Абраз Маці Божай Вастрабрамскай

Хромалітаграфія ХІХ стагоддзя
Маці Божая Вастрабрамская

Абраз Ма́ці Бо́жай Вастрабра́мскай — адна з галоўных хрысціянскіх святынь Беларусі і Літвы, цудатворны абраз Маці Божай, які знаходзіцца ў віленскай Вострай браме. Адносіцца да рэдкага тыпу выявы Багародзіцы без дзіцяці на руках. Шануецца хрысціянамі ўсіх канфесій.

ГісторыяПравіць

Хто намаляваў абраз, невядома. Некаторыя прыпісваюць аўтарства кракаўскаму мастаку Лукашу, які намаляваў падобны абраз у 1624 годзе для касцёла Божага Цела ў Кракаве. Па адной з версій абраз адлюстроўвае знакамітую прыгажуню XVI стагоддзя Барбару Радзівіл. Гісторык Тэадор Нарбут ва ўласцівай яму манеры, са спасылкай на невядомы нікому рукапіс, выказаў у 1839 годзе здагадку, што абраз быў прывезены вялікім князем Альгердам з Крыма. Гэта дало падставу рускім гісторыкам і праваслаўным пісьменнікам развіваць гіпотэзу аб праваслаўным паходжанні абраза, быццам бы вывезенага з царквы ў Корсуні.

Дэталёвае даследаванне і кансервацыя іконы былі праведзены Янам Руткоўскім у 1927 годзе перад яе каранацыяй. Па тэхніцы, грунтоўцы і саставу фарбаў вызначана, што ікона створана ў другой палавіне XVI стагоддзя, верагодна італьянскім мастаком.

АпісаннеПравіць

Абраз змешчаны ў капліцы Вострай брамы ў пачатку XVII стагоддзя. Праслаўлены вобраз Мадонны намаляваны на дубовых дошках таўшчынёй 2 см тэмпернай тэхнікай на клеева-крэйдавай аснове. Памер 165 × 200 см.

Постаць Маці Божай цалкам закрыта бліскучай залатой сукенкай каля 1671 года. Відаць толькі выразны твар і складзеныя накрыж рукі. На самой іконе Вастрабрамская Маці Божая намалявана ў чырвонай туніцы. Шыя закручана шалем, а на галаве белая хустка. Усю постаць Марыі ўкрывае зеленавата-блакітны плашч, свабодна накінуты на галаву і плечы. Фон абраза мае бронзавае адценне. Сярэбраны паўмесяц з выгравіраваным надпісам «Дзякуй Табе Маці Божая за мае выслуханыя просьбы і прашу Цябе Маці Міласэрнасці захавай мяне ў ласцы», які знаходзіцца ў ніжняй частцы абраза, — вота з 1849 года. На галаве ў Багародзіцы дзве пазалочаныя кароны са срэбра, накладзеныя адна на другую: адна барочная, другая ў стылі ракако.

КаранацыяПравіць

Урачысты акт каранацыі па дэкрэту папы рымскага Пія XI, які ў 1920 годзе ў якасці апостальскага нунцыя служыў святую імшу ў капліцы Вострай брамы, адбыўся 2 ліпеня 1927 года перад кафедральным саборам у Вільні ў прысутнасці іерархаў каталіцкай царквы і дзяржаўных кіраўнікоў Польшчы, у склад якой у той час уваходзіў Віленскі край. У 1928 годзе ікона Маці Божай Вастрабрамскай змешчана ў адмысловы кантэйнер, які ахоўвае яе ад пажараў і злодзеяў.

Творы мастацтваПравіць

Маці Божая Вастрабрамская і Вострая брама ўслаўлены ў вершах (напрыклад, пачатак паэмы «Пан Тадэвуш») і карцінах беларускіх, літоўскіх, польскіх паэтаў і мастакоў.

Гл. таксамаПравіць

ЛітаратураПравіць

СпасылкіПравіць