  17. Нашаму земляку прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці»

Літаратура правіць

Спасылкі правіць