Іказненскі замак

Іказненскі замак — колішні замак у в. Іказнь.

Выява замка ў Іказні на карце ВКЛ 1613 г.

Гісторыя правіць

 
Замак у першай палове — сярэдзіне XVI ст. Мастацкая рэканструкцыя П. Татарнікава па матэрыялах М. Ткачова і М. Волкава.
 
Замак у 1590-я гг. Перабудова Льва Сапегі. Мастацкая рэканструкцыя П. Татарнікава па матэрыялах М. Ткачова і М. Волкава.
 
Замак і падзамча ў 1629 годзе. Перабудова Яна Станіслава Сапегі. Мастацкая рэканструкцыя П. Татарнікава па матэрыялах М. Ткачова і М. Волкава.

Замак і «места» Іказнь закладзены ў 1504 годзе браслаўскім старастам Іванам Сапегам[1] на падставе прывілея караля польскага і вялікага князя літоўскага Аляксандра Ягелончыка. У 1515 годзе маскоўскія войскі аблажылі замак і спалілі мястэчка. Польскі гісторык А. Гваньіні ў 2-й палове 16 ст. адзначаў, што «Іказнь — замак мураваны і места драўлянае… ад Браслава ў 2 мілях ляжыць». У Інфлянцкую вайну (1558—1583) Сапегі размясцілі ў 1561 г. у замку значны гарнізон наёмных войскаў. Пасля Яна Сапегі мястэчкам і замкам па частках валодалі князі Пронскія, Страбоўскія, Сіняўскія і Езлавецкія. Апошнія ў 1589 годзе прадалі замак разам «з арматамі і стрэльбамі» Яну Сапегу за 15 тыс. злотых. У 1654 годзе замак быў узяты, а мястэчка разрабавана маскоўскімі войскамі. Разбурэнне замка прыпадае на перыяд Паўночнай вайны 1700—1721, у якой Сапегі прынялі бок С. Ляшчынскага і шведскага караля Карла XII.

Аріхтэктура правіць

Займаў паўднёва-ўсходні край вострава Замак на возеры Іказнь. Узвышаная частка пагорка (55х30 м) з поўначы і ўсходу была абведзена мурам таўшчынёй 2 м, складзеным з валуноў і цэглы ў тэхніцы паласатай муроўкі. Заходні бок ахоўваўся гліняным валам, на якім былі драўляныя сцены. На паўднёвым краі замкавага пагорка стаяла мураванае збудаванне (20х18 м, таўшчыня сцен 2 м) з цэглы і валуноў, зробленае ў адной тэхніцы з мурам. У паўднёвым куце пагорка на курганападобным насыпе стаяла драўляная вежа. На ўсходнім рагу замка ўзвялі пяцівугольную вежу-рандэль з валунна-цаглянымі сценамі таўшчынёй 2 м. Схілы замкавага пагорка амаль да самай вады былі забрукаваны. Уезд у замак размяшчаўся па цэнтры заходняй сцяны. Падыходы да замка і ўсю астатнюю тэрыторыю вострава займаў падзамак. З поўдня і паўдневага-захада ён быў абнесены земляным валам вышынёй каля 2 м з драўлянымі канструкцыямі на ім. Пад замкам, у паўночным-заходнім баку, знаходзілася сажалка (47 х 17 м) для рыбы, злучаная спецыяльнай пратокай з возерам. Дно і бераг яе былі абкладзены камянямі і тоўстымі дошкамі. Цераз сажалку да замкавай брамы вёў драўляны мост. З берагам замак быў злучаны сканструяваным на чаўнах драўляным мостам, які ў выпадку ваеннай небяспекі лёгка і хутка разбіраўся.

Даследаванне правіць

У час археалагічных даследаванняў замка і падзамка (1971 і 1989 гг., М. А. Ткачоў) знойдзена кераміка 16—17 ст., паліваны і непаліваны посуд, размаляваныя талеркі, гаршчкападобная і багата аздобленая каробчатая (тэракотавая і паліваная) кафля, двухзубы відэлец, нажы з драўлянымі накладнымі тронкамі, гліняны тыгель са слядамі свінцу і інш. У ходзе падводных археалагічных даследаванняў пад сценамі замка выяўлены абломкі керамікі 16—17 ст., паліваная кафля 17 ст., баявая сякера 16 ст., драўляныя чаўны-даўбёнкі наплаўнога моста, затопленыя на дне праліва паміж берагам і замкам, верагодна, у 17 ст.

Зноскі

  1. Гісторыя беларускага мастацтва: У 6 т.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць