Іканапіс Беларусі
Іканапіс, пісанне абразоў (ікон) — від жывапісу (пераважна сярэдневяковага), рэлігійнага па тэматыцы і сюжэтах, культавага па прызначэнні. Найбольш характэрны для ўсходняга хрысціянства. Узнік і развіваўся як важны элемент візантыйскай культуры і рэгіёнаў, мастацтва якіх зведала яе ўплыў. На Беларусі іканапіс узнік з прыняццем хрысціянства. Да XVI ст. развіваўся на аснове візантыйскіх традыцый, паступова засвойваў рэалістычныя рысы заходнееўрапейскага сакральнага мастацтва[1].
XV—XVI стагоддзі
правіцьЖывапіс Беларусі XV—XVIII стагоддзяў — арыгінальная з’ява ў еўрапейскім мастацтве. Адна з найцікавейшых яго асаблівасцей — паралельнае існаванне на працягу гэтага перыяду іканапісу, алтарнай карціны і свецкага жывапісу. Прычына гэтага караніцца ў абставінах гістарычнага развіцця Беларусі, размешчанай на стыку лацінскага Захаду і праваслаўнага Усходу, што ў сваю чаргу садзейнічала ўзнікненню цесных сувязей мастацтва як са старажытнарускай, так і заходнееўрапейскай культурай. У XVI — 1-й пал. XVII ст. склалася самабытная беларуская іканапісная школа, якой характэрна візантыйская духоўная і іканаграфічная аснова ў спалучэнні з рэальнасцю вобразаў, уключэннем ў біблейскія сюжэты этнаграфічных элементаў, простанароднасць тыпажу, пэўная мастацкая свабода выканаўцаў.
Адзін з найбольш ранніх вядомых твораў «Маларыцкі абраз Божай Маці» спалучае асноўныя рысы сярэдневяковага мастацтва з элементамі рэнесансу: светлы каларыт, арнаментыка, якая дапамагае выявіць аб’ём, лірычнасць вобразнага ладу[2].
Сувязі са старажытнарускай культурай добра адчувальныя ў іканапісе XV—XVI стагоддзяў. У традыцыях старажытнарускага мастацтва выкананы цудоўныя па мастацкай выразнасці работа XVI ст. «Маці Божая Адзігітрыя Іерусалімская» ў Варварынскай царкве горада Пінска, якая па сілуэту, прыгажосці, каларыту, музычнасці ліній пераклікаецца з работамі славутага Дзіанісія, і помнік XVI ст. «Маці Божая Адзігітрыя» (тыпу Пераўлепты) з Пакроўскай царквы с. Губінка.
Адначасова ў жывапісе Беларусі выяўляюцца кантакты з заходнееўрапейскім мастацтвам: у абразах, вядомых па фотаздымках канца XIX — пачатку XX ст., «Ануфрый з прыпадаючым мсціслаўскім князем Ю. Ю. Лугвенічам» (1407), «Маці Божая Замілаванне Жыровіцкая» (1470). Апошняя работа, па характарыстыцы Н. Кандакова , захавала больш італьянскі характар, чым усе грэка-італьянскія пераводы дадзенага тыпу. Гэты ж вучоны лічыў, што яна ў ліку вялікай серыі абразоў у XV ст. перайшла з Балканскага паўвострава праз Паўднёвую Русь ў Вільню (Вострабрамская), Мінск, Гродна, Жыровічы.
Абраз канца XV — пачатку XVI ст. «Маці Божая Адзігітрыя» са Слуцкага раёна прыклад таго, як адначасова з засваеннем традыцый старажытнарускага мастацтва бачны сувязі з італьянскай і так званай італа-крыцкай школай жывапісу канца XV — пачатку XVI ст., што праяўляюцца ў арнаменце ляпнога німба.
Значны ўплыў на культуру Беларусі аказала паўднёваславянскае мастацтва. У канцы XV—XVI ст. наступіў перыяд інтэнсіўнага пранікнення ў Беларусь і на Украіну паўднёваславянскіх рукапісаў, кніг і заходнееўрапейскіх свецкіх рукапісных помнікаў, з Сербіі перасялялісл мастакі. У XVI ст. з Балкан у Беларусь прывозілі і старадрукаваыыя кнігі, гравюры якіх сталі выкарыстоўвацца мясцовымі майстрамі як кіраўніцтва для малявання — кужбушкі.
Іканаграфічная схема «Параскевы» са Случчыны ўзыходзіць да гравюры «Петка» з кнігі «Мікея выбраная», выдадзенай калоніяй сербаў у Венецыі ў 1538 годзе. Беларускі мастак захаваў прапорцыі і абрыс фігуры, але значна пераасэнсаваў гэтую гравюру. У гэтым помніку сярэдзіны — другой палавіны XVI ст. упершыню з'явіўся разны раслінны фон, малюнак якога бярэ пачатак у рэнесансных італьянскіх тканінах. Важныя зрухі адбыліся ў разуменні мастаком глыбіні, аб'ёму. На змену былой графічнасці прыходзіць мяккая мадэліроўка складак адзення, якія падкрэсліваюць аб'ёмнасць фігуры. У аснову адлюстравання твора пакладзены натуральны малюнак.
XVII—XVIII стагоддзі
правіцьНайбольш раннімі датаванымі абразамі XVII ст. з'яўляюцца «Маці Божая Адзігітрыя» і «Хрыстос Уседзяржыцель» з Палесся. Яны істотна адрозніваюцца ад абразоў XV—XVI стагоддзяў больш жывапіснай прапрацоўкай складак адзення, смелым спалучэннем колеру, новым падыходам у прапісцы лікаў. У гэтым бачна значнае адступленне ад традыцый старажытнарускага іканапісу. Пры манументальнасці і велічнасці кампазІцыі ў арнаментыцы ўжо добра адчуваюцца элементы новага стылю — барока.
Сярод твораў XVII ст. адзіным падпісным помнікам з'яўляецца работа Пятра Яўсеевіча «Нараджэнне Маці Божай» (1649), што да 1918 года знаходзілася ва Успенскай царкве Магілёва. Захаваўшы прыём выканання разнога арнаменту, характэрны для XVI ст., Пётр Яўсеевіч смела паказаў архітэктурны пейзаж за кратамі акна, убачаныя ў жыцці бытавыя рэчы: керамічны і драўляны посуд, драўляны ложачак на колцах, падушкі з навалачкамі, упрыгожанымі прошвамі, гарлач з палявымі кветкамі на стале, наміткі на галовах Ганны, бабак, кашалёк, прышпілены да пояса адной з іх, стварыўшы этнаграфічна дакладную перадачу рэчаў сялянскага побыту Магілёўшчыны.
Рэалістычныя тэндэнцыі назіраюцца і ў абразе «Ілья» (1668) з Ільінскай царквы Крычава. Мастак, стварыўшы яго, адыходзіць ад іканапіснага вырашэння ў ліку святога, паказваючы яго як селяніна са зведзенымі да пераносся бровамі, шчыльна сціснутым ротам, здзіўлена раскрытымі вачамі.
Адметная рыса беларускага мастацтва — імкненне да ўзорыстасці, арнаментыкі — бачна ў помніку першай палавіны XVII ст. «Маці Божая Адзігітрыя Неўвядальны цвет» з в. Басценавічы на Мсціслаўшчыне, у якім шырока і смела ўведзены барочны арнамент. Ім упрыгожаны поручы, мафорый, карона і фон. Апрача таго, жывапісец абрамляе палі абраза драўлянымі накладкамі з «камянямі». Падобнае разбурала плоскаснасць абразоў, сімвалічнасць зместу і мастацкай мовы і сведчыла аб развіцці рэалістычных тэндэнцый у жывапісе.
Рэалізм і барочная арнаментыка фонаў, палёў, адзення праніклі ў іканапіс Беларусі сярэдзіны — другой палавіны XVII ст. і апасродкаваны праз гравюры з беларускіх, украінскіх старадрукаваных кніг, заходнееўрапейскіх выданняў.
Характэрная для барока павышаная ўвага да перадачы глыбіні, элеметаў ілюзіянізму адлюстравалася ў работах іканапісца, якога Надзея Фёдараўна Высоцкая назвала «маларыцкім майстрам», таму што з царквы ў Маларыце былі вывезены абразы «Ператварэнне» (1648) і «Пакровы» (1649), вельмі блізкія па часе і манеры выканання.
Яму ж належыць «Успенне» (1650) з вёскі Олтуш. Ложа Маці Божай засланае чырвонай посцілкай з залатым раслінным аздабленнем, падобным да арнаменту разьбяных фонаў беларускіх абразоў, апушчаны ўніз амаль да рамкі абраза. Марыя ў сіняй сукенцы і пурпурным мафорыі ляжыць на белым прасцірадле з карункамі. Вочы заплюшчаны, рукі складзены на грудзях. Абапал двума роўнымі радамі стаяць басаногія апосталы, Пётр як бы выдзелены тым, што злёгку абапіраецца на ложа. Апрача апосталаў, прысутнічаюць тры свяціцелі і невядомы малады персанаж (адзіны без німба). Над ложам у асістэнцыі двух анёлаў стаіць Хрыстус у сінім хітоне і чырвоным гімаціі, трымаючы на гімаціі, як на пеляне, спавітую ў белае фігурку. Над Ім зліваецца з залатым фонам абраза залатое ззянне з язычковым поясам, над Ёю лунае шасцікрылы серафім. Над галовамі апосталаў узвышаюцца рэнесансавыя будынкі з вежамі, аркамі і галерэямі. Вышэй размешчаны двума радамі паясныя выявы апосталаў і анёлаў на высветленых блакітных воблачках. Адно з іх падплывае да нябеснай сферы, дзе ўжо сядзіць Багамаці, Якая падае свой пояс апосталу Тамашу. У самым нізе адбываецца пакаранне Аўфонія. Арханёл (у жоўтай туніцы і ботах, сініх нагавіцах, зялёным плашчы, з блакітнымі крыламі) узняў вялікі меч. Аўфоній (з адсечанымі рукамі, у шэра-малінавым халаце, чалме, белай палярыне накшталт старазапаветнай пектаралі і панчохах) нязграбна кідаецца да ложка[3].
Апакаліптычная бітва анёла з сатаною — адзін з любімых сюжэтаў мастакоў рэнесансу і барока (ён даваў магчымасць ствараць маляўнічыя дынамічныя сцэны). На абразе «Успення» з Олтуша анёл адсякае рукі Аўфонію. Цікава, што «меч гневу Божага» крыху выгнуты і нагадвае па форме шаблю, характэрную для свайго часу. «Актуалізавана» і адзенне анёла, асабліва блізкія да мясцовых жоўтыя скураныя боты і запраўленыя ў іх сінія штаны. Арханёл убраны дасканала: паверх кароткага жоўтага (што сімвалізуе золата) хітона — светла-шэры металёвы панцыр, аздоблены мальтыйскім крыжам, і зялёны плашч, сцягнуты на грудзях. Анёл толькі што зляцеў з неба, і яго крылы яшчэ ўзнятыя ўгору. У тым жа сюжэце з Крычава (апошняя чвэрць ХVІІ ст.) анёл адсякае рукі Аўфонію традыцыйным мячом, трымаючы ў левай руцэ ножны. Адзеты ў колеры Хрыста — цёмна-зялёны хітон, расхінуты пурпуровы плашч, змацаваны на правым плячы, і разам з тым — сінія штаны і жоўтыя боты. Сцэна пакарання Аўфонія статычная, як і ўвесь абраз (нагамі арханёл яшчэ толькі датыкаецца зямлі, крылы ўжо апушчаныя). Па духу абраз бліжэй да рэнесансавага мастацтва, барока ў ім не адчуваецца. Агульным высветленым каларытам «Успення» (1730) з Бешанковічаў вызначаны разбелены колер салатавага хітона і залатой тунікі на амаль басаногім арханёле, які ўзняў караючы меч над Аўфоніем.
ХІХ—ХХІ стагоддзі
правіцьАпакаліптычны сюжэт бітвы арханёла Міхала з шатанам захаваў прыцягальнасць для мастакоў ХІХ і ХХ стагоддзяў. У празрыстым каларыце і дзіўных выяўленчых дэталях алтарнай карціны у белагрудскім касцёле Святога Міхаіла Арханёла (1907) праглядваюць рысы мадэрну. Шэра-зеленаваты д’ябал ляжыць, скурчаны, на скалістым краі бездані. Яго аголеная фігура і непрывабны чалавечы твар з незвычайнымі барановымі рагамі, крылы, падобныя на нейкія расліны як бы сімвалізуюць барацьбу з хібамі нашай грахоўнай натуры. Міхал з узнятым мячом і вагамі ледзь-ледзь датыкаецца нагой да пачвары, ужо пераможанай адным з’яўленнем нябеснага воіна. Мяркуючы па падобных іконаграфічных дэталях у алтарнай карціне з гродзенскай катэдры, існаваў нейкі тагачасны прататып, які натхняў абодвух мастакоў[4].
З моманту з'яўлення іканапіснай школы, традыцыя напісання лікаў святых для ўпрыгожання храмаў захавалася да XXI стагоддзя.
З тэматыкай хрысціянства цесна звязана творчасць Ядвігі Сянько. Абраз «Кацярына Александрыйская» быў напісаны ёй для касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Будславе ў 2017 годзе. Лік святой прадстаўлены ў паясной выяве, аклад у іконе адсутнічае[5].
Гл. таксама
правіцьЗноскі
правіць- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — 604 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7).
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).
- ↑ media.catholic.by
- ↑ Аханёлы над Беларуссю
- ↑ Городецкая А.И., Особенности развития современной белорусской школы иконописи
Літаратура
правіць- Іканапіс Беларусі XV—XVIII стагоддзяў / Аўтар тэксту і складальнік Н. Ф. Высоцкая. — Мн.: Беларусь, 1992.
- Пуцко В. Г. Белорусская иконопись XVI—XVIII вв. на путях европеизации и фольклоризации // Белорусский сборник, № 3. Минская духовная семинария Архівавана 3 лютага 2024.