Ілья-душ-Тыгрэс (парт.: Ilha dos Tigres) — востраў каля паўднёва-заходняга ўзбярэжжа Афрыкі. Найбуйнейшы востраў Анголы. Агульная плошча — 98 км². Сталага насельніцтва няма.

Ілья-душ-Тыгрэс
парт. Ilha dos Tigres
Касцёл на востраве
Касцёл на востраве
Характарыстыкі
Плошча98 км²
Насельніцтва
  • 0 чал.
Размяшчэнне
16°34′25,50″ пд. ш. 11°41′55,90″ у. д.HGЯO
АкваторыяАтлантычны акіян
Краіна
Ілья-душ-Тыгрэс (Ангола)
Ілья-душ-Тыгрэс
Ілья-душ-Тыгрэс
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Геаграфія правіць

Востраў Ілья-душ-Тыгрэс месціцца за 9,45 км ад паўднёва-заходняга берага Анголы. Выцягнуты з поўдня на поўнач на 21,13 км. Найбольшая шырыня — 6,05 км.

Прастора паміж востравам і мацерыком уяўляе сабою плыткаводдзе з назвай Бая-душ-Тыгрэс. Яно, як і востраў, узнікла ў выніку моцных прыбояў, што ўтварае акіянічная прахалодная плынь, якая рухаецца з поўдня на поўнач уздоўж берагоў Афрыкі. Востраў сфарміраваны адносна нядаўна з асадкавых парод і пяску, прыбітых да плыткаводдзя хвалямі. Партугальскія маракі XV ст. не ўзгадвалі яго падчас даследавання ўзбярэжжа. Паверхня пакрыта пясчанымі выдмамі. Найвышэйшы пункт не перавышае 30 м.

Клімат мяккі сухі, характэрны для паўночнай часткі пустыні Наміб. Улетку тэмпература часцяком бывае вышэй за +30 °C, але ўзімку яна можа апускацца ніжэй за +10 °C. Найбольш вільготны месяц — студзень, калі выпадае да 150 мм ападкаў. У гэты перыяд над паверхняй зранку фарміруюцца туманы. Але ад мая да верасня надвор’е надзвычай сухое. На востраве існуе недахоп крыніц прэснай вады.

Прырода правіць

Ілья-душ-Тыгрэс прыцягвае шматлікіх птушак, у тым ліку пеліканаў, сяўцоў, гарбатак. На беразе спыняюцца цюлені.

Гісторыя правіць

Бераг у раёне Бая-душ-Тыгрэс быў адкрыты партугальскай экспедыцыяй на чале з Дыёгу Кау ў 1486 г. Востраў Ілья-душ-Тыгрэс з’явіўся на галандскіх навігацыйных картах толькі ў XVII ст. Па адной версіі, назва была дадзена з-за рознакаляровых выдмаў, што нагадвалі скуру тыгра. Паводле іншай, назва замацавалася з-за грукату хваляў, падобнага на рык гэтай жывёлы.

У 1860 г. партугальскія рыбакі заснавалі на востраве паселішча Сан-Марцінью. У 1968 г. яго насельніцтва моцна пацярпела з-за шторму, які разбурыў вадаправод праз Бая-душ-Тыгрэс. У 1974 г. паселішча было канчаткова пакінута жыхарамі напярэдадні абвяшчэння незалежнасці Анголы. Хаця прадстаўнікі ўрада краіны распрацоўвалі праекты па ўзнаўленню паселішча і лову рыбы, з-за недахопу фінансавання яны не рэалізоўваліся.

Спасылкі правіць